Беларускі моладзевы партал 34mag.net запусціў першы айчынны інтэрнэт-мультылэйбл «Пяршак».
Па сутнасці, гэта электроннае выдавецтва, у якім будуць прэзентавацца музыка, кніжкі, фільмы і мастацкія праекты. Важнай асаблівасцю «Першака» ёсць тое, што для спажыўца ўсё гэта будзе цалкам бясплатна, а спампаваць альбом або кніжку можна будзе літаральна за два клікі.
«Рубрыка “Пяршак” стартавала на нашым сайце паўтара года таму і задумвалася як пляцоўка, дзе будзе эксклюзіўна выкладацца цікавы нам айчынны арт, пачынаючы ад музыкі і сканчаючы мастацкімі палотнамі, – тлумачыць рэдактар 34mag.net Danila Berencef. – За гэты час мы выклалі ў свабодны доступ каля дзясятка знакавых для айчыннай сцэны альбомаў, выдалі дзве кнігі, адна з якіх увайшла ў лонг-ліст літаратурнай прэміі Гедройца, прэзентавалі некалькі культавых відосаў. З цягам часу зрабілася зразумела, што апублікаваны намі матэрыял маштабам і ўплывам значна перарастае межы звычайнай рубрыкі. Тады мы пачалі працаваць над мультылэйблам, мэта якога – дапамагаць таленавітым людзям данесці сваю творчасць да тых, хто зацікаўлены, і адначасова быць простым і юзабельным боксам для мастацкага кантэнту».
Акрамя выдання айчыннага арту, «Пяршак» будзе займацца творчасцю замежных артыстаў. Першаю ластаўкаю была прэзентацыя альбома культавага ўкраінскага гурта «Хамерман Знищує Віруси». Супраца з творчымі кам’юніці замежных краін будзе працягвацца.
На мінулым тыдні на «Першаку» была прэзентаваная віртуальная выстава беларускага мастака Васіля Пачыцкага. Большасць палотнаў з праекту «Закінуты свет» была напісаная цягам 2000-х. На гэтых карцінах перад вачыма гледача паўстае цэлы фэнтэзійны свет са сваімі персанажамі-дзівакамі, разгадваць і разглядваць які можна гадзінамі.
З бліжэйшых планаў лэйблу – выданне першай электроннай кнігі Васіля Быкава «Пасляжыццё». У яе ўвойдуць творы, не апублікаваныя пры жыцці пісьменніка, у тым ліку тэксты з нядаўна знойдзенага «гарадзенскага архіва».