У Нацыянальным тэатры оперы і балета паставілі “Пікавую даму” Чайкоўскага.
Склалася так, што “прасунутыя” гледачы і крытыкі нязменна захапляюцца пастаноўшчыкамі з іншых краін (пераважна заходніх) і з доляй скепсісу ставяцца да айчынных калег. Але заўважце: замежную “прадукцыю” мы бачым пераважна на міжнародных фестывалях. А вось паглядзець на такія пастаноўкі ў фармаце рэпертуарнага тэатра амаль не атрымліваецца. Бо да нядаўняга часу ў Мінску ішлі ўсяго чатыры спектаклі, пастаўленыя рэжысёрамі не з краін былога СССР.
Сітуацыю змяніла рэпертуарная палітыка Опернага тэатра, які летась узяў курс на запрашэнне замежных рэжысёраў. У снежні 2013 года немец Ханс-Ёахім Фрай паставіў “Лятучага галандца” Вагнера. У сакавіку 2014-га эстонец Неэме Кунінгас прадставіў уласную версію “Рыгалета” Вэрдзі. “Пікавая дама” – трэцяя запар опера, увасобленая рэжысёрам з замежжа.
Для яе пастаноўкі ў Беларусь быў запрошаны Пламен Карталаў, рэжысёр і дырэктар Сафійскага нацыянальнага тэатра оперы і балета (Балгарыя). У 2012-м на Мінскім калядным форуме гэты калектыў паказваў оперы Вагнера “Зігфрыд” у яго пастаноўцы. У інтэрпрэтацыі Карталава міфалагічны свет увасабляўся праз сцэнічны мінімалізм, які ствараў эфект прысутнасці герояў у касмічнай прасторы.
Але “Пікавая дама” выглядае не такой цэласнай. Мяркую, адна з прычын – у недакладнасці агульнай канцэпцыі (або ў тым, што яна не спрацоўвае). Напрыклад, адной з найлепшых падалася сцэна ля Канаўкі (апошняя сустрэча Лізы і Германа). Пустая сцэна, велізарныя люстэркі (сцэнаграфія Аляксандра Касцючэнкі), выдатная праца мастака па святле Ірыны Уторнікавай перадавалі дух Пецярбурга, адчуванне пустэчы і адзіноты. А ледзяная прастора сімвалізавала холад, які панаваў у душы галоўнага героя. Вобразна-сімвалічнае рашэнне гэтай сцэны, якое да таго ж стварала пэўную пераемнасць з “Зігфрыдам”, выклікала захапленне.
Але гэты фрагмент прыкметна кантраставаў з іншымі. Напрыклад, у сцэне балю сцэнаграфія і касцюмы вырашаныя праз залаты колер. У сваю чаргу, сцэнаграфія заключнай карціны, падчас якой ідзе картачная гульня, – праз зялёны. Трэба разумець, што ў першым выпадку робіцца “празрысты” намёк на ўладу грошай, у другім – на колер картачнага стала. Але ці занадта просталінейна выглядае такое рашэнне?
Не заўсёды можна пагадзіцца і з вобразным вырашэннем касцюмаў. Магчыма, мастак Ніна Гурло рабіла стаўку на іх гістарычнасць. Цікавае вонкавае аблічча Лізы і Графіні, хору ў апошняй карціне. Але ў астатнім складвалася ўражанне, што касцюмы пазычаныя з музейнай экспазіцыі. Або з оперы “Яўгеній Анегін”.
Дастаткова спрэчнай падалася і рэжысёрская трактоўка партыі Германа. У пачатку дзеяння герой Васіля Мінгалёва ўжо хворы і застаецца ў такім стане цягам усяго дзеяння. Нездарма ў люстэрках адбіваецца паралельная рэальнасць, у якой ён знаходзіцца. А каб нездагадлівыя гледачы зразумелі, што герой – вар’ят, Германа апранаюць у чорнае. Маніякальныя мары героя могуць тычыцца чаго заўгодна: кар’еры, кахання, багацця. Нездарма калі ён чуе пра тры карты, дык літаральна ажывае і, нібы драпежная птушка, распраўляе крылы.
Такая трактоўка прыводзіць да двух наступстваў. Не зусім зразумела, чаму ў Лізы (Таццяна Гаўрылава), якая мае жаніха, раптоўна ўзнікаюць пачуцці да Германа. Калі гераіня кажа: “Не, жыві! Я твая!” – яе паводзіны можна патлумачыць толькі шкадаваннем нездаровага чалавека. Належнага псіхалагічнага абгрунтавання ў гэтай сцэне не хапае. А значыць, уся гісторыя кахання аказваецца хісткай.
Акрамя таго, узнікае кантраст паміж галоўнымі героямі. Вобразу Лізы ўласцівае ўнутранае развіццё: яна на вачах сталее, ператвараецца з наіўнай дзяўчыны ў жанчыну, якая зведала і расчараванне, і здраду. Гэты вобраз – удача Таццяны Гаўрылавай. А вось вобраз Германа аказваецца ўнутрана больш аднапланавым і статычным. Пры тым, што вонкава герой выглядае рухомым і нервовым.
Калі спыніцца на іншых салістах, адзначу, што Уладзімір Пятроў (Ялецкі), Станіслаў Трыфанаў (Томскі) і Наталля Акініна (Графіня) выконваюць свае партыі на высокім узроўні (як вакальным, так і акцёрскім). Праўда, з вобразам Графіні ўсё не так проста. У дадзеным выпадку выраз “актрыса выглядала занадта маладой” не з’яўляецца кампліментам. Гераіня Акінінай больш нагадвае маці або цётку Лізы. Хоць у оперы неаднойчы згадваецца, што ёй 80 гадоў. Гэтая Графіня – жанчына сталага ўзросту, якая можа жыць яшчэ доўга. Яе смерць робіцца ненаўмысным забойствам і не мае аніякага адцення містычнасці. А таму ідэі прадвызначанасці і наканаванасці, якія спрабуе ўвасобіць Пламен Карталаў, не спрацоўваюць. А злавеснасці і жаху не адчуваецца.
Таму для мяне галоўнай высновай стала парадаксальная, хоць і ў нечым банальная думка: магчыма, варта больш давяраць сваім рэжысёрам? “Лятучы галандзец”, “Рыгалета” і “Пікавую даму” цяжка назваць мастацкімі шэдэўрамі. Між тым, у Оперным яшчэ не ставілі ніводнага спектакля такія вядомыя рэжысёры, як Ганна Маторная ці Анастасія Грыненка. Апошняя пастаноўка Галіны Галкоўскай (“Кашчэй бессмяротны”) датаваная лістападам 2012 года. Ды і галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл Панджавідзэ апошнім часам часцей працуе за мяжой. Прычым рэцэнзіі на яго спектаклі ствараюць уяўленне (магчыма, памылковае), што “там” ён часцей адыходзіць ад канону і традыцый, чым “тут”. Зразумела, гэтыя думкі – не падстава адмаўляцца ад пастаноўшчыкаў з замежжа. Так, праца з рознымі рэжысёрамі карысная для трупы. Але “легіянер” у любым выпадку павінен быць мацнейшы за мясцовага творцу. Таму слоган “Купляем беларускае!” зноў набывае актуальнасць.
Дзяніс Марціновіч,
Фота Міхаіла Несцерава з сайта http://bolshoibelarus.by