Творчая біяграфія часцей асацыюецца з «Клубам-27», вар’яцкімі эскападамі і надрывам, чым з ураўнаважанасцю і самадысцыплінай.Але наколькі справядлівы гэты стэрэатып? Дацкая пісьменніца Дортэ Норс расказала журналісту The Atlantic пра ўрок, атрыманы ад Інгмара Бергмана: сапраўднаму мастаку патрэбныя не драмы і допінг, а адзінота і спакой. «Тэорыі і практыкі» выбралі з тэксту самае важнае.
Вельмі мала хто ведае, што Бергман быў дзівосным пісьменнікам. Часам я аддаю перавагу яго тэкстам перад яго фільмамі. Самая важная з яго кніг для мяне — “Чароўны ліхтар”, мемуары, якія ёсць не толькі яго аўтабіяграфіяй, але і найважнейшым дапаможнікам па тым, як жыць жыццём мастака. Я лічу, што ўсе пісьменнікі і мастакі павінныя прачытаць Бергмана, таму што ён вельмі выразна фармулюе, як гэта — быць мастаком.
Менавіта ў гэтай якасці — свайго кшталту ментара, мысляра, які разважаў пра творчы лад жыцця, — ён быў такім каштоўным для мяне. Яго біяграфія зусім не падобная да таго, што абраў бы сярэднестатыстычны швед. Шведаў гэта крыху раздражняе, таму што ну, разумееце, у яго было дзевяць дзяцей ад васьмі жанчын. Ён ніколі не рабіў таго, чаго ад яго чакалі, а шведы амаль заўсёды імкнуцца адпавядаць чаканням.
Але пры гэтым ён быў вельмі дысцыплінаваным мастаком. У яго не было дысцыпліны ў асабістым жыцці, але калі справа датычыла яго творчасці і ўсяго, з ёй звязанага, ён фенаменальна валодаў сабой.
Апошнія 25 гадоў свайго жыцця ён быў жанаты з адной і той жа жанчынай, і хаос у яго жыцці знік. Ён жыў на маленькай выспе пад назвай Фаро на поўначы Готланда, дзе задумваў свае фільмы, пісаў сцэнары, рабіў раскадроўкі і гэтак далей. Ён абмежаваў кола сваіх заняткаў: акрамя разважанняў і працы ён мог хіба што пайсці на шпацыр. Ён піў толькі знятае малако і днём з’ядаў адно печыва — яго хворы страўнік не мог прыняць больш. Пасля поўдня або ўвечары да яго прыходзілі госці і глядзелі фільмы ў яго асабістым кінатэатры. І гэта быў яго штодзённы распарадак. Ён не спрабаваў рабіць нічога больш.
Для мяне гэта прыклад жорсткай дысцыпліны — жыць пераважна дзеля служэння свайму мастацтву. Але мы таксама чуем іншы міф: што трэба браць ад жыцця ўсё. Вы ведаеце гэтае клішэ: вы выходзіце ў горад, прымаеце наркотыкі, п’яце, бегаеце па сценах, мочыцеся ў камін. Гэта стэрэатып. Можна часта сустрэць мастакоў, якія вядуць такі лад жыцця, — і ў нейкі момант убачыць, што яны ствараюць не так ужо шмат. Яны жывуць жыццём мастака, але не працуюць як мастакі.
Калі вы ведзяце такі ж лад жыцця, як Бергман, — бавіце доўгія гадзіны ў адзіноце, працуючы над сваім творам, некаторыя людзі пачынаюць выкарыстоўваць розныя рэчывы, каб згладзіць вострыя вуглы. Яны п’юць або прымаюць наркотыкі, каб даць рады балючым бакам творчасці. Але гэтак жа робяць і людзі, якія не ствараюць мастацтва. Не толькі артысты п’юць, каб справіцца з уласным жыццём. Так што гэта не зробіць вас больш цікавым ці творчым і можа нават зламаць вас.
