Сюрпрыз у выглядзе паштоўкі з якой-небудзь Малайзіі ператварае маю паштовую скрыню ў шкатулку з сюрпрызамі. Вам таксама гэтага хочацца? Тады посткросінг – для вас.
Посткросінг – гэта праект, які дазваляе абменьвацца папяровымі, а не электроннымі паштоўкамі з выпадковых пунктаў Зямлі. Заснавальнікам посткросінгу лічаць партугальскага праграміста Паўлу Магалаэша, якому вельмі падабаўся рытуал абмену сапраўднымі папяровымі лістамі. Улетку 2005 года ён стварыў сайт www.postcrossing.com, які стаў пляцоўкай для ўсіх аматараў гэтага занятку.
Як гэта працуе?
Для пачатку трэба зарэгістравацца на сайце. Потым сістэма выдае вам адрас выпадковага посткросэра, якому вы дасылаеце паштоўку. Пры гэтым свой адваротны адрас пісаць не трэба, дастаткова спецыяльнага коду (напрыклад BY-18458). Такі код мае кожная паштоўка. Як толькі вашае пасланне знойдзе свайго адрасата, ён павінен зарэгістраваць яе на сайце. І калі гэта здарылася – віншуем, вы сталі сапраўдным посткросэрам! Аднойчы сістэма абярэ з мноства іншых менавіта ваш адрас, і як-небудзь сонечным ранкам вы станеце шчаслівым уладальнікам паштоўкі, што прыйдзе, напрыклад, з Бразіліі ці Нідэрландаў. Як толькі адну з дасланых вамі паштовак зарэгіструюць (пра гэта вам паведаміць электронная пошта), можна рыхтаваць іншую. Па ўласным жаданні вы можаце даць звесткі пра сябе на ўласнай старонцы сайту і нават выказаць свае пажаданні па тэматыцы паштовак.
А як з гэтым цяпер?
Сёння посткросінг аб’яднаў вакол сябе амаль 103 тысячы людзей са 195 краінаў. Усе разам дасланыя такім чынам паштоўкі зрабілі 330 тысяч абаротаў вакол зямнога шара. Па колькасці ўдзельнікаў асобна вызначыліся два лідэры – ЗША і Фінляндыя. Побач крочаць Германія, Нідэрланды, Кітай, Бразілія, Канада. У Беларусі такой забаўкай займаюцца 718 чалавек.
А ў гэты час…
Па свеце шукаюць сваіх атрымальнікаў 95 913 паштовак. Трэба толькі захацець, і кожная з іх можа трапіць да вас.
Для budzma.org