Не кожны дзень у сям’і артыстаў атрымліваецца сабрацца разам і ад душы пакатацца на каньках. Даводзілася чакаць хвіліны перадышкі паміж заездамі, каб распытаць нашых герояў пра іх вялікую сям’ю. У новай серыі праекта «Захапленнi» акцёры тэатра і кіно, а таксама бацькі чацвярых дзяцей Павал і Ганна Харланчук-Южаковы расказалі нам пра тое, як шанаваць вольны час, пазбягаць стэрэатыпаў, браць на сябе адказнасць і навучаць дзяцей у хатніх умовах.
Павал: Вялікая сям’я адкрывае магчымасці для маштабных праектаў. Рэалізоўваць некалькі справаў адначасова ўваходзіць у звычку. Ты жывеш з адчуваннем, што ў цябе некалькі рук, ног і галоваў. І ўсе яны вельмі зладжана функцыянуюць. Напрыклад, у гэтыя дні я паўтараю тэкст новага спектакля, на паўсядзённыя клопаты часу не хапае, нават прычасацца магу забыць. Але тут як тут дзеці — хатнія стылісты, якія зоймуцца маім выглядам, пакуль я буду спаць пасля складанай разумовай працы. Гэта ж неацэнная эканомія часу!
Павал: На жаль, для паўнавартасных зносін з сям’ёй у нас, артыстаў, ёсць толькі адзін выходны на тыдзень. Падчас гастроляў і гэтага няма. Таму вольны дзень — вельмі важны для нашай сям’і. Мы шмат размаўляем, гуляем, вырашаем надзённыя пытанні, дзівімся адно аднаму, радуемся кожнай хвіліне. Гэта сапраўдная канцэнтрацыя сямейнага шчасця.
Павал: Здароўе вялікай сям’і — немалаважнае пытанне. Асабліва складанымі бываюць сітуацыі, калі ўступае ланцуговая рэакцыя: адзін ачуняў, іншы захварэў ці ўсе захварэлі адначасова. На дапамогу прыходзіць наша мама — самы чулы доктар на свеце. Яна ведае і ўмее ўсё: і дыетолаг, і фізіятэрапеўт, і педыятр.
Ганна: Наш дом поўны і іншымі прафесіяналамі. Ёсць будаўнікі, кветачніцы, цырульнікі, швачкі, а таксама паэты і празаікі, танцоры і акрабаты. Хто на што здатны.
Павал: Часта ад самых розных людзей можна пачуць, што дзеці — гэта нязручна. Так, кожны дзень малыя патрабуюць шмат увагі, часта самыя нечаканыя рэчы адбываюцца ў самы непрыдатны момант. Але час для сябе заўсёды можна знайсці. І адпачыць, і падумаць, і прагуляцца, і пабыць з каханай жонкай — усё гэта магчыма. Проста трэба навучыцца планаваць свой дзень.
Ганна: Вядома, часам бывае няпроста. Але перыядычна здараецца нешта такое смешнае, кранальнае, захапляльнае, што любыя цяжкасці перакрываюцца з лішкам. Гэтыя моманты неверагодна каштоўныя і даюць вельмі магутны энергетычны зарад.
Павал: Чым большая сям’я, тым прасцей і хутчэй разбураюцца стэрэатыпы. Напрыклад, прыпісванне адных якасцяў і характарыстык дзяўчынкам, а іншых — хлопчыкам цярпіць поўны крах. Наш старэйшы сын Філіп нібы знаходзіцца ў канфрантацыі з тыповым наборам хлапечых рыс. Гарэза, шкоднік і хуліган — гэта не пра яго. Філіп вельмі спакойны чалавек. І наадварот, дачка Адэля — сапраўдны віхор і разбойніца. Мужчына, жанчына, хлопчык, дзяўчынка — не гэта самае галоўнае. У першую чаргу кожны чалавек — гэта асоба з уласцівымі толькі ёй унікальнымі рысамі.
Ганна: Так, стэрэатыпы перашкаджаюць убачыць сутнасць чалавека. Мне здаецца, што гэта можа выклікаць цяжкасці ў сям’і. Многія людзі нават не здагадваюцца, чаму яны не разумеюць адно аднаго, чаму не могуць знайсці пунктаў судакранання. Але адна з прычын — гэта павярхоўныя зносіны, узаемадзеянне на ўзроўні нейкіх «базавых узораў», навязаных грамадствам. Варта ўважліва прыгледзецца адно да аднаго, прыслухацца да таго, што хоча сказаць сын ці муж, падзяліцца патаемным або проста смешным, і сям’я на вачах робіцца мацнейшай.
Павал: У маім дзяцінстве было шмат такога, ад чаго хацелася б засцерагчы сваіх дзяцей. Гаворка не пра нешта выключнае, а якраз наадварот — пра тыповае для вялікай колькасці сем’яў. Адасобленасць, нават некаторая абыякавасць адно да аднаго, няздольнасць адэкватна выказваць любоў і пяшчоту сустракаліся досыць часта. Напрыклад, я «пазнаёміўся» са сваімі бацькамі і братам толькі дасягнуўшы юнацтва. Да гэтага я быў проста сябрам сям’і, часам перасякаўся з сваякамі. Я жыў сваім жыццём, як атрымлівалася, але ў нейкі момант мне гэтага стала недастаткова. Мне было мала сувязі з бацькамі. Таму я хачу, каб маім дзецям было дастаткова мацярынскай і бацькоўскай любові, каб пасля яны не адчувалі патрэбу недаатрыманых пачуццях.
