У італьянцаў, іспанцаў, грузінаў ды іншых народаў ёсць добрая традыцыя – піць віно за сямейным абедам. Выпіваючы, яны гутараць і нават спяваюць песні. Беларусы пасля змены таксама п’юць алкаголь, закусваюць і абмяркоўваюць надзённыя справы. Але чаму тады першае – гэта культура піцця, а другое – алкагалізм? Чаму шкодна піць на кухні і тым больш аднаму? Як алкаголь можа стаць часткай культурнай традыцыі? Калі ў Беларусі паход у бар або рэстаран перастане быць раскошай? І чаму ў нас да гэтага часу спрадвечныя крамбамбуля і мёд не набылі статусу нацыянальнага напою? Пра ўсё гэта – чарговае інтэрв’ю праекта “Культура паляпшае жыццё!” Сёння гутарым з бармэнам Паўлам Здаравенкам.
– Распіццё віна ва ўмераных колькасцях за ежай – гэта, хутчэй, атрыманне задавальнення ад жыцця, чым алкагалізм. У італьянцаў, іспанцаў, грузінаў ды іншых народаў гэта атрымліваецца натуральна, таму што ў іх краінах ёсць адпаведная культура, цудоўная кухня, выдатныя гатункі віна і, самае галоўнае, рытуал, калі ўся сям’я збіраецца за вялікім сталом. У такіх сумесных вячорках ад пакалення да пакалення перадаецца павага, а таксама асноўныя правілы традыцыйнага застолля. Ва ўжыванні алкаголю існуе свая культура, аднак ёсць людзі (іх часцей можна сустрэць у нашым тэруары), якія аддаюць перавагу таму, каб проста напіцца пасля працы танным алкаголем. Яшчэ і ў адзіночку.
– Чаму вы лічыце, што літр віна, выпіты за абедам, – гэта культурна, а літр “чарніла”, выпіты ў падваротні пасля працоўнай змены, – гэта непрыгожа і некультурна?
– Чаму ў Венскай оперы на квітках можна знайсці пажаданні наконт знешняга выгляду, дрэс-кода? Таму што гэта прыгожа. Опера выхоўвае. Так і тут: прыгожа, калі, выконваючы правілы этыкету і культурныя традыцыі, сям’я садзіцца за вялікі стол. Гэта і дзецям добры прыклад для пераймання.
Выпадак з “чарнілам” супрацьлеглы: мужчына прыходзіць з працы, выканаўшы сваю асноўную місію, так, ён хоча расслабіцца, але не шукае ў гэтым задавальнення, а толькі імкнецца да выніку – напіцца. Пра якія традыцыі і прыклад для дзяцей можна казаць, калі па дарозе дадому бацька выпіў 0,5 “Крыжачка”? Прыйшоў п’яны, пануры, утаропіўся ў тэлевізар – не чапайце мяне.
Грузінскія застоллі – гэта нейкі рытуал, традыцыі зносін. Гэта не проста паглынанне ежы і ўжыванне віна. У нас піццё не для зносін, а каб пазбавіцца комплексаў, “падораных” нам бацькамі, грамадствам, кіраўніцтвам на працы. І толькі такім чынам шмат у каго атрымліваецца расслабіцца і атрымаць упэўненасць у тым, што яны ужо самастойныя дарослыя людзі. Мы не ўмеем набірацца сіл, танцуючы, жартуючы, маючы зносіны з сям’ёй. І алкаголь – гэта не частка культурнай традыцыі, а самы лёгкі спосаб забыцца на свае праблемы і сысці ад рэчаіснасці.
– Напіцца.
– Калі чалавек хоча напіцца – дрэнна. Значыць, на душы адчай, стрэс і безвыходнасць. Я ніколі не асуджаю людзей у такім стане, калі, вядома, іх паводзіны застаюцца ў пэўных рамках прыстойнасці і яны не парушаюць асабістую прастору іншых.
