«Правы радыкал» — так зазвычай рэпрэзентуюць Юр’я Станкевіча. Але больш слушна будзе назваць пісьменніка «правым інтэлектуалам», бо неяк не стасуецца вобраз патэнцыйнага чытача аўтара з брытагаловым дзецюком, што рэфлексуе над пытаннямі камп’ютарнай сімуляцыі, таямніцамі паранармальных з’яў і антыўтапічнымі карцінамі будучыні. Не ўнікае Станкевіч і вострасацыяльных тэмаў, такіх, як непажаданая міграцыя, падзенне нораваў еўрапейскай цывілізацыі, страта народамі нацыянальнай ідэнтычнасці. Парадаксальна, але сярод прыхільнікаў творчасці аўтара моладзь розных ідэйных перакананняў і проста неабыякавыя да лёсу радзімы людзі.
— Хутка павінна выйсці ваша новая кніжка — зборнік напісанага за апошні час. Адкрыем некаторыя яе таямніцы. Адно з цэнтральных месцаў у кнізе зойме аповесць «Шал», што закранае тэму экзарцызму і дзе ўзнікае не характэрны для вашае ранейшае творчасці герой праваслаўнага святара. З чым звязаны такі зварот да рэлігійнай тэматыкі?
— Аповесць «Шал» дала хіба што назву зборніку. Гэта эксперыментальная рэч, заснаваная на, так бы мовіць, «недаказах» — імітацыі кароткіх і абмежаваных у моўных пабудовах думак. У тэксце адсутнічаюць вялікія літары.З гэтай невялікай аповесцю я, мяркую, «у тэме», бо, па сведчаннях псіхіятраў, колькасць апантаных апошнім часам павялічылася ў 25 (!) разоў. Ды і што такое апантанасць? Псіхічнае захворванне? Апанаванне нейкай сутнасцю? Спрачаюцца.
Ну, а «герой другога плану», сапраўды, святар. Такія ёсць і ў нас — царква не забараняе, а, наадварот, ухваляе дзейнасць нешматлікіх экзарцыстаў. І не толькі праваслаўная, а і ўніяцкая, касцёл, сінагога, мячэць. Сюды ж — азіяцкія шаманы і г. д.
— Вы не баіцеся даследаваць такія няпростыя пытанні, як паранармальныя з’явы, НЛА, вампірызм, палтэргейст і г.д. Зразумела, што гэткая цікавасць небеспадстаўная. Можа, прыгадаеце нейкія містычныя выпадкі з уласнага досведу, якія цяжка патлумачыць?
— Я не перабольшваю фактар містыкі, лічу, што яна ўвогуле надуманая, бо шматлікія «інфернальныя» з’явы можна растлумачыць навукова. Проста навука «ўперлася» ў тупік. Нешта пагрозлівае, нейкая бездань не пускае яе далей.«Тэорыю ўсяго» так і не вызначылі, а шукальнікі калянавуковых фактараў, як правіла, становяцца ахвярамі астракізму. Неахвотна, з рыпам, як у нязмазанага кола, навука змушана прызнаць рэчаіснасць існавання такіх з’яў, як палтэргейст, тэлегонія, гамеапатыя, аднаяйкавыя блізняты, яснабачанне і г.д. А тлумачэння ім няма.
У сярэдзіне мінулага стагоддзя межы былога СССР былі заблакаваныя. Упершыню расчыніў іх міжнародны фестываль моладзі, які адбыўся ў гэтак званую «хрушчоўскую адлігу».
Падчас гэтага фестывалю адбываліся сексуальныя кантакты некаторых масквічак з іншаземцамі, у прыватнасці, з прадстаўнікамі негроіднай расы. Але, як кажуць, «шустрыя блошкі першымі на грабеньчык трапляюць…» Негры з’ехалі, дзяўчаты павыходзілі замуж за беласкурых хлопцаў, але раптам пачалі праз год-два-тры нараджаць… негрыцянят.
