ХХ Міжнародны мінскі кінафестываль “Лістапад-2013” скончыўся трыумфам польскага кіно. У асноўным конкурсе гульнявых фільмаў перамагла кранальная, вобразна багатая “Іда”, у негульнявым конкурсе не было роўных сямейнаму кінапартрэту двух яскравых прадстаўнікоў польскага дакументальнага кіно, бацькі і сына, Марцэля і Паўла Лазіньскіх “Бацька і сын”.
Рэжысёр апошняга фільма Павал Лазіньскі ў інтэрв’ю budzma.org раскрыў таямніцу ўзнікнення польскай школы кінадакументу, расказаў, чаму Беларусь – скарбонка для дакументаліста, і даў парады маладым аўтарам.
Пра Беларусь
Мне шчасціць часта бываць у Беларусі. Гады два таму пад маім мастацкім кіраўніцтвам беларускія студэнты здымалі кіназамалёўкі, з якіх пазней вырас поўнаметражны дакументальны фільм “Мінск. Ад світання да змяркання”. Яшчэ раней, у 1993 г., я быў асістэнтам у майго бацькі на фільме “89 мм ад Еўропы”, які здымаўся ў Берасці. Гэтая стужка – спроба метафарычна адлюстраваць розніцу паміж Еўропай і астатнім светам.
Беларусь – гэта цікавая краіна, дзе ідзе трансфармацыя, і важна гэта паказаць у кінадакументах. Часта мае польскія студэнты здымаюць тут свае фільмы: у Беларусі вельмі шмат сюжэтаў для дакументаліста.
Пра настаўнікаў
У першую чаргу мае настаўнікі – гэта мой бацька Марцэль Лазіньскі і Кшыштаф Кеслёўскі. З імі я спазнаваў кінамастацтва непасрэдна на здымках – быў асістэнтам, памочнікам рэжысёра. Я лічу, што галоўнае, чаму я навучыўся ў іх, – сур’ёзнае стаўленне да кіно. Гэта ўсё ж сур’ёзная работа, хоць на першы погляд такой не падаецца. Таксама на маю творчасць паўплывала захапленне фільмамі польскіх дакументалістаў Казімежа Карабаха і Войцеха Вішнеўскага.
Пра польскую школу дакументу
У Заходняй Еўропе кінадакумент бярэ вытокі ад тэлерэпартажу, у Польшчы – непасрэдна ад кіно. У сацыялістычныя часы ў польскіх кінатэатрах перад асноўным паказам дэманстравалі кароткія дакументальныя фільмы. Вось гэтая традыцыя кампактнага, часта метафарычнага дакументальнага фільма перайшла ў сучаснасць. Гэта і ёсць, я мяркую, карані ўнікальнай школы польскага дакументальнага кіно.
На жаль, ужо даўно традыцыя паказу кароткаметражных дакументаў у Польшчы перарвалася – замест іх ідзе рэкламны блок. У асноўным дакументальныя навінкі ў Польшчы можна ўбачыць толькі на фестывалях, хоць пэўная колькасць удалых дакументальных фільмаў трапляе і ў кінапракат.
Пра гульнявое кіно
Калі я ў 1996 г. рабіў свой першы і пакуль адзіны гульнявы фільм “Краты”, мне было цяжка глядзець, як граюць акцёры: не існуюць, а граюць. Цяжка, таму што ў дакументальным кіно я бяру камеру і здымаю жыццё як яно ёсць. Але праблема ў тым, што ў дакументальным кіно я не магу ўлезці паўсюль: у інтымныя моманты кахання, у нешта страшнае, што адбываецца з маімі героямі. Таму цяпер я думаю пра вяртанне ў мастацкае кіно…
Парады маладым
Цяпер я выкладаю ў кінашколе ў Гдыні. І адразу звяртаю ўвагу студэнтаў, што галоўнае – гэта рабіць фільмы шчыра і ад душы. Я раю не пачынаць з нейкіх дзіўных гісторый, а звяртаць увагу на нармальныя з’явы, на тое, што адбываецца вакол нас: у нашай сям’і, у нашых суседзяў.
Я вельмі люблю дакументальныя карціны, дзе блізка паказваюць чалавека. І няважна, адкуль будзе гэты чалавек, з Польшчы, Расіі, Кітая альбо Штатаў. Герой добрага фільма штосьці перадае і мне, я адчуваю, вучуся, бачу яго ў сабе. І так працуе любое мастацтва.
Асабіста для мяне добры герой дакумента той, з якім можна сябраваць. Сваім фільмам я хачу зрабіць добрае свайму герою, бо я яго крышку люблю, і гэта нармальна. Я імкнуся, каб гэтае пачуццё перадалося і гледачам.
Пра бацьку
Я ўдзячны бацьку за тое, што ён даў згоду на фільм. Чатыры гады я выношваў задуму фільма пра бацьку, аднак ён згадзіўся не адразу і толькі з умовай, што героем фільма буду і я. Мы думалі зрабіць адзін фільм: разам здымалі, разам мантавалі. Калі я скончыў, бацька сказаў, што не падпіша маю версію і зробіць сваю. Розніца аказалася невялікай, і я так і не зразумеў, што не спадабалася бацьку ў маёй версіі.
Фільм быў цікавым эксперыментам, і ён пакуль не скончыўся. Цяпер нашыя адносіны з бацькам не такія добрыя, як перад фільмам, аднак і гэта пройдзе. Хацелася стаць бліжэйшымі – атрымалася наадварот, аднак як тут прадкажаш?
Алесь Лапо