Budzma.by паглядзела, як праект “Кулінарыя+” робіць свята ў Ашмянскім дзіцячым доме.
“Добра, што яны прыязджаюць. З імі весела”
Шэф-кухара і ініцыятарку праекта “Кулінарыя+” Алену Мікульчык у Ашмянах усе называюць проста “шэф”. Сёння яе галоўны асістэнт на інтэрнацкай кухні – 14-гадовы Саша. Яму нават дастаўся фартух “шэфа”, дзеля якога дзеці займалі чаргу напярэдадні.
Саша з Гродна. У дзіцячы дом ён разам з малодшым братам Уладам трапіў два гады таму.
“У бацькоў шмат працы, яны не могуць прыехаць, – неахвотна кажа Саша і пераключаецца на тэму кулінарыі. – Мне падабаецца гатаваць з Аленай, я ўжо ўмею рабіць плоў і печыва з шакаладам”.
Калі ў Гродне закрылі дзіцячы дом, яго з Уладам перавялі сюды. Узяць у сям’ю іх можна толькі разам: падчас усынаўлення родныя браты і сёстры не разлучаюцца.
“У сталоўцы дзяжурныя накрываюць на сталы, талеркі бяруць на падыходзе. А так на кухню, не пытаючыся дазволу, мы не заходзім. Нельга”, – расказвае Саша пра мясцовыя правілы. А да нас ужо падыходзіць Віка і прапануе дабаўку супу.
Віка з Іўя. Тут з сямі гадоў: амаль палову жыцця.
“Да нас прыязджаў дзядзя, які з заплюшчанымі вачыма рэзаў прадукты. Ён рабіў катлеты з сырам. Вельмі смачна тады атрымалася! – гаворыць дзяўчынка. – Добра, што яны прыязджаюць. З імі весела”.
У Вікі ёсць родныя бацькі і сям’я ў Італіі, дзе дзяўчо праводзіць канікулы летам і зімой. Яна кажа, што там заўжды гатуе, а паступаць думае на кухара-кандытара.
Жэня ўпершыню ўдзельнічае ў праекце не як выхаванец інтэрната, а як валанцёр. Ён заканчвае каледж у Гродне і рыхтуецца да экзаменаў у БДУІР. Жэня – адзін з нешматлікіх выпускнікоў, хто наведвае Ашмяны рэгулярна. Тут у яго сваякі і многа справаў: пабачыцца з хлопцамі, зайсці да дырэктара, паганяць у любімы футбол. Сёння ён дапамагаў закупляць прадукты для пікніка.
“Я паглядзеў на ўсё як бы з адваротнага боку і ўбачыў, колькі сілаў укладаецца. Калі яны першы раз прыехалі, было неяк незразумела. Потым сталі як родныя. Гэта найлепшае, што можа быць!” – згадвае Жэня.
Стравы беларускай кухні разам з дзецьмі – першапачатковы сэнс усёй задумы. У працэсе дадаўся вялікі адукацыйны складнік, і візіты зрабіліся тэматычнымі. Сёння цвік праграмы – мінскія байкеры.
Паруліць па-сапраўднаму дзеткам, канечне, ніхто не даў. Затое прымераць шлем, “адкрыць газ” і сфоткацца на матацыкле – колькі заўгодна. Байкеры часцяком наведваюць інтэрнаты без асаблівай нагоды: арганізаваліся ў выходны ды пакаталі дзяцей. З размоваў з матацыклістамі засталося ўражанне, што ім усё роўна, куды ехаць. Галоўнае – ехаць, а тут яшчэ і штосьці добрае зрабілі.
Пасля пакатушак на вогнішчы зварылі “байкерскую” поліўку: суп з гародніны і мяса, закрашаны таматнай пастай.
Натоўп дзяцей імгненна абляпіў стол. “Шэф” гучна нагадвае: спачатку частуем гасцей і малодшых, а тады ўжо ядзім самі. Я паставіла талерку і адышла паразмаўляць. Калі вярнулася, на месцы яе ўжо не было. Напэўна, такое магло здарыцца і ў звычайнай вялікай сям’і…
“Нам патрэбная спонсарская дапамога, а не вашая “готовка”
Калі 6 гадоў таму Алена Мікульчык пачала сюды ездзіць, сама не думала, што гэта зацягнецца ажно на столькі і так моцна адаб’ецца на жыцці.
Аднойчы Алена выпадкова трапіла на паседжанне міжнароднага клуба “Ротары”. Яе запрасілі на прэзентацыю кнігі, для якой яна рабіла ілюстрацыі (акрамя кулінарнай у Алены яшчэ і мастацкая адукацыя).
“У “Ротары” бізнесмены ў 200 краінах аб’ядноўваюцца пад дэвізам “Служэнне грамадству вышэйшае за асабістыя інтарэсы” і займаюцца дабрачыннасцю. На іх сустрэчу можна трапіць у любым горадзе свету, калі ты сябра “Ротары”.
“Чаму багатым дзядзям і цёцям не сядзіцца на месцы? Бескаштоўная дапамога – гэта покліч сэрца. І разам з тым у бізнесе ўсё вырашаюць сувязі. Гэта спосаб пазнаёміцца з людзьмі, якія чагосьці дасягнулі. Да таго ж праз сацыяльныя праекты я рэкламую беларускую кухню”, — тлумачыць Алены Мікульчык.
