Канцэрт Лявона Вольскага ў Вільні сабраў некалькі соцень беларусаў і атрымаўся грандыёзным і сапраўды вольным. Нязменны рок-герой у чырвонай кашулі мімікраваў пад беларускі сцяг, які ззяў на ўвесь экран за ягонай спінай. Вольскі прэзентаваў «бескампрамісны» альбом «Грамадазнаўства», а таксама выканаў старыя і вельмі старыя хіты ў падноўленых аранжыроўках.
Самыя аптымістычныя прагнозы наконт колькасці публікі спраўдзіліся, Teatro Arena трашчала па швах, кажуць, нават на канцэрце «Акіяна Эльзы» вясной людзей тут было менш. Вядома ж, бясплатныя візы эфектыўна пашыраюць аўдыторыю, але нятанныя квіткі на шоу ды шчырая эйфарыя пад бел-чырвона-белымі сцягамі гавораць пра невыпадковасць наведнікаў. Вольскі з’яўляецца на сцэне сур’ёзны і засяроджаны, у ім адчуваецца некаторае трымценне перад шматлікім натоўпам. Такія ўсёахопныя электрычныя канцэрты за апошнія гады цяжка прыгадаць. Альбом «Грамадазнаўства» з’явіўся сёлета ў сеціве 25 сакавіка і быў запісаны з нарвежскімі музыкамі, якія адыгралі на канцэрце разам з салістам 11 песень – першае аддзяленне. Новы альбом, па ўсім відаць, публіка ведала не так добра, але ажыўленне сярод хмурых кампазіцый пра беларускую рэчаіснасць выклікалі «Шэрая кроў» ды «Маё каханне».
Сапраўдны кайф пачаўся пасля перапынку, калі Вольскі ўжо з беларускім складам музыкаў адзін за адным выдаваў хіты гуртоў «Мроя», NRM и «Zet», якія гучаць сёння нават яшчэ больш моцна, прароча і цэльна. «Усё-такі Вольскі – найсапраўднейшая беларуская рок-зорка!» – зачаравана кажуць у натоўпе. У нейкі момант ён асцярожна разаслаў на калонцы ўкраінскі сцяг ды праспяваў «Вставай» «Акіяна Эльзы». Апроч чаканых «Лёгкія-лёгкія», «Тры чарапахі» ды «Простыя рэчы» настальгічнай бомбай сталі, напрыклад, «Партызанская» ці «28 зорка», пад якія ўзняліся нават людзі з сядзячых шэрагаў. Залу ахапіў вольны і па-добраму разбэшчаны настрой, які сапраўды наўрад ці быў бы магчымы на канцэрце ў Мінску.
Аляксандра Дорская
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»