– А як вы ставіцеся да людзей, якія наогул не п’юць спіртнога?
– У ціхім балоце чэрці растуць. Калі чалавек не выпівае алкаголю, я адразу задаюся пытаннем, як ён расслабляецца. Магчыма, у яго ёсць вар’яцкае хобі – скачкі з парашутам над прорвай з затрымкай раскрыцця парашута – добра, значыць, ён так расслабляецца. А калі чалавек не п’е, не курыць, чытае кнігі і ўвесь з сябе такі белы-пухнаты, хутчэй за ўсё, гэта няпраўда. Значыць, ён нешта ўтойвае. Мяне гэта насцярожвае.
– Як жа вызначыць меру?
– Пачуццё меры для кожнага індывідуальнае. Але пакуль ты кантралюеш сябе, усё выдатна. Як толькі табе становіцца некамфортна ці ты пачынаеш парушаць чужыя межы, рабіць людзям непрыемнасці – значыць, усё, трэба спыняцца. Гэта як у спрэчцы: галоўнае – своечасова спыніцца і не пераходзіць на мову цела. Трэба ўмець заставацца джэнтльменам – гэта пытанне самаадукацыі і ўнутранай дысцыпліны.
– Дзе падобныя веды можна атрымаць для сябе?
– Аснова ведаў пра культуру піцця – сямейныя традыцыі. Дзіця з дзяцінства бачыць, што ўся сям’я збіраецца за адным сталом, выконваючы пры гэтым пэўныя правілы. У яго гэта ўваходзіць у падсвядомасць, пранікае ў кроў. І потым, вырастаючы, ён не ўяўляе, што можна весці сябе па-іншаму, таму што так сябе паводзілі яго продкі. Глядзіце, за звычайным сямейным абедам у Італіі, Іспаніі, напрыклад, нікому не прыйдзе ў галаву напіцца да страты прытомнасці. Але збан з віном заўсёды на стале. Ёсць веды, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, іх проста так не вывучыш. Што тычыцца нашага рэгіёну, то тут з’явяцца веды, варта пачаць паказваць годны прыклад сваім дзецям, падарожнічаць, чытаць добрыя кнігі і глядзець прыгожае кіно – гэта працуе.
– Так, фільмы, кнігі і падарожжа даступныя цяпер. Але ці выкарыстоўваюць беларусы атрыманую інфармацыю для свайго развіцця? Вы заўважылі нейкі прагрэс за апошні час?
– Мы паціху вучымся. Нам нарэшце стала не цікава піць дома. У рэстаранах і кавярнях па вечарах цяжка знайсці месца, дзе можна спакойна пасядзець у адзіноце. Беларусы пачалі ездзіць за мяжу, убачылі, што ў рэстаранах бывае весела, смачна і займальна, прычым не абавязкова дорага. Можа, калісьці ў нашых школах пачнуць выкладаць гастранамічны этыкет: як правільна трымаць відэлец, нож, дзе павінен стаяць келіх для вады, як спалучаць ежу, што трэба есці, што трэба піць у пэўных сітуацыях, што добра для цябе, што дрэнна.
– Навошта школьнікам гэтыя веды, калі ў рэстараны бацькі іх не водзяць, ды і самі не часта туды зазіраюць?
– У нас да гэтага часу квітнее меркаванне, што ў рэстаранах дорага. Але гэта не так. Не абавязкова прыходзіць у рэстаран на вячэру – можна проста зайсці сям’ёй выпіць кубак кавы і з’есці дэсерт, сустрэць сяброў, пагутарыць, цікава правесці час. Няма разумення, што рэстаран – гэта сацыяльная з’ява, а не раскоша. За мяжой людзі п’юць не менш за нас, проста не істэрычна, як у апошні дзень, а спакойна, у кампаніі іншых, не абавязкова знаёмых людзей. Наш чалавек часта п’е ад адзіноты. Калі табе самотна, чаму б не зайсці ў рэстаран або бар? Дарэчы, у еўрапейскай рэстараннай школе вылучаюць ўсяго тры прычыны, па якіх мы ходзім піць ў грамадскія ўстановы.
