“Калі вы жадаеце дазнацца, што насамрэч думае жанчына, глядзіце на яе, але не слухайце.” Гэтыя словы Оскара Ўайлда змешчаныя побач з назвай фотавыставы “Светоощущения”, што адкрылася 29 верасня 2009 году. У пачатку прэзентацыі у кола, што ўтварылі людзі, выйшла маладая дзяўчына ў паласатай кофце, прадставіла выставу, абяцаны ў абвестцы тэатр – і сышла, саступіўшы месца акторам невербальнага эксперыментальнага тэатра “Без шума и пыли”.
Дзяўчына ў паласатай кофце і апынулася фатографам. А чамусьці думалася, што аўтар выставы ў кінатэатры “Перамога” абавязкова як мінімум сярэдняга ўзросту, але ніяк не дваццаці двух гадоў. Аляксандра Канончанка скончыла архітэктурна-будаўнічы каледж і навучаецца ў БНТУ на архітэктурным факультэце. Яна фіналістка фестывалю “Млын моды” ў намінацыі “Фота” ў 2007 годзе, фіналістка конкурсу і ўдзельніца выставы “Red Bull Imagio” (конкурс экстрэмальнага фота), фіналістка конкурсу “Epson: мой найлепшы фотаздымак” і ўдзельніца выставы “Пакуль не рвецца нітка” (БДАМ). І гэтая выстава – першая персанальная.
Аляксандра Канончанка:
– Даўно зразумела, што менавіта праз фота магу паўнавартасна выказаць свае эмоцыі. Я па натуры чалавек негаваркі, і фотаздымкі могуць дагаварыць за мяне. Шмат хто казаў: давай, трэба ўжо выставу. І ў адно цудоўнае імгненне я падумала: можна зрабіць. Матэрыял быў. Пачала весці перамовы дзесьці з вясны з кіраўніцай кінатэатра “Перамога” Святланай Георгіеўнай Саўчык. Фота былі не асабліва адсартаваныя, і яна падказала, што можна было б зрабіць выставу па тэматыцы жаночага партрэту.
Выступ тэатра падчас прэзентацыі быў імправізацыяй ад пачатку і да канца. Калі, канечне, не ўлічваць таго, што была вызначаная тэма. Астаняе залежала ад выканаўцаў роляў. “Абсурд нейкі. Дзе сэнс?” – пачулася нягучна праз пару хвілін… Астатнія глядзелі на дзвюх дзяўчын, што завіхаліся вакол хлопца, адбівалі яго адна ў адное, раз-пораз зачытвалі кавалачкі з газет, з якіх напалову складаліся іх касцюмы. А хлопец у паводзінах зыходзіў зусім не з таго, што пачуў… Зрэшты, сувязі там не назіралася. Тэатр, які трэба тлумачыць не лагічна, а эмацыйна.
Тэматыка выставы выклікала ў памяці тыповы партрэт жанчыны-какеткі: кажа адно, мае на ўвазе другое, а крыўдзіцца за трэцяе… Магчыма, гэта стэрэатыпнасьць мыслення: калі кажуць пра жанчыну, то абавязкова яшчэ і пра яе складаную натуру, якую дакладна нікому не зразумець, а калі кажуць “жаночы партрэт”, то абавязкова гэта томныя жанчыны, на тварах якіх напісаныя каханне (можна непадзельнае) і чаканне. Тое, што было выстаўлена ў залі, дакладна давяло: усё вышэйнапісанае зусім не абавязкова.
Усе партрэты на выставе – не падобныя адзін да аднаго, жанчыны знятыя па-рознаму: профіль, твар, сілуэт, у розным асяродку; ёсць скампанаваныя з пейзажа і партрэта ў адной працы. Жанчынам уласцівыя розныя эмоцыі, яны выходзяць па-за межы аднаго стандартнага псіхалагічнага партрэта. Але можа не хапіць словаў, і тады выява дасць ўражанне, якое можна тлумаць якім заўгодна чынам.
Аляксандра Канончанка
На выставе
Выступае тэатр “Без шума и пыли”