На календары «Першапачатак», што быў прэзентаваны ў Нацыянальным гістарычным музеі, Рыгор Барадулін выступіў у ролі мудрага Дамавіка, Міхась Скобла прадстае вясёлым Лазнікам, а Аксана Данільчык – рамантычнай Лёляй. Каляндар, які ўвасабляе «беларускі Алімп», як назваў яго Алесь Пашкевіч, прыўрочаны да 80-годдзя Саюза беларускіх пісьменнікаў.
На імпрэзе было шмат сяброў пісьменніцкай арганізацыі, і асноўная ўвага надавалася менавіта юбілею, які мае адбыцца ў 2014 годзе, таму прамовы былі ўзвышаныя – пра пісьменніцкае пакліканне, мінулае і вечнасць.
Старшыня СБП Барыс Пятровіч напачатку каротка распавёў пра “першапачатак” арганізацыі: “23 красавіка 1932 года прагучала першая прапанова аб стварэнні Саюза, і на працягу двух гадоў з’явіліся “Літаратура і Мастацтва” ды іншыя выданні. А у чэрвені 1934 года адбыўся першы з’езд Саюза пісьменнікаў. Класікі Янка Купала і Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны, Пятрусь Броўка ды дзясяткі іншых беларускіх літаратараў стаялі ля вытокаў. На працягу сваёй дзейнасці арганізацыя мела розныя назвы – была і Саюзам пісьменнікаў БССР, і Саюзам пісьменнікаў Беларусі, і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. У яе ўваходзілі аўтары, творы якіх складаюць залаты фонд беларускай літаратуры. Немагчыма не згадаць Максіма Танка, Івана Мележа, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Міхася Стральцова. За ўсю гісторыю 19 беларускіх пісьменнікаў атрымалі ганаровыя званні народных, больш як 100 сталі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Беларусі, 10 былі акадэмікамі Нацыянальнай акадэміі навук, але галоўнае – пісьменнікі пакінулі пасля сябе творы, якія перакладаюцца на розныя мовы свету”.
Аўтарам ідэі і каардынатаркай прэзентаванага календара, дзе пісьменнікі пераўвасабляюцца ў паганскіх міфічных істот, стала паэтка Ірына Хадарэнка, а ўвасобіў задумку фотамастак Валер Дубоўскі. “Гэта не гламурная тэма, фотастудыя тут не падыходзіць. Таму здымалі ў лесе, у полі, у музеі архітэктуры і побыту, дзе няма святла, – распавядае ён. – Да стварэння календара спрычыніліся розныя ўстановы, і дзяржаўныя, і недзяржаўныя. Нехта нёс вопратку, нехта дапамагаў зрабіць макіяж асобным героям – вялікі ўсім дзякуй”.
Паэтка Антаніна Хатэнка, якая пагадзілася ўвасабляць жонку Перуна Цёцю, бачыць у праекце найвышэйшую мэту: “Насамрэч гэта трошкі гульня, але і не гульня. Мы ўзялі на сябе ролі вельмі адказныя, мы ўзялі на сябе ахову беларушчыны. Усе з гэтых бостваў нясуць ахоўную, абярэжную сілу, перадаюць яе адтуль, дзе жылі, мыслілі, паміралі і зноў давалі пачатак нашыя папярэднікі”.
Паэт і журналіст Міхась Скобла як сапраўдны Лазнік прачытаў “Оду лазні”, якая бы “біблейскі Чысцец” ды “свята ў будзёны дзень”, і запрасіў усіх у парыльню пасля імпрэзы.
Вядоўца Усевалад Сцебурака намагаўся працягнуць бадзёры настрой, які прыўнёс у задуменны лад вечара Міхась Скобла, але атрымлівалася ўсё адно пра бязлітаснасць вечнасці: “Якія б ні былі сумныя часіны, калі людзі набываюць каляндар, значыць, спадзяюцца пажыць яшчэ год, – аптымістычна сказаў Сцебурака. – Беларусы штодня паміраюць, але як ёсць каляндар – значыць, пажывем яшчэ трошкі”.
Паэтка Аксана Спрынчан, якая ў календары была Бордзяй, асэнсавала сваё жыццё, суаднёсшы яго з дзевяццю старшынямі Саюза пісьменнікаў: “Я нарадзілася, калі старшынёй быў Максім Танк, я ўпершыню закахалася, калі старшынёй быў Васіль Зуёнак, я распачала пісаць, калі старшынёй фармальна быў Уладзімір Някляеў, а фактычна – Вольга Іпатава. Мая першая кніга выйшла за часамі Алеся Пашкевіча, і нібыта самае надзвычайнае адбылося са мной пры Барысе Пятровічы – я сталася міфічнай істотай. Мне не давялося жыць толькі падчас трох старшыняў Саюза пісьменнікаў. З унукам першага – Міхася Клімковіча – мы сябры. Як чалавек, які нарадзіўся ў Лунінцы, у буйным чыгуначным вузле, я, вядома, заўсёды з другім старшынёй – Міхасём Лыньковым і яго “Міколкам-Паравозам”. Восем год я працавала ў выдавецтве імя трэцяга старшыні Саюза пісьменнікаў – Петруся Броўкі”.
Паэтка дадала, што калі ў лазні жыве Лазнік, а ў хаце – Дамавік, то ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў павінна быць свая міфічная істота. Спрынчан прапанавала назваць яе Саюзяй.
Напрыканцы выступіў Алесь Пашкевіч, які пашкадаваў, што ў беларускім годзе 12 месяцаў, а не 425 па колькасці сяброў арганізацыі.
Аляксандра Дорская
Фота: Зарына Кандрацьева