09.03.2017 | Грамадства

Пра што марыць 22-гадовы лыжнік-вазочнік

Лыжнік-вазочнік Вадзім Ліпінскі знайшоў маму, якая 22 гады таму кінула яго ў радзільні, штодня трэніруецца, каб трапіць на Паралімпіяду, і марыць пра свой дом.
Зімой на лыжах, летам на лыжаролерах трэніруюцца ў Вясьнянцы вучні Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту, які быў створаны ў верасьні 2016 году.
Некаторыя вучні ў цэнтры атрымліваюць някепскі заробак, іншыя — стыпэндыі. Усіх вучняў экіпіруюць, даюць лыжы і палкі, неабходныя мацаваньні і форму.

Вадзім Ліпінскі пакуль не атрымлівае ні стыпэндыі, ні заробку, бо пачаў займацца лыжным спортам на прафэсійным узроўні толькі з чэрвеня 2016 году.
КАЛІ БУДУЦЬ СУР’ЁЗНЫЯ ВЫНІКІ, БУДУЦЬ ЗАРОБКІ
Трэнэр-выкладчык цэнтру Юры Буранаў трэніруе лыжнікаў з захворваньнямі апорна-рухальнай сыстэмы ўжо 25 год. Кажа, што праца моцна адрозьніваецца ад працы са здаровымі спартоўцамі.