Ганна: Рэч у тым, што ў савецкі час адбыўся перакос сямейных каштоўнасцяў. Дзяржаўная сістэма прапаноўвала цэлую інфраструктуру па доглядзе і гадаванні дзяцей. Праз некалькі месяцаў пасля нараджэння дзіця пачынала наведваць яслі, пазней — садок, затым школу. Мама досыць хутка вярталася на працоўнае месца, дзякуючы чаму ўвесь механізм савецкай навукі, культуры і прамысловасці працаваў зладжана і з мінімальнымі прастоямі. Я разумею, што пасляваенны час патрабаваў максімальнай мабілізацыі кожнага члена грамадства. Але гэты працэс зацягнуўся, перавандраваўшы ў мірны стабільны час. Пастаянная адсутнасць, стомленасць, эмацыйная закрытасць бацькоў ператварылі напрацаваныя стагоддзямі стандарты сямейных узаемаадносін у руіны.
Ганна: Пры гэтым вінаваціць бацькоў у адсутнасці любові і клопату няправільна. Бо многія з іх былі перакананыя, што працуюць дзеля светлай цудоўнай будучыні сваіх дзяцей. Бацькам няспынна даносілася каштоўнасць і неабходнасць дзяржаўнага выхавання: «Мы ведаем, як зрабіць гэта лепш!»
Павал: Усведамленне таго, што адказнасць за выхаванне твайго дзіцяці ляжыць не на садку, школе, універсітэце, не на дзяржаве, а на табе, здольнае цалкам змяніць карціну свету. Дарослым людзям даводзіцца шмат працаваць над сабой, можна нават сказаць, перавучвацца быць бацькамі. Якія якасці дзіцяці дадуць дзіцячыя ўстановы? Ці навучацца дзеці сапраўднаму адэкватнаму ўзаемадзеянню з аднагодкамі? А з дарослымі людзьмі, а з жывёламі? Ці стануць дзеці здольныя рабіць уласны ўсвядомлены выбар, ці будуць яны ўнутрана матываваныя на тую або іншую дзейнасць, ці будуць мець навыкі і любоў да самаадукацыі? Пытанняў шмат, і цяперашні час дае нам магчымасць прыпыніцца і ўдумліва пашукаць на іх адказы.
Ганна: Здаецца, нічога не змяняецца ў сферы выхавання і адукацыі дзяцей. Але відавочна, што жыццё з савецкіх часоў зведала моцную трансфармацыю. Для новага часу проста неабходны іншы падыход. Ёсць адчуванне, што сучасныя садкі, школы і ўніверсітэты працуюць па планах, распрацаваных у 60-70-я гады мінулага стагоддзя. Але сёння трэба дакладна ўсвядоміць, што яны неактуальныя для маладога пакалення. Проста неабходна азірнуцца, выйсці з кабінетаў і ўбачыць, што адбываецца ў свеце. А затым прыбраць старыя планы ў архіў і распрацаваць новыя, якія адпавядаюць, а не супрацьстаяць рэальнасці.
Павал: Менавіта гэтая інертнасць прывяла да таго, што мая жонка стала ініцыятарам хатняй адукацыі нашых дзяцей. Шчыра скажу, ёй давялося правесці са мной працяглую псіхалагічную працу, перш чым я выйшаў на належны ўзровень разумення каштоўнасці такога падыходу. Улічваючы, што мы самі выраслі ў савецкай школе, сумневу ў карыснасці школьнага навучання ў мяне не ўзнікала. І толькі праз пэўны час я выявіў карані некаторых сваіх якасцяў, якія прыносяць шмат нязручнасцяў у маім дарослым жыцці.
У якасці прыкладу прывяду сціпласць, комплексы, заціснутасць. Магчыма, з боку здаецца, што я адкрыты і разняволены, але мне даводзіцца змагацца з сабой. І прычыну гэтага бачу толькі ў адным — нашым выхаванні, пастаянным патрабаванні ад нас «не высоўвацца», «быць як усе», «трымаць свае думкі пры сабе». Я ўвесь час адчуваю недахоп свабоды ацэньваць, думаць, гаварыць тое, што лічу патрэбным. Я, як і многія, паддаўся сістэме, якая выхоўвае з нас зручных членаў грамадства.
Павал: Мне б хацелася, каб мае дзеці былі больш свабоднымі ў сваіх рашэннях. Спадзяюся, у нас атрымаецца паказаць ім, што на свеце ёсць мноства магчымасцяў, і яны вольныя выбраць тую, якая дапаможа ім духоўна ўдасканальвацца, напаўняць жыццё сапраўднымі каштоўнасцямі, быць самадастатковымі асобамі, не забываць пра спагаду і асцярожнае стаўленне да навакольнага свету.
Ганна Трубачова, Ганна Шапашнікава
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»