На моладзевым тэатральным форуме «Март-контакт», які праходзіць Магілёве, спрабуюць сабраць самыя разнастайныя пастаноўкі — і пластычныя спектаклі, і класіку, і камедыі, і незвычайныя перформансы. Разыначкай гэтага фестывалю зрабіўся спектакль «Пахаванне Кармэн» тэатра Biuro Podrozy з Познані, які быў паказаны пад адкрытым небам, нягледзячы на вецер і мароз.
Польскі тэатр Biuro Podrozy ўжо даўно паказвае гэты спектакль у розных гарадах. І ўмовы надвор’я ніколі не робяцца перашкодай: гуляюць і ў дождж, і ў снег, і ў моцны мароз. І на гэты раз -10 на тэрмометры не спынілі акцёраў, хоць шмат каму з іх прыйшлося гуляць напаўголымі. Гледачоў таксама сабралася нямала: усё ж тэатры такога ўзроўню не часта прыязджаюць у Магілёў, і прапускаць пастаноўку нікому не хацелася.
Перформанс «Пахаванне Кармэн» быў створаны ў 1994 годзе падчас вайны ў Югаславіі і нацыянальных канфліктаў ва ўсім свеце. Гэты перформанс — спроба паказаць вайну з пункту гледжання людзей, ахвяр, якія проста хочуць быць свабоднымі. Тут і ўцекачы, і рэвалюцыянеры, і здраднікі, і героі, і баязліўцы. І смерць, якая непазбежна ідзе ўслед за вайной.
Пастаноўка нікога не пакінула раўнадушным. Страх, надзея, спачуванне, зноў страх — эмоцыі змянялі адна адну, натоўп не адводзіў вачэй ад імправізаванай сцэны. Пра відовішчнасць пастаноўкі можна і не згадваць — напаўголыя каты на хадулях білі бізунамі, вакол палаў агонь, акцёры бегалі і хаваліся ў натоўпе, трымаючы гледачоў у пастаянным напружанні.
Тэатр Biuro Podrozy налічвае ў сваім рэпертуары 14 спектакляў, з якіх 8 — пад адкрытым небам. Спектакль «Пахаванне Кармэн» — адзін з самых вядомых, за яго тэатр атрымаў узнагароду крытыкаў у Эдынбургу і гран-пры Тэатральнага фестывалю ў Афінах. І хутчэй за ўсё на «Март-контакте» гэты тэатр таксама не змогуць не адзначыць.
Марыя Гілёва