Яна пачала шукаць магчымасці супрацоўнічаць з дзіцячымі дамамі. Акрамя Ашмян шэф-кухар пачынала ў Станькаўскай школе-інтэрнаце ў Дзяржынскім раёне. Яе закрылі ў рамках скарачэння дзетдамоў. Выхаванцаў, якім было далёка да паўналецця, перавялі ў Радашковічы Маладзечанскага раёна.
“Там мне мякка намякнулі, што патрабуюць спонсарскай дапамогі, а не “вашу готовку”, – распавядае гісторыю праекта Алена.
У Мінску “пасябраваць” з інтэрнатамі не атрымалася. У адным былі гатовыя прымаць толькі новую вопратку з чэкамі. У другім, калі пачулі, што праект адкрыты і разам з валанцёрамі могуць прыйсці журналісты, наадрэз адмовіліся. Яшчэ ў адным дырэктар тройчы прызначала сустрэчу і не з’яўлялася, расказвае Алена.
Дзіцячы дом у Ашмянах яна знайшла праз “Ротары”. Італьянскі клуб дапамагае гэтаму інтэрнату шмат гадоў і пабудаваў там жылы корпус. У новых пакоях абсталявалі кухні для дзяцей, але ніхто не ведаў, што там рабіць. Дырэктар Уладзімір Бізюк запрасіў Алену паказаць пару кулінарных майстар-класаў. Ёй спадабалася. Так усё і закруцілася.
“Маёй сям’і не трэба траціць грошы на забавы. У нас ёсць агульная справа”
“Для мяне гэта каласальны вопыт арганізацыі масавых мерапрыемстваў, які можна выкарыстаць і ў камерцыйнай дзейнасці. Гэта магчымасць завесці знаёмствы з вялізнай колькасцю народу. Праект дазваляе мне падысці да любога чалавека і паразмаўляць. І гэта таксама спосаб праверыць людзей на іх чалавечнасць”, – гаворыць Алена Мікульчык.
“Шэф” адкрыла рэстаран беларускай кухні. З дапамогай гэтага дабрачыннага праекта ёй удалося завесці знаёмствы, якія вельмі прыдаліся і ў працы.
“Праверка Ашмянамі” ніколі не падводзіла. Калі дзеці прынялі чалавека, і ён знайшоў магчымасць дапамагчы праекту, то і ў бізнесе гэта будзе надзейны партнёр. Часам чалавек увесь вечар расказвае, які ён круты. Пытаешся, ці мог бы ён дапамагчы, – адразу знаходзяцца прычыны: часу няма, грошаў няма”, – распавядае Алена.
Усё-ткі часцей ёй сустракаюцца тыя, хто адгукаецца. Аднойчы машына валанцёра зламалася перад самай паездкай. Алена напісала просьбу пра транспарт у фэйсбуку. З’явіліся зусім не знаёмыя людзі: Юрый Тоўсцік і Андрэй Рамановіч. Апошнія два гады іх фірма “Рэнаўта” возіць каманду “Кулінарыі+”, а Юрый прыязджае ў Ашмяны проста так, з цікавасці, разам з дачкой. Пасля бізнесоўцы запрасілі Алену ў яшчэ адзін свой праект – дзіцячы лагер “Dream Camp”. Там яна вядзе майстар-класы па беларускай кухні.
Самы нечаканы і важны эфект для Алены быў наперадзе.
У праект уцягнуліся яе муж і бацькі. З ашмянскага інтэрната сям’я спачатку забрала дзяўчынку, а цяпер аформілі патранаж на хлопчыка.
“Гэта ўнікальная магчымасць для ўсёй сям’і мець агульную справу. Нам не трэба траціць кучу грошаў на забавы. У нас кожны месяц вялікая цікавая праграма. Калі яшчэ мая мама-пенсіянерка зможа пакатацца на байку?” – усміхаецца “шэф”. – Калі забіраеш сірату дадому, усе “зайчыкі-бусечкі” і “дзетак шкада” хутка заканчваюцца, і пачынаецца складаная праца”.
Алена кажа, што ў Ашмянах атрымалася зрабіць праект устойлівым, таму што дзеці і выхавацелі тут звыклыя да працы разам.
Мы з’ехалі, а ў найбліжэйшы панядзелак на агульнай лінейцы дзяжурныя раскажуць пра бягучыя справы ў школе. Самай яскравай падзеяй будуць байкеры і поліўка, якую зварылі самі. У наступны раз выпускнік Жэня збярэ каманду “інтэрнацкіх” і павядзе гуляць з “гарадскімі”. Сям’я Алены абмяркуе паездку, паглядзіць фатаграфіі і пачне планаваць наступную праграму. А яшчэ “шэф” разашле фотасправаздачу ўсім сябрам і партнёрам праекта. Не толькі для таго, каб паказаць, як усё прайшло. Мажліва, чыйсьці выпадковы позірк спыніцца на дзіцяці, і ў чарговага жыхара інтэрната з’явяцца патранатныя ці прыёмныя бацькі.
Хрысціна Марчук
Фота аўтара