Калі па праспекце Незалежнасці коціцца вясельны лімузін, ужо ніхто з мінчукоў не звяртае на гэта ўвагі. Ну што такое лімузін? А вось калі па цэнтры горада раз’язджае пяцёрка кабрыялетаў, а ў кожным з іх па шасцёрцы нявестаў, якія штомоцы крычаць і віскочуць, махаюць букетамі і пасылаюць паветраныя пацалункі, гэта ўжо больш відовішчна.
Пяты юбілейны парад нявестаў, які сёлета атрымаў статус міжнароднага, прайшоў днямі ў Мінску. Трыццаць удзельніц з Беларусі (шасцёра з іх — госці з Расіі), абраныя прафесійным журы, надзелі вясельныя сукенкі і ўзялі ўдзел у вялікім шоу ў парку імя Горкага.
З самай раніцы ў нявестаў пачалася сур’ёзная падрыхтоўка — праца са стылістамі, візажыстамі і фларыстамі. Кожнай дзяўчыне зрабілі прафесійны макіяж, апранулі ў прыгожую сукенку — уборы далі найлепшыя салоны Мінска. Пасля гэтага ўдзельніцы паехалі фатаграфавацца (у кожнай каманды быў свой прафесійны фатограф). А ўжо ў 15.00 у парку Горкага іх сустракала велізарная група падтрымкі. Наведнікі парка елі шашлык і чакалі відовішчаў.
Дзяўчаты амаль не спазніліся. Калідорам, утвораным гледачамі, яны прайшлі да сцэны, дзе кожная каманда (усяго іх было 5) цягам “120 секундаў славы” прадстаўляла сваю візітоўку: танцамі, песнямі, вершамі — чым заўгодна. Карацей, штосьці падобнае адбываецца падчас дзіцячага ранішніка, калі мушкецёры, зайчыкі і сняжынкі бароняць свае касцюмчыкі і атрымліваюць цукеркі ад Дзядулі Мароза. Толькі тут — дарослыя нявесты.
Першымі на сцэну выйшлі дзяўчаткі з каманды “Нявесты арыгамі”. Пад японскую музыку яны дэфілявалі па сцэне ў сукенках з папяровых кубікаў і рамонкаў. Дарэчы, усё гэта хэнд-мэйд: удзельніцы самі майстравалі свае ўборы — вось вам і варыянт для бюджэтнага вяселля.
Далей былі “Святочныя нявесты”. Нявеста-Дажынкі (уявіце!) з мініяцюрным букецікам з каласкоў, нявеста — Яблычны Спас з татуіроўкай яблычка на плячы. Яшчэ былі Купалле, Сёмуха і Каляды, якія танчылі і кідалі ў натоўп кветкі пад спевы ансамбля “Басякі”.
За дзяўчаткамі-святамі выйшлі “Нявесты-іншаземкі”. Украінка з касой і вяночкам са сланечнікаў. Побач — грачанка з лаўровым вянком на галаве. Яшчэ былі Расія і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Спявак Дзядзя Ваня, які выступаў пасля прэзентацыі інтэрнацыянальнай каманды, не вытрымаў і пажартаваў: “Вось многія жадаюць, каб Расія нас падтрымлівала, а я сам сёння падтрымліваю Расію. І адчуваю сябе нейкім алігархам”.
Прадстаўніцы СМІ з каманды “Newвесты” разыгралі мініяцюру пра таварыства ананімных журналістаў. Журналістка часопіса XXL спрабавала жартаваць пра вялікія памеры, якія яна любіць апошнім часам. Яе калега з гламурнага часопіса “Пінгвін” жалілася на лёс: маўляў, надакучылі ёй рабчыкі і ананасы — дайце бульбянога пюрэ.
Завяршалі гэтае свята жыцця запрошаныя нявесты з Расіі — каманда “Казачныя нявесты”. Былі тут і Піпі Доўгаяпанчоха, і Шахеразада, і Мальвіна, і Залатая Рыбка.
У фінальнай частцы шоу нявесты (як таго патрабуе традыцыя) кінулі вясельныя букеты ў натоўп і накіраваліся ў Батанічны сад, дзе гэтым вечарам заклалі першую зорку “Алеі зорак маладых”. Дарэчы, з гэтага часу закласці сваю іменную зорку ў дзень рэгістрацыі шлюбу можа кожная пара. Цікава, хто будзе наступным?
Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева