Прыпяцкае Палессе — міжрэчча Сцвігі, Гарыні і Прыпяці — унікальны прыродны лесабалотны рэгіён Еўропы, які ўражвае мноствам азёр, забалочаных мясцін, жывапіснымі лясамі, пойменнымі дубровамі, багаццем расліннага і жывёльнага свету.
Асабліва жывапісны ён у перыяд вясенніх разліваў, калі праз гэтую тэрыторыю мігруюць і прылятаюць сюды гняздзіцца пералётныя птушкі. Але і побыт насельнікаў гэтага краю не пакідае нікога абыякавым, бо тут захаваліся архаічныя абрады і звычаі, рамёствы і промыслы, своеасаблівая архітэктура і побыт. Некалі самы адсталы ў эканамічным плане Петрыкаўскі раён стаў вядомым усяму свету дзякуючы таму, што яго тэрыторыя з вёскай Ляскавічы стала цэнтрам Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, які ўзначальвае ўраджэнец гэтых мясцін Сцяпан Бамбіза. У Ляскавічы прыязджае шмат замежных паляўнічых і рыбаловаў, якія ў захапленні ад гэтага краю, называюць яго беларускай Амазонкай. Сцяпан Мікалаевіч ініцыяваў фотасафары, што дазваляе назіраць жывёл і птушак у натуральным асяроддзі. У 1998 годзе ў Тураве быў адкрыты першы ў Беларусі Музей прыроды, які ў 2012 годзе атрымаў новы будынак у Ляскавічах. Музей унікальны, ён паказвае традыцыйнае жыццё чалавека сярод лясоў і балот Прыпяцкага Палесся ад старажытнасці да нашага часу.
З 2010 года ў рамках “Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2009—2015 гады” тут кожныя два гады праводзіцца фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”. Сёлета ён прайшоў трэці раз і сабраў звыш 20 тысяч удзельнікаў і гасцей, у тым ліку мастацкія калектывы з Расіі, Польшчы, Малдовы, Украіны, Кітая. Праграма была вельмі насычанай і разнастайнай — з паказам фільмаў, прэзентацыяй кніг пра Палессе, выставамі, катаннем па Прыпяці на цеплаходах, гульнямі, конкурсамі і атракцыёнамі, сярод якіх — конкурс “Палеская прыгажуня — 2014” і конкурс маладой сям’і “Уладар Палесся”. Знакамітыя палешукі атрымалі званне “Ганаровы паляшук” і бронзавыя статуэткі, слуцкія паясы, вытворчасць якіх у нашай краіне аднавілі нядаўна, а таксама запрашэнні адпачыць у Ляскавічах. Гэта тураўлянін, віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, дырэктар Нацыянальнага парка “Прыпяцкі” Сцяпан Бамбіза, які нарадзіўся і жыве ў Ляскавічах; мазыранін, знакаміты маэстра прафесар Фінберг, кіраўнік Дзяржаўнага народнага хору Міхаіл Дрынеўскі (родам з вёскі Тонеж Лельчыцкага раёна), вядомы ўнікальны рэзчык па дрэве, які працуе адной сякерай і стварыў у роднай вёсцы Цераблічы Столінскага раёна Музей драўлянай скульптуры і малюнкаў, у якіх ён адлюстраваў гісторыю вёскі, побыт жыхароў і іх багатую культурную спадчыну. А ўзначальвае гэтую кагорту прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, які мае лецішча ў Ляскавічах і вельмі цэніць прыроднае багацце гэтых мясцін, шчырасць і таленты жыхароў. У сваім пасланні, адрасаваным удзельнікам фестывалю, ён назваў Ляскавічы сэрцам беларускага Палесся і выказаў спадзяванне, што сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна будзе паспяхова прадаўжацца, а аграэкатурызм — пашырацца, дапамагаючы ўсвядоміць нашу ролю ў сусветнай культуры.
Асаблівую цікавасць выклікала Свята ручніка з выставай Веткаўскага музея стараабрадства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава, дзе сваё майстэрства дэманстравалі палескія ткачыхі, а таксама традыцыйныя тэматычныя падворкі, на якіх дэманстраваліся выставы і майстар-класы рамёстваў, промыслаў, каляндарныя і сямейныя абрады, народная проза, танцы і музыка, гульні, прадметы побыту і стравы народнай кухні. Нацыянальны парк дэманстраваў майстэрства палескіх цесляроў, Калінкавіцкі, Пінскі і Ельскі раён — бульбяную і агурковую тэму, Століншчына — хату ганчара, які вырабляў гаршчкі, Петрыкаўшчына — лазовыя карункі мэблі, на хойніцкім падворку цяклі малочныя рэкі, а на лунінецкім былі прадстаўленыя паляўнічыя трафеі, Лельчыцкі раён паказваў працу вясковага каваля, Нараўлянскі прадставіў салодкую смакату, Мазырскі — хлебныя вырабы, а Жыткавіцкі — палешукоў-рыбакоў. А яшчэ былі шматлікія выставы ўсіх жанраў народнага мастацтва — вышыўкі, карунак, саломапляцення, пляцення з лазы, лыка і хваёвай дранкі, выцінанкі і іншых. Свята грымела звонкімі галасамі спявачак і музыкантаў, уражвала россыпам палескіх гаворак, яркімі строямі і пакінула незабыўныя ўражанні. Надвор’е стаяла сонечнае, сухое, з ранішнім туманам і ласкавым лёгкім ветрыкам. А хто стаміўся ад шуму і мітусні свята, мог парыбачыць тут жа, на водным канале або на беразе Прыпяці, прыгажосць якой не апісаць. Гэтым паветрам і атмасферай свята трэба дыхаць, бываць тут, у Ляскавічах, на фестывалі “Покліч Палесся” і радавацца багаццю, разнастайнасці этнічнай культуры палешукоў, думаць пра тое, як гэтае багацце захаваць для наступных пакаленняў.
Рэгіна Гамзовіч
Фота Аляксея Сталярова