Прафесійныя архітэктары – хто даўно і бясплатна, хто нядаўна і за вялікія грошы – імкнуцца фантазіраваць наконт будучыні Берасцейскай крэпасці. Студэнты вырашылі: а чым мы горшыя? І прысвяцілі ІІІ міжнародны архітэктурны форум ArchEvolution таксама лёсу крэпасці.
Форум праводзіцца самімі студэнтамі, і гэта, напэўна, найпершая адметнасць фестывалю. Кіраўніцтва Берасцейскага тэхнічнага ўніверсітэта, чые выхаванцы рэалізуюць задуму, заўважанае ў казематах не было і ніякага кантролю за палётам думак не рабіла. То бок атрымалася сапраўды вольная пляцоўка, што само па сабе рэдкасць, калі гаворка ідзе пра адукацыю. Іншая справа, што ўніверсітэт вырашыў даць магчымасць адпіць студэнтам свабоды напоўніцу, і на яго дапамогу разлічваць таксама не прыходзілася. Нават на размяшчэнне іншагародніх і замежных удзельнікаў у інтэрнаце ўнівера арганізатарам прыходзілася шукаць спонсарскія грошы.
Затое з памяшканнем для воркшопаў пашанцавала. Дырэктар мемарыялу Рыгор Бысюк выдаў на час правядзення форуму цэлую казарму побач з мастацкім музеем. Заставалася толькі сабраць валанцёраў і прывесці яе ў больш-менш эстэтычны выгляд. Дарэчы, гэта той яшчэ палігон для вынаходлівасці і наладжвання кантактаў са спонсарамі. Затое ў выніку ўдзельнікі знаходзяцца ў самым цэнтры падзей, маюць магчымасць пазнаёміцца з крэпасцю і зразумець, што тут можна, а што нельга змяняць.
Да слова, прыкладна ў гэтым і заключалася заданне для кожнай з 9 груп, якія працавалі пад кіраўніцтвам вопытных і цікавых цьютараў з Беларусі, Расіі, Эстоніі і Польшчы. Кожная каманда мусіла прадставіць свой праект, сваё бачанне Берасцейскай крэпасці з улікам таго, што гэта адначасова і ваенны помнік розных перыядаў, і адметны культурна-археалагічны пласт, у якім захоўваюцца парэшткі старажытнага места.
Выявілася, што моладзі лёгка ўдаецца не зацыклівацца на агульнапашыраных асацыяцыях. Усім істотна паднадакучыла ідэалогія, заснаваная на вайне, і гэта знаходзіць адлюстраванне ў праектах. Ніхто, напрыклад, не прапанаваў рабіць у крэпасці ваенныя рэканструкцыі ці сабраць музей ваеннай тэхнікі. Здавалася б, гэта лагічна для фартыфікацыйнай пабудовы, але не, ніякай больш вайны і ні ў якім выглядзе маладыя архітэктары не хочуць. Мемарыял згодныя пакінуць у цяперашнім стане як помнік 70-х гадоў мінулага стагоддзя, усяму астатняму – выключна мірныя мэты. Водныя маршруты, парк, заапарк, ІТ-цэнтр, электронная бібліятэка, цэнтр рамёстваў, фестывальная пляцоўка, міжнародны кірмаш, паветраныя шары і дырыжаблі – вось што мусіць быць у крэпасці, на думку ўдзельнікаў форуму, каб яна нарэшце ажыла. Ужо не гаворым пра веладарожкі – ровар дакладна ёсць у кожным праекце. А між іншага, па недарэчных актуальных правілах, заезд на тэрыторыю крэпасці на ровары забаронены. Як і сядзенне на траве.
Паралельна з працай воркшопаў увесь тыдзень у межах ArchEvolution рыхтавалася яшчэ адна эвалюцыя, мастацкая. Сталічная творчая групоўка “Ніёнавая галава” прэзентавала выставу “Эвалюцыя”, якая добра-такі трымала ўвагу не толькі ў дзень паказу – ён жа фінальны дзень форуму, але і ўвесь час падрыхтоўкі. Цяжка прайсці міма, калі на тваіх вачах лепяць, выразаюць, фарбуюць, малююць і носяцца з галінамі дрэў, а ты не разумееш, што адбываецца. “У гэтым увесь сэнс – каб людзі падыходзілі і пыталіся”, – кажа ніёнагаловец Яўген Шчарбач.
Адно сумна: што ўжо зараз казарма побач з мастацкім музеем зноў апусцела. Тыдзень яна выглядала гэтакім наглядным дапаможнікам, як можна эфектыўна выкарыстоўваць пустыя плошчы. Цяпер толькі апрацаваная грунтоўкай падлога ды надпісы-ўказальнікі на ёй нагадваюць, што тут нехта ствараў, смяяўся, спрачаўся, еў і хварэў. А перад усім і пасля ўсяго прапаноўваў адмяніць да чортавай мацеры ўсякія межы.
Іна Хоміч