Пасольства Швецыі ў Мінску сумесна з Цэнтрам шведскіх даследаванняў праводзіць прэзентацыю беларускага перакладу рамана шведскага пісьменніка Мікаэля Ніемі “Папулярная музыка з Вітулы”. Прэзентацыя адбудзецца 20 кастрычніка ў 17:30 у актавай зале філалагічнага факультэта БДУ.
Раман Мікаэля Ніэмі выйшаў у Швецыі ў 2000 годзе. Яго першапачатковы наклад складаў 4000 асобнікаў, праўда, сам пісьменнік лічыў, што нават такая колькасць была залішняй. Але кніга адразу зрабілася бестселерам, і на дадзены момант у Швецыі прададзена ўжо больш за 800 000 асобнікаў. Акрамя таго, раман быў перакладзены на 25 моваў. Па-беларуску ж “Папулярную музыку з Вітулы” перастварыла Вольга Цвірка.
Чытач трапляе ў 1960 – 70-ыя гады, у маленькі паўночны гарадок Паяла на мяжы Швецыі і Фінляндыі. Тут асфальтуюць дарогі, адмірае сямейнае земляробства, і ў жыццё гарадка ўрываецца рок-н-рол. Аднак старэйшае пакаленне супрацівіцца новаўвядзенням, адцягваючы ўваход сваёй мясцовасці ў сучаснасць. Галоўныя героі рамана – Мацці і яго сябар Нііла – мараць зусім аб іншым жыцці, аб тым, якое магчыма толькі па-за межамі іх роднай Паялы…
У прэзентацыі возьме ўдзел аўтар рамана – папулярны шведскі пісьменнік Мікаэль Ніемі.
Апроч таго – Віктар Шалкевіч, Уладзімір Арлоў, Валянцін Акудовіч, Стэфан Эрыксан, Ігар Варашкевіч
Адрас філалагічнага факультэта БДУ: вул. Карла Маркса, 31.
Больш падрабязна аб праграме прэзентацыі можна даведацца на сайце Цэнтра шведскіх даследаванняў www.swedishcentre.org.