Бергман запісаў цікавую гісторыю пра маладую актрысу, якая цвяліла яго за тое, што ён занадта заціснуты: недастаткова нястрымны, недастаткова п’е і недастаткова робіць то адно, то другое. І ён піша, што яна памерла ў 50 гадоў у вар’ятні, страціўшы ўсе зубы. Вось што яна атрымала, жывучы поўным жыццём.
Мы можам аддзяліць творчы боль, вопыт глыбокіх перажыванняў, ад балючага жыцця. Першае — не ўмова для другога. Што цікава ў гісторыі з Бергманам — ён паказвае, як можна выкарыстоўваць сваіх унутраных дэманаў, каб знайсці свой шлях у жыцці. Вы можаце накіраваць іх на нешта добрае замест таго, каб даць ім загубіць сябе. Бергман вёў дзённік кожны дзень, і цытаты з яго можна прачытаць у кнізе пад назвай «Карціны». Адзін радок, у прыватнасці, фармулюе ідэю пра сувязь паміж болем і крэатыўнасцю:
«Тут, у адзіноце, я адчуваю, што ўва мне занадта шмат чалавечнасці».
У арыгінале выкарыстоўваецца шведскае слова «människa», што азначае «чалавек» — гэта значыць, ува мне занадта шмат «чалавека». Гэта ўспаміны, эмоцыі, быццё, боль, нават просты факт таго, што ты жывеш і дыхаеш. Усё адразу: чалавечы вопыт. Ён ёсць ва ўсіх нас, нават у людзей, якія не могуць выказаць яго ў мастацтве. Але гэта прафесія мастака — быць успрымальным да адчуванняў, даследаваць іх, ператвараць іх у апавяданне, карціну або фільм.
Я часта сустракаю мастакоў, якія кажуць, што для стымуляцыі крэатыўнасці добра пакурыць травы ці зрабіць нешта падобнае. Але па сутнасці гэта толькі апраўданне. Калі чалавечнасць льецца з вашых вен, вам не патрэбен трыгер, каб успомніць пра яе.
І потым, Бергман падкрэслівае слова «адзінота» — тое, што творчы працэс разгортваецца ў гадзіны адзіноты. Гэта тое, як здзяйсняецца праца. Вам трэба кантраляваць сваю творчую энергію і дысцыплінаваць сябе, каб выканаць задуманае. А гэта можна зрабіць толькі ў адзіноце.
Я стараюся памятаць, што пішу ўвесь час, — нават калі не пішу. Адзінота, як мне здаецца, павышае ўспрымальнасць мастака, і гэта балючы працэс, які патрабуе напружання. Калі ты сядзіш за сталом у адзіноце і, засяродзіўшыся на працы, вяртаешся да сябе. Тваё жыццё і твае эмоцыі, тое, што ты думаеш і адчуваеш, пастаянна накатвае на цябе. І адчуванне «лішку чалавечнасці» робіцца яшчэ мацнейшым: ты не можаш уцячы ад сябе, ад сваіх эмоцый, памяці і матэрыялу, над якім працуеш. Адзінота мастака — гэта рашэнне разгарнуцца і паглядзець у твар гэтым пачуццям.
Для гэтага патрэбная смеласць. Ты занураешся ва ўласную нікчэмнасць, уласную маладушнасць, у самыя непрыемныя бакі сябе.Але тое, што ты перажыў, робіцца тваім тэкстам. І не існуе простага спосабу прайсці праз гэта, калі вы хочаце займацца літаратурай.
Вось чаму навучыў мяне Бергман і іншыя шведскія пісьменнікі — заставацца ў гэтай балючай зоне і дысцыплінаваць сябе, каб трапіць туды, куды я хачу. Гэта вельмі складана, таму што я таварыскі чалавек. Мне падабаецца весяліцца і размаўляць з людзьмі.Але даводзіцца раздзяляць сваё жыццё. І я атрымліваю асалоду ад перыядаў, калі мне хапае смеласці застацца сам-насам з сабой на нейкі час. Тады мне ўдаецца зрабіць нешта сапраўды добрае.