У мінулыя выходныя на VII Міжнародным моладзевым тэатральным форуме «М@rt.контакт» было горача, нягледзячы на халоднае і панурае надвор’е. У той час як па цэнтральных вуліцах Магілёва бегалі «ружовыя прышэльцы» з тэатра KUD LJUD, эпатуючы жыхароў і гасцей горада, на сцэну драматычнага тэатра выйшла трупа з Вільні. Рускі драматычны тэатр Літвы прадставіў спектакль Маруса Мацявічуса «Сволочная любовь» у 2-х дзеях паводле аповесці П. Санаева «Похороните меня за плинтусом».
Аповесць Паўла Санаева, сучаснага расійскага пісьменніка і кінарэжысёра, ведаюць многія. Напісаная ў 1994 годзе, яна мноства разоў перавыдавалася і займала верхнія радкі разнастайных рэйтынгаў, у тым ліку і як самая прадаваная кніга. Як вядома, Павел прысвяціў сваю аповесць, збольшага аўтабіяграфічную, айчыму, вядомаму расійскаму актору і рэжысёру Ралану Быкаву. Сюжэт «Похороните меня за плинтусом» і лёг у аснову спектакля «Сволочная любовь».
Гэта аповед пра адносіны паміж блізкімі людзьмі і пра тое, якімі гэтыя адносіны быць не павінныя. А яшчэ пра адзіноту, пра страх, пра няўменне любіць, пра бясконцае гора і стомленасць, пра спагаду і многае іншае.
Дзеянне разгортваецца ў кватэры бабулі, якая выхоўвае васьмігадовага ўнука Сашу. Саша ўвесь час хварэе, а бабуля яго ўвесь час лечыць, не забываючы пры гэтым добра абмацюкаць і ўнука, і свайго мужа, і маму Сашы, і сантэхніка Рудзіка, і наогул усіх навокал. Маці Сашы, якая вымушаная пакінула сына на выхаванне бабулі, спрабуе забраць яго назад, але кожны раз натыкаецца на жалезны адпор тырана і дэспата ў асобе ўласнай маці. Сумная гісторыя расказаная з ладнай доляй іроніі, ад якой робіцца толькі горш. Зрэшты, расказваць пра саму аповесць няма сэнсу – цікавы падыход тэатра да гэтай пастаноўкі.
У першую чаргу абсалютна ўсе гледачы адзначылі выдатную ігру актрысы Iнгi Машкарынай, якая выконвала ролю бабулі Ніны. Яна шмат у чым выцягнула спрэчныя моманты ў спектаклі і зрабіла яго незабыўным. Цікавыя і рэжысёрскія знаходкі. Так, акторы мелі зносіны менавіта з гледачом – яны заўсёды глядзелі ў залу, адрасуючы ўсе свае рэплікі публіцы, а не адно аднаму. Гэта рабіла гледачоў датычнымі да гісторыі, а не простымі назіральнікамі. Таму і эмоцыі ўсе адчуваліся вастрэй, і немагчыма было адвесці вочы.
Спектакль праляцеў непрыкметна, і па яго заканчэнні публіка ніяк не давала акторам сысці са сцэны – мабыць, гэта былі самыя працяглыя авацыі за ўвесь «М@rt.контакт». І нягледзячы на тое, што спектакль, па сутнасці, з’яўляецца складанай сямейнай псіхалагічнай драмай, публіка выходзіла пасля яго ў прыўзнятым настроі.
Марыя Гілёва