Гэта — тэлегонія. Любы кінолаг, галубятнік ведае яе законы. Яны, між іншым, распаўсюджваюцца і на людзей. Навука ж тут, як кажуць, адпачывае.
У канцы 80-х я быў сведкам такой з’явы, як палтэргейст, які адбываўся ў адным з дамоў Барысава.Паглядзець на гэта злавеснае дзіва завітвалі, акрамя прэсы, міліцэйскія начальнікі і партыйныя сакратары з ідэолагамі. Сыходзілі ж узмакрэлыя з невытлумачальнага страху, у цяжкім одуме.
Сапраўды, каму тут «сунеш у нос» навуковы камунізм, марксізм-ленінізм і тым больш — класавую барацьбу? Як растлумачыць, калі пробкі з электралічыльніка выкручваліся самі на іх вачах і ляцелі ім у твары, у паветры лётаў посуд, а свінні з замкнёнага хлява раптам праз сцены апыналіся на двары?
Кніга, якая звальваецца з паліцы і разбіваецца, як шкло, на дробныя аскепкі, піянерскі горн, што завязваецца на вузел — якая энергія стварае ўсё гэта, і чаму яна зноў знікае ў нішто?Так, я іншым разам закранаю такія з’явы, але яны служаць у тэкстах не больш як фонам.
— Крытык Леанід Галубовіч выказаў думку, што ў нашай сучаснай літаратуры ёсць выдатны белетрыст, майстар сюжэтаў Станкевіч і выдатны стыліст Бахарэвіч, але акурат бракуе таго, каб спалучыліся гэтыя дзве з’явы — майстэрскі стыль і сюжэт. Што вы думаеце пра ўзаемаадносіны гэтых дзвюх плыняў у пісьменніцкай творчасці?
— Згодны, што стыль, спалучаны з напружаным сюжэтам, толькі на карысць мастаку. Калісьці Дж. Апдайку не дастаўся «нобель» па літаратуры менавіта таму, што ў яго былі слаба распрацаваныя сюжэты. У. Набокаў «клеймаваў» Дастаеўскага за стыль.З іншага боку, залішняя і «набокаўшчына», да якой надта схільны наш «каруначнік» Бахарэвіч. Хоць яго проза — гэтыя жанчынападобныя моўныя карункі — верагодна, і патрэбная. (Не чытаў, праўда, яго апошні раман «Шабаны», у якім, кажуць, прысутнічае і сюжэт.) Больш востры ён, лічу, у галіне літаратурнай крытыкі.
— Мне пашчасціла пазнаёміцца з неапублікаваным яшчэ сцэнарыем мастацкай стужкі «Фалькона», які вы напісалі летась. Ён прысвечаны невядомым старонкам незалежніцкага змагання беларусаў падчас Другое сусветнае вайны (тут згадваюцца і Беларуская незалежніцкая партыя, і дэсантны батальён «Дальвіц», і Саюз беларускай моладзі, і г.д.). У гэтым і ў папярэдніх творах вы паслядоўна здымаеце заслону з гэтай нераскрытай тэмы, тым самым папіраючы традыцыю беларускай савецкай літаратуры з яе гераічным пафасам, прышчэпленым нам у школе. Чым вы кіруецеся: жаданнем аднавіць гістарычную праўду ці, хутчэй, вобразна адлюстраваць перыпетыі сучаснасці?
— Беларусь перажыла некалькі няпростых гадоў акупацыі падчас савецка-нямецкай вайны. Пачытайце заснаваную на дакументах кнігу Ю.Туронка на гэты конт, некаторых іншых даследчыкаў, якія адлюстроўвалі тыя падзеі больш праўдзіва, а не з аднаго толькі боку.
Гэта быў час, калі пераважная большасць інтэлігенцыі, шматлікія патрыёты, што ацалелі пасля сталінскіх зачыстак, і значная частка народу памкнуліся выкарыстаць сітуацыю, каб здабыць сваёй краіне незалежнасць. І ад расейскіх бальшавікоў, і ад немцаў. Яны цярпелі паразы, гінулі, але іх намаганні не мінулі дарэмна.
