Хіба мог падумаць Уладзімір Шаблінскі, плануючы дату фестывалю “Вольнае паветра”, што ў прызначаны дзень надвор’е паспрабуе сапсаваць свята? Нягледзячы на капрызы надвор’я, сотні маладых людзей і дзяўчат сабраліся на хутары Шаблі на пятым юбілейным фестывалі “Вольнае паветра” — хто сваім ходам, хто на спецыяльна арганізаваных аўтобусах.
Зручна ўладкаваўшыся на зялёных лужках, публіка паціху займалася традыцыйнымі для опэн-эйраў рэчамі: хтосьці адкрываў чакры і дыхаў роўна і спакойна паводле законаў Сусвету, іншыя актыўнічалі у валейбол, пінг-понг або фрысбі. На сценах дома размясціліся фатаграфіі пераможцаў “Прэс-фота Беларусі”, а непадалёк — палатка з фестывальнай атрыбутыкай.
Бліжэй да пачатку музычнай часткі фестывалю дождж спыніўся.
І тут высветлілася, што не па ўсёй тэрыторыі хутара цяпер можна хадзіць вольна: у спецыяльна адведзеныя VIP-зоны — толькі з бранзалетам з выявай сонейка. Там крапавыя і іншых колераў берэты не прычэпяцца: маўляў, чаго піва распіваеце ў неналежным месцы, прэсу не тую чытаеце і наогул, не так седзіце? Здзівіла таксама абгароджаная пляцоўка перад галоўнай сцэнай, чаго раней у Шаблях не было. Падумалася: можа арганізатары паклапаціліся пра тое, каб фатографам было камфортна працаваць, дык не, акрэдытаваныя фатакоры апынуліся ў роўных з гледачамі ўмовах. Але гэта дробязі.
У адной з галоўных падзей, дзеля якой усе сабраліся, — адкрытым чэмпіянаце па кіданні каровіных кізякоў (загадзя прасушаных і падрыхтаваных арганізатарамі) — узяла ўдзел нечакана вялікая колькасць народу. Вось тут і выявілася падступнасць гэтага віду спаборніцтваў: кізяк мог у палёце разваліцца на некалькі частак і трапіць у гледачоў. Абсалютным рэкордам сёлетняга чэмпіянату стаў кідок на 54 метры. Трое найлепшых, што кінулі ”снарад” на 54, 48 і 42 метры адпаведна, атрымалі “смачныя, цікавыя і памятныя” прызы проста на галоўнай фестывальнай сцэне. “Дзякуй, сябры, за гаўнаконкурс!” — усклікнуў расчулены пераможца.
Што да музычнай часткі, то культавасць “Вольнаму паветру” заўсёды надавала арыентацыя на беларускую культуру. Арганізатары аказаліся вернымі першапачатковай ідэі, і калі на дыджэйскай пляцоўцы гучала што заўгодна, то на галоўную сцэну па чарзе падымаліся найлепшыя маладыя і не вельмі этна-калектывы. Першымі на сцэне апынулася завадная “Гаротніца” на чале з Андрэем Такіндангаі. Заваражылі Kriwi Веранікі Кругловай, аздобленыя віртуознымі джазавымі запіламі Паўла Аракеляна. “Троіца” была традыцыйная, выдатная і мудрая: “Дзе ёсць дождж — ёсць і сонца”. Упершыню на беларускай зямлі выступіў украінскі “ДахаБраха” ў сумесным з беларускім трыа Port Mone праекце “Хмелева Project” — цудоўным вакальна-інструментальным эксперыменце. Поўныя захаплення крыкі “Дзякуем!” усё не сціхалі, пакуль на сцэну не падняліся апошнія выступоўцы “Вольнага паветра — 2012” — немцы Di Grine Kuzine. Яны доўга наладжваліся, а потым выдалі “вар’яцкі кактэйль з клезмера, балгарскіх народных песняў, попу, ска і лаціны”. Гэта было нешта!
Фота і тэкст – Зарына Кандрацьева