Гісторыя п’есы на сцэне Купалаўскага тэатра пачынаецца з 1944 года, калі спектакль паставілі ў эвакуацыі ў Томску. За гэтыя 70 гадоў змянілася чатыры пакаленні артыстаў, а ў ролі Паўлінкі пабывалі пятнаццаць акторак-купалавак.
Юбілею старога добрага спектакля-візітоўкі, з якога пачынаецца кожны тэатральны сезон, была прысвечаная імпрэза ў рэпетыцыйнай зале Купалаўскага тэатра. Падчас вечара дэманстраваліся ўрыўкі са спектакляў розных гадоў, а таксама агучваліся вядомыя гісторыі пра неўміручую п’есу.
Паўліна Мядзёлка адмовіла Купалу ў віленскай кавярні «Зялёны штраль». Паўліна Мядзёлка – як вядома, муза паэта, прататып і адна з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі – яшчэ ў пастаноўцы 1913 года ў Санкт-Пецярбургу. «Паэт часта быў нешчаслівы ў каханні, – кажа купалазнаўца Пятро Васючэнка. – Была знакамітая размова ў цукерні «Зялёны штраль» у Вільні, там ззяла зялёнае святло, падавалі бенедыктын, каву пілі, цыгарэты курылі. Паўлінка, дарэчы, дыміла як паравоз. І вось Купала гаварыў-гаварыў пра нашаніўскія справы, а яна слухала, а потым ён і кажа: а што, калі нам пабрацца? А яна ў адказ: «Я люблю цябе, Янка, як нашага паэта народнага, але кахаю я іншага». А хто той іншы? Магчыма, гэта і ёсць іншы Купала. Паўлінка не кахала такога Купалу, бо ён быў занадта фанабэрысты, вясёлы, а ёй бачыўся прарок, пясняр, але такі Купала нікому не належаў».
Фінал камедыі памяняўся з трагічнага на шчаслівы. П’еса мае драматычны фінал: каханага Паўлінкі Якіма Сароку арыштоўваюць па даносе яе бацькі. «Артыстка на сцэне гаворыць: «Якімку майго арыштавалі, зорачку маю ясную арыштавалі», – і падае ў непрытомнасці. Што ж азначае драматычны фінал «Паўлінкі», які прыдумаў Купала, у чым яго таямніца?» – задаецца пытаннем Пятро Васючэнка. Даследчык згадвае, што такая канцоўка не спадабалася драматургу Францішку Аляхновічу, і ён у Вільні дапісаў новы фінал Паўлінкі, дзе ўсё заканчваецца шчасліва («Заручыны Паўлінкі»). Купала быў незадаволены такім развіццём падзей. «Але мне думаецца, што ў нечым Аляхновіч меў рацыю, – разважае Пятро Васючэнка. – Некамедыйны фінал у «Паўлінцы» выкліканы тым, што Купала ўвесь час захапляўся новай драмай, лёс Беларусі быў барометрам яго настрою. Толькі ў жыцці быў арыштаваны не Якімка, а Паўлінка, якую наперадзе чакала шэсць турмаў».
З 1944 года спектакль граюць паводле пастаноўкі Льва Літвінава, дзе фінал заменены на больш аптымістычны: Паўлінка і Якім збягаюць разам насуперак волі бацькоў. «Я думаю, Купала не быў бы супраць новага фіналу, – кажа адна з выканальніц ролі Паўлінкі Ала Долгая. – Гэтая канцоўка таксама не бясхмарная, бо Паўлінка падстаўляе бацькоў, якіх паважае. Але перамагае каханне, як і ў жыцці яно мусіць перамагаць».
П’еса «Паўлінка» ўзнікла з апавядання «А вербы шумелі». «Нейкім чынам апавяданне перарасло ў п’есу, – кажа дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. – Як пазней згадваў Антон Луцкевіч, магчыма, Купала проста не любіў пісаць апавяданні, гэта быў не ягоны жанр».
Янка Купала напісаў «Паўлінку» ў фальварку Акопы на Лагойшчыне. Сюды ён прыязджаў да маці на канікулы з Санкт-Пецярбурга. Летам 1912 года ён чытае п’есу свайму суседу – пісьменніку Ядвігіну Ш, а таксама расказвае пра яе ў лістах настаўніку Браніславу Эпімах-Шыпілу. У лістападзе 1912 года Купала перадае твор на разгляд цэнзуры для далейшай пастаноўкі.
Прэм’ера ў Вільні прайшла «з густымі воплескамі». 27 студзеня 1913 года Купала прысутнічаў на прэм’еры сваёй п’есы ў Вільні. Газета «Наша ніва» выказалася пра падзею прыхільна і адзначыла, што аўтара выклікалі на сцэну, «надзяляючы густымі воплескамі». Купалу быў падараваны залаты гадзіннік з надпісам ад віленскіх беларусаў. А артыстцы Маркавічанцы, якая грала Паўлінку, аўтар перадаў на сцэну букет кветак. Паўліна Мядзёлка сыграла галоўную ролю на прэм’еры ў Санкт-Пецярбургу, якая адбылася ў хуткім часе. А на тэрыторыі сучаснай Беларусі спектакль упершыню паказалі ў Радашковічах.
Акторкі траплялі на ролю Паўлінкі, прайшоўшы конкурс. Першай купалаўскай Паўлінкай была Ларыса Кашэльнікава, якая ўвасабляла 17-гадовую гераіню, нават калі ёй было сорак. У розныя часы Паўлінкамі былі Зоя Белахвосцік, якая грала ролю цягам 18 гадоў, Святлана Зелянкоўская, Юлія Шпілеўская, Ала Долгая.
Ала Пятроўна, якая толькі дзень таму адсвяткавала ўласны юбілей, расказала: «Прыходзіць на гэтую ролю было страшна, бо былі жывыя першыя Паўлінкі. Мядзёлка аднойчы прыйшла на спектакль і пасля сказала мне: «Я цябе прызнаю». Гэта быў самы вялікі падарунак».
Доўгі час спектакль гралі «пад фанеру». Жывая музыка вярнулася ў пастаноўку толькі ў 2000 годзе. Пра гэта расказаў загадчык музычнай часткі Уладзімір Кур’ян:
«Кампазітар Яўген Цікоцкі напісаў партытуру для 24 музыкаў – гэта флейта, габой, фагот, валторна, скрыпкі, альты, віяланчэль, кантрабас. У цяперашнім тэатры 24 чалавекі ў яму могуць змясціцца толькі голыя!» Ды і гастраляваць такім складам было цяжка. Таму доўгі час музыка ў спектаклі гучала ў запісе. Партытуру давялося перапісаць для дзесяці ўдзельнікаў, а сёння аркестр спектакля складаецца з васьмі музыкаў. Як вядома, выканальніца Паўлінкі мусіць добра спяваць і лёгка браць ноту соль другой актавы. Кацярына Алейнікава, сучасная Паўлінка, пры канцы прадэманстравала гэтую здольнасць, заспяваўшы песні са спектакля, а Ала Долгая падпела маладой выканальніцы з залы.
Аляксандра Дорская
Фота: Зарына Кандрацьева