Сталі вядомыя назвы спектакляў, што будуць намінаваныя на ІІ Нацыянальную тэатральную прэмію. У верасні адборачная камісія глядзела ўсе пастаноўкі, заявы на ўдзел якіх у канцы мінулага сезона падавалі тэатры. З 39 прадстаўленых пастановак выбралі 16 намінантаў.
— Перад намі стаяла задача не ацаніць, а выбраць найлепшае з таго, што даслалі тэатры, — адзначыў старшыня камісіі, драматург Аляксей Дудараў.
У адборачную камісію ўвайшлі рэжысёры, мастакі, крытыкі і тэатразнаўцы.
З 12 па 18 лістапада усе спектаклі-намінанты будуць прадстаўленыя ў Мінску. А ўжо 19 лістапада ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. Найлепшы спектакль атрымае 25 мільёнаў рублёў, астатнія лаўрэаты — па 6 мільёнаў.
Цяпер складаецца журы (летась яно ўключала 120 чалавек), па выніках прагляду якога і будуць вызначаныя спектаклі-пераможцы. Сёлета з’явіліся тры новыя намінацыі: будзе адзначаны найлепшы спектакль тэатра лялек, найлепшы спектакль для дзяцей і найлепшая праца харэографа-пастаноўшчыка.
Пасля мінулай прэміі было шмат нараканняў на тое, што музычныя спектаклі ацэньваюцца разам з драматычнымі, а варта было б зрабіць асобную намінацыю для музычных пастановак. Але такой намінацыі не з’явілася: як патлумачыў Аляксей Дудараў, у нашай краіне толькі адзін тэатр оперы і адзін музычны тэатр.
Так ці інакш, на атрыманне ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі прэтэндуюць наступныя спектаклі:
“Аіда” Джузэпэ Вердзі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета;
“Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзвіл” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы;
“Гора ад розуму” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага;
“Леаніды не вернуцца на зямлю” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа (Віцебск);
“Пан Міністар” Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача;
“Вянчанне” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек;
“Бяда ад пяшчотнага сэрца” Драматычнага тэатра Беларускай Арміі;
“Фігара.tut” Сучаснага мастацкага тэатра УП “Віртуозы сцэны”;
“Сродак Макропуласа” Тэатра-студыі кінаактора;
“Страцім-лебедзь” Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча;
“Раскіданае гняздо” Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі;
“Прынцэсса і свінапас” Беларускага тэатра “Лялька” (Віцебск);
“Вар’яцкі дзень, альбо Жаніцьба Фігара” Гомельскага абласнога драматычнага тэатра;
“Пікавая дама” Гарадзенскага абласнога тэатра лялек;
“Аднакласнікі” Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра;
“Чарадзейны пэндзлік” Магілёўскага абласнога тэатра лялек.
Як паведамілі арганізатары прэміі, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, Беларускі дзяржаўны моладзевы тэатр і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі не ўдзельнічаюць сёлета ў прэміі. Свае заявы амаль не дасылалі і незалежныя тэатральныя калектывы, напрыклад, “Каракулі”, «D.O.Z.S.K.I.», Тэатр Яўгена Карняга і інш.
Хто ўсё ж такі атрымае пераможныя статуэткі, можна ўбачыць на свае вочы. Квіткі на цырымонію ўзнагароджання і на прагляд спектакляў-намінантаў хутка з’явяцца ў продажы.
Вераніка Молакава