Музычны партал з 14-гадовай гісторыяй змяніў адрас у сеціве.
Цяпер пачытаць навіны са свету беларускай музыкай ды галасаваць за найлепшыя песні, кліпы і альбомы беларускіх выканаўцаў можна па адрасе http://tuzinfm.by. Кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін кажа, што пераезд быў вымушанай мерай: «Па незалежных ад нас прычынах мы страцілі кантроль над ранейшым даменам, таму зарэгістраваліся ў зоне BY, дзе на тэхнічным узроўні не павінна быць ніякіх праблемаў. Але мы пакідаем назву праекту TuzinFM з разлікам зрабіць у будучыні ўласнае радыё». У структуры сайту таксама адбудуцца невялікія змены – будуць скасаваныя раздзелы «Жамерыны» і «Афіша». Стаўка будзе зроблена на ўласныя праекты, прэм’еры песень у межах чартаў, а таксама на агляд свежых беларускіх кліпаў і альбомаў.
Партал TuzinFM працуе ў сеціве з 2003 года. Ён ініцыюе, праводзіць і падтрымлівае найбольш значныя падзеі ў беларускай музыцы. Сёлета разам з фондам «Вяртанне» партал праводзіць чацвёрты сезон конкурсу для маладых выканаўцаў «Заспявай», які сёлета пройдзе ў адукацыйным фармаце. Таксама рыхтуецца музычны праект «(Не) расстраляная паэзія», у межах якога вядучыя беларускія музыкі запішуць песні на вершы рэпрэсаваных паэтаў.