– Якія гэта прычыны?
– Адзінота – у гэтым выпадку п’юць ад тугі, каб зняць стрэс. Дзелавая сустрэча – дапусцім, вы ведзяце перамовы і хочаце адзначыць заключэнне здзелкі. І яшчэ сустрэча з сябрамі або каханым чалавекам. Больш прычын не існуе. І для кожнага гэтага выпадку падбіраюцца розныя напоі і іх колькасць. На жаль, мы пакуль не ўспрымаем рэстараны і бары як сацыяльна значныя месцы.
– Чаму лепш піць з кампаніяй ва ўстанове, чым у адзіноце на кухні?
– Самотна на кухні ты застаешся сам-насам з сабой. І тут магчымыя розныя сцэнары ў залежнасці ад ступені ап’янення. Часам дапушчальна і неабходна выпіць і падумаць, але ў час паставіць кропку і спыніцца. А бывае іншы выпадак, калі чалавек сам сябе моцна напампоўвае, – і гэта становіцца небяспечным. У нейкі момант п’янаму чадавеку спатрэбіцца выхад энергіі. І ў рамках свае кухоннае адзіноты гэтая энергія напэўна ператворыцца ў адмоўную. А пітво ў сацыяльным асяроддзі, калі ты сябе кантралюеш, выхоўвае. Вернемся да нашых грузінаў: выпіваючы, яны спяваюць, размаўляюць, даюць выхад сваёй энергіі. Якія на кухні з самім сабой п’яным зносіны?
І яшчэ ўжыванне спіртных напояў у кампаніі – гэта заўсёды праверка пачуцця гумару. Гэта самы здаровы смех над сабой: куча гісторый і пацешных здарэнняў – жыццёвы вопыт, якім можна падзяліцца з сябрамі або нават з дзецьмі, бо яны, у сваю чаргу, гадоў праз 20-30 будуць хадзіць у пабы і адколваць падобныя нумары. Калі ж у жыцці толькі кухоннае п’янства або п’янства сам-насам з самім сабой, лічыце, што падобнага жыццёвага багажу ў вас няма.
– Нашай нацыі па-ранейшаму ўласціва піць на кухні?
– Чым даўжэй мы будзем так лічыць, тым больш будзем піць на кухнях. Калі чалавек выпівае дома адзін, яму дрэнна, пашкадаваць яго трэба. Піць лепш у барах з сябрамі, для таго, каб весяліцца, а не для таго, каб зняць стрэс. Жадаеце зняць стрэс – ідзіце ў спартзалу. Ужываць алкаголь трэба для весялосці.
– Вы казалі пра прычыны, па якіх мы адпраўляемся ў бары, каб выпіць. А што, калі нашы людзі п’юць без прычыны, а проста праз звычку, што гістарычна склалася? Бо ёсць стэрэатып: рускамоўны – першая асацыяцыя – гарэлка.
– Стэрэатып, напэўна, з’явіўся ад таго, што нацыя злёгку надрыўная. Калі пачытаць класічную літаратуру, паглядзець гістарычныя фільмы і карціны, то малюецца ва ўяўленні рускі бунт – бязлітасны і бессэнсоўны. Нацыя – надрыў, пастаянна ў нейкім напружанні. І, магчыма, выпіўка – гэта адзін з гістарычна ўзніклых спосабаў паспрабаваць расслабіцца. Але абсалютная няпраўда, што астатнія народы п’юць менш.
– А што датычыцца беларускай культуры піцця? Мы моцна адрозніваемся ад рускай нацыі? Наогул, у нас прадстаўлена аўтэнтычная беларуская культура піцця і ежы?