Хацелася, каб пра іх не забыліся. Таму і з’явіліся «Лавец святла поўні», «Фалькона», «Гарпіі» і інш.
— Мала каму вядома, што празаік Станкевіч з’яўляецца яшчэ і аўтарам шэрагу адметных тэатральных п’есаў. На жаль, пакуль што яны належным чынам не адкрытыя для тэатральнай публікі. Спроба паставіць п’есу «Шэва» ў Мазырскім драматычным тэатры завяршылася трагедыяй. Не вызначаны лёс спектакля аб праблемах СНІДу і наркаманіі «Шэры-брэндзі, ангел мой…» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, пастаўленага летась… З чым вы звязваеце тыя вялікія перашкоды, якія ўзнікаюць на шляху ўзыходжання вашых твораў на тэатральныя падмосткі?
— Лепш не звязвацца ні з тэатрам, ні з кіно. Тым больш, што драматургам я сябе не ўяўляю, а ўсялякія спробы дасягнуць нечага ў гэтых галінах бессэнсоўныя, пакуль у нашым кіно зноў здымаюць нешта «пра дзеда Талаша», а на сцэне мусоляцца «Радавыя». І бегаць «курэйчыкам» па Маскве з вырачанымі вачыма, каб накрэмзаць якую «любоў-маркоў» ды яшчэ па-расейску, — не зусім і прыстойна для чалавека мастацтва.
Вядома, шкада, што «закансервавана» п’еса «Шэры-брэндзі, ангел мой…», скіраваная супраць наркаманіі. Можа, у нас паменшылася падсаджаных на «бубкі» ці на «герыча»? Наадварот. Дык у чым рэч?
— У сваёй прозе вы адкрыта вызнаеце правыя погляды на тое, што тычыцца рашэння многіх сацыяльных ды нават і бытавых праблем. Ці не пужае вас з’яўленне ў сучасным свеце такіх праварадыкальных фанатыкаў, як нарвежскі тэрарыст Брэйвік? І што вы думаеце пра глабальнае абвастрэнне агрэсіі, пра хвалю тэрору, што дакацілася і да нашай краіны?
— Так, у свеце набірае моц геапалітычны перадзел. У шматлікіх рэгіёнах малыя краіны і народы могуць знікнуць назаўсёды. Пагроза паўстала і перад беламора-балцкай расай.
Укормленыя заходнія дэмакраты і лібералы свядома ігнаруюць небяспеку, а перспектыва «пугачоўкі» за іх дзецьмі і ўнукамі ўжо наяве. Гэта і за імі хутка пачнуць… ганяцца на вуліцах з гакамі.
Яшчэ больш пагаршаецца сітуацыя з-за прапаганды гомасексуальных адносінаў, дазволу аднаполых шлюбаў і г.д., што падтрымліваецца «левакамі».
Справа Брэйвіка — «мутняк». У наш час замбаваць можна любога псіхапата альбо звычайнага сліпера. І тэрор, які б ён ні быў, варты жорсткага пераследу і асуджэння, бо ў выніку яго гінуць і не вінаватыя ні ў чым людзі, а грамадская думка набывае адпаведны кірунак.
— Ці не жадаеце, маючы такі трывалы ідэйны падмурак, што закладзены ў вашых творах, сказаць сваё слова ў палітыцы? Мець грамадзянскую пазіцыю для пісьменніка сёння — значыць, быць палітычна заангажаваным, ці не?
— Я не ўяўляю, што там шукаць, у той палітыцы? На гэта ёсць палітолагі, публіцысты, урэшце, мэтанакіраваныя асобы і г.д. Мастак жа сам па сабе: ён нібы «свяшчэнны скарабей» у Старажытным Егіпце. І заўсёды павінен памятаць, што, па словах філосафа, «свабодны розум — вораг ланцугоў — ненавісны народу, як воўк сабакам».
Тэкст: Алесь Сухадолаў, bolshoi.by
Фота: Валерый Патапенка