Колішні вакаліст гурта IQ48 нагадаў пра сябе сольным праектам, у якім паспрабаваў спалучыць рэп з этна-музыкай. І хоць Фройд ад’ехаў усяго толькі ў Маскву, такое адчуваньне, што ўсе гэтыя шэсьць гадоў ён знаходзіўся на іншай плянэце.
Альбом “Хто тут?” быў бы да месца недзе ў сярэдзіне 90-х, калі такая зьява, як беларускамоўны рэп, выглядала поўнай экзотыкай. Тады можна было б дараваць кволыя аранжыроўкі, вузкасьць тэмаў, малы слоўнікавы запас (што для рэпера сьмерць, для беларускага рэпера магло быць даравальна) ды пясок у роце: маўляў, чаго вы на яго лаецеся, ён нішу знайшоў і нясе нашую культуру ў нябачаныя раней далячыні. Але ў 2011 годзе такога ўзроўню прадукт выклікае хіба што паблажлівую ўсьмешку. Нават пры тым, што “Пан-Жыжма” знайшоў такі нішу. Гэта такі рэп-лубок з рыфмоўкамі тыпу: “Калодзеж глыбокі, а я адзінокі” (“Галя”) ды недарэчнымі жартачкамі чамусьці з Чэлентана (“Чэ”). Вобраз Фройда выглядаў у прынцыпе прымальна ў часы IQ48 (як “Таполі”, напрыклад), але тут ён паўстае поўным недарэкам-няўмекам (“Каля…”, “Паца-ваца” ды інш.), а яго вакальныя шчыраваньні выглядаюць на п’яныя завываньні ў правінцыйным караоке-бары. Фішка страчаная незваротна. Што някепска ўдалося Фройду ў альбоме, дык гэта дзьве песьні эмігранцкай тэматыкі (“Журавы”, “Ружа-кветка”) ды стыраная ў Postscriptum “Плачка” (тут – “Лялечка”), якую выцягвае паўзабыты голас Юлі Белізяк. У астатнім альбом — з шэрагу “схаваць і нікому не паказваць”.
Паслухаць і спампаваць “Хто тут?” можна тут. http://beldol.com/?page_id=240
Ідэя: 8
Выкананьне: 3
Тэксты: 2
Запіс: 3
Аздабленьне: 5
Сяргей Будкін