– Зараз у асацыяцыі шэф-кухароў Беларусі гартаюць вялікую колькасць архіўных дакументаў, рэцэптаў і спрабуюць знайсці вытокі нашай кухні, за што хлопцам вялікая павага.
Гэта так складана – аддзяліць беларусаў ад літоўцаў, палякаў, расейцаў, таму што ў нас заўсёды былі вельмі цесныя ўзаемаадносіны. Але нашы спрадвечныя напоі – мёд і крамбамбуля. Мёд у нас ніхто цяпер не робіць. Крамбамбулю спрабавалі вырабляць, але нічога пра гэты праект сёння не чуваць. Непапулярнасць нацыянальных беларускіх напояў, мне здаецца, абумоўлена недаверам да мясцовай вытворчасці.
– Недаверам або пыхай? Чаму няма культуры спажывання спрадвечна беларускіх напояў?
– Вялікая небяспека купіць няякасны прадукт. Таму да беларускага алкаголю ставяцца з некаторым падазрэннем, недаверам. Вось і атрымліваецца, што, можа, і хацеў бы купіць беларускае, а ідзеш і купляеш алкаголь замежнага вытворцы.
– Той самы, што ў Еўропе можна купіць у тры разы танней…
– Ну, а што, успрымайце ўжыванне алкаголю як нейкае святое дзейства. Калі мы хочам атрымліваць задавальненне ад жыцця, мы стараемся сябе папесціць чымсьці: купляем сабе добрую вопратку, якасны абутак, дарагія рэчы ў дом, падарункі сабе робім. Чаму мы лічым, што алкаголь – гэта такая рэч, якая павінна каштаваць танна? У Еўропе віно абыходзіцца танней, таму што менавіта там расце вінаград, з якога вырабляюць віно. Затое гарэлка ў іх каштуе прыстойных грошай, у адрозненне ад Беларусі, – у нас яна з’яўляецца адным з самых даступных алкагольных напояў.
– Як вы лічыце, беларуская гарэлка па сваёй цане настолькі ж якасная, якім можа быць еўрапейскае віно недарагой катэгорыі?
– Мне для працы важна ведаць усё пра якасць напою, які я прапаную госцю. Таму, калі з’яўляюцца новыя гарэлачныя брэнды, я іх правяраю – сам дэгустую. Кладу бутэльку ў маразільнік і забываю пра яе на некалькі дзён, потым гляджу, што з ёй за гэты час адбылося, каштую, ацэньваю на смак. Вядома, уласцівасці беларускай гарэлкі не заўсёды на вышыні. Але хай гэта застанецца на сумленні вытворцы. А пакупнік прагаласуе кашальком. Проста няякасны тавар перастане з часам распрадавацца.
– А якія спіртныя напоі ад беларускага вытворцы вы б маглі парэкамендаваць?
– Беларускія бальзамы цікавыя. Але не ўсе. Што яшчэ? Гадоў пяць таму быў вельмі нядрэнны беларускі аналаг знакамітага сметанковага лікёру. Але вытворца не змог утрымаць якасць на заяўленым узроўні. Я думаю, што на сённяшні дзень у беларускім алкаголі цяжка знайсці моцныя якасныя брэнды, але гэта пытанне часу. Яны ўсё адно з’явяцца. Калі праводзяцца выставы, прысвечаныя спіртным напоям і рэстараннай справе, туды прыходзяць тэхнолагі з агнём у вачах, якім цікава, якія шукаюць новыя рэцэпты і смакавыя адчуванні. Вось такія людзі ў хуткім часе створаць ўласную гісторыю беларускага алкаголю. Упэўнены, што з часам у Беларусі ўсталюецца прыстойная культура піцця. Гэта толькі пытанне часу: трэба трошкі пачакаць, і, зразумела, трэба часцей сустракацца з сябрамі каля барнай стойкі.
Ганна Трубачова, Таццяна Смаленская
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч
(Журналісцкае агенцтва “Таранціны і сыны”)