Трэнэр-выкладчык Юры Буранаў з Вадзімам Ліпінскім
«Тут свая спэцыфіка. Зусім іншыя функцыянальныя магчымасьці ў вучня. У здаровых лыжнікаў тэхніка скіраваная ў першую чаргу на ногі, а гэтыя рухаюцца толькі за кошт рук. Таму рукі павінны быць вельмі моцныя. Ім, вядома, цяжка займацца спортам, у якім здаровыя дзейнічаюць за кошт ног. Але, я думаю, тыя, хто чагосьці тут дасягае, проста не зацыкліваюцца на гэтым».
У Вадзіма ад нараджэньня двухбаковая дысплязія тазасьцегнавога сустава. Нядаўна была апэрацыя — каб адна нага не заварочвалася назад. «Хачу быць прыгожым, падабацца», — так аргумэнтуе хлопец сваё рашэньне і разьлічвае ў будучыні зрабіць аналягічную апэрацыю на другой назе.
Трэнэр адгаворвае, кажа, што спачатку трэба трапіць у нацыянальную зборную і паехаць на Паралімпіяду. А ўжо пасьля — думаць пра прыгажосьць. Прыз на Паралімпійскіх гульнях — гэта ня толькі вялікая сума, якую дае дзяржава за мэдаль, але яшчэ і 1000 даляраў штомесяц.
«У нас жа як? Пакуль ты не дасягнуў пэўных вынікаў, цябе нікуды ня возьмуць. Трэба чагосьці дасягнуць. Хаця б на «рэспубліцы». Вось Вадзім ужо пачынае нечага дасягаць. Атрымаў кандыдата ў майстры спорту. Цяпер хачу прысвоіць яму майстра. Трое сярод маіх вучняў ужо майстры спорту міжнароднага клясу», — хваліцца Буранаў, для якога дасягненьні вучняў — як свае асабістыя. Дый трэнэрскі заробак залежыць ад іхніх посьпехаў.
КАЛІ НЕШТА ТРЭБА КУПІЦЬ, ДАВОДЗІЦЦА ЗЬБІРАЦЬ НЕ АДЗІН МЕСЯЦ
Жыве Вадзім у Менску ў Доме інвалідаў на вуліцы Ваўпшасава. Гэта спэцыялізаваная ўстанова для інвалідаў апорна-рухальнай сыстэмы і старых, якім цяжка рухацца. Там усё прыстасавана для вазочнікаў, забясьпечваецца харчаваньне. Але каб жыць у такой установе, трэба аддаваць 90% пэнсіі. Яна ў Вадзіма складае 200 рублёў. На рукі хлопец атрымлівае толькі 20 рублёў штомесяц. Кажа, што траціць гэтыя грошы на дробязі ў краме.
Але заняткі прафэсійным спортам даюць магчымасьць часам набываць і дарагія рэчы.
«Маладому чалавеку трэба кампутар, тэлефон. З такой пэнсіяй не назьбіраеш… Цяжкавата. Але вось мы езьдзілі на зборы ў Фінляндыю. Там далі нармальныя сутачныя. Дык Вадзім эканоміў і цяпер купіў мабільны тэлефон за 270 рублёў. Яшчэ купіў дзьве пары лыжаў. Па 250 эўра кожная. Лыжы трэба якасныя, дарагія. «Целяханы» — не варыянт, яны сьлізгаць ня будуць. Для спартоўцаў трэба лыжы ад 250 да 400 эўра», — кажа трэнэр Буранаў.
Вадзім кажа, што ў Доме інвалідаў зручна, але сумна. Большасьць жыхароў — нямоглыя старыя. Таму хлопец ужо пачаў рыхтавацца да самастойнага жыцьця.
«У Доме інвалідаў я на поўным дзяржаўным забесьпячэньні: ежа, зьмена бялізны, вопратка, сродкі гігіены — усё даюць. Але хочацца жыць самастойна. Я буду спрабаваць дамагчыся таго, каб жыць у сваёй кватэры. Пляную наведваць курсы для інвалідаў, дзе вучаць праць, гатаваць, забясьпечваць сябе ва ўсім. Адзінае, што цяпер я спрабую ашчаджаць грошы на мэблю. Бо нават калі мне дадуць кватэру, то яна будзе пустая. Трэба мець за што купіць хаця б ложак. 20 рублёў у месяц — ня тыя грошы, зь якіх яшчэ можна нешта адкладаць. Але, напрыклад, летам я пакідаю Дом інвалідаў і еду да сяброў. Тады атрымліваю пэнсію цалкам, зь якой і ашчаджаю».
Паводле закону Вадзім мае права атрымаць кватэру там, дзе нарадзіўся — у Талачынскім раёне Віцебскай вобласьці. Пакуль ад пераезду туды яго стрымліваюць заняткі спортам — у Менску большыя магчымасьці для таго, каб ажыцьцявіць мару і трапіць на Паралімпіяду.
«МАМА АДМОВІЛАСЯ АД МЯНЕ Ў РАДЗІЛЬНІ, АЛЕ ЦЯПЕР Я ЯЕ ЗНАЙШОЎ»
Маці Вадзіма жыве ў маленькай вёсцы ў Талачынскім раёне. Нарадзіўшы вельмі маладой, яна адмовілася ад сына яшчэ ў радзільні пад ціскам лекараў, якія сказалі, што «ён вельмі слабы і ня выжыве». Але Вадзім ня толькі выжыў. Ён доўга шукаў і ўрэшце знайшоў сваю маму. Наведвае яе, хоць пакуль не разглядае варыянту вярнуцца жыць на радзіму.
«Я езджу да яе ў госьці. Летам заўсёды стараюся хаця б на тыдзень. Мне гэтага дастаткова. Часам пытаюся, ці ня крыўдзіцца яна, што я не жыву зь ёй. Але яна разумее, што цяпер для мяне галоўнае — гэта спорт, а займацца ім у вёсцы будзе вельмі складана. Я нават думаю, што калі б мама не адмовілася ад мяне, то я б ніколі не прыйшоў у спорт. Ну чым можна займацца ў маленькай вёсцы?.. Зусім іншыя інтарэсы».
ШТОДНЯ ДЗЬВЕ ТРЭНІРОЎКІ, ВОЛЬНЫ ТОЛЬКІ ЎВЕЧАРЫ
Дзень Вадзіма цалкам заняты спортам. Першую трэніроўку ён пачынае а 10 раніцы на лыжаролернай трасе ў Вясьнянцы. Перад гэтым — паўтарагадзінная дарога на грамадзкім транспарце. Яшчэ столькі ж — вяртаньне «дадому», у Дом інвалідаў. Там — абед і адпачынак. У другой палове дня — другая трэніроўка ў спартовай залі на пратэзна-артапэдычным заводзе на вуліцы Адоеўскага. А 19-й Вадзім вольны, глядзіць тэлевізар ці гуляе ў настольны тэніс зь сябрамі.
«Я вельмі хачу трапіць на Паралімпіяду. Трэнэр кажа, што гэта магчыма для мяне. Тым больш што наступныя гульні — у Паўднёвай Карэі, вельмі цікава туды трапіць… Але ўсё залежыць ад вынікаў, ад таго, якія дасягненьні будуць. Ну, яшчэ налета будуць спаборніцтвы, таму імкнуся трэніравацца так, каб паказваць вынікі».
Вадзім ужо езьдзіў на спаборніцтвы і зборы ў Фінляндыю, Нямеччыну, Украіну, Італію.
«Гэта вельмі цікава. Апошні раз былі ў Нямеччыне, там былі лыжнікі з 11 краін — і японцы, і кітайцы, і французы, і італьянцы. Вельмі цікава было на іх паглядзець, пакамунікаваць. Хоць я ня ведаю ангельскай мовы, усё роўна можна жэстамі паразумецца. А часам бывае, што ёсьць перакладчык з намі, — тады ўвогуле проста».
ПАНДУСЫ ПАСУЮЦЬ ДЛЯ ДЗІЦЯЧЫХ ВАЗКОЎ, АЛЕ НЕ ДЛЯ ІНВАЛІДАЎ
Адна з тэм, якія абмяркоўваюць лыжнікі-вазочнікі, — гэта ўмовы для людзей зь фізычнымі абмежаваньнямі ў розных краінах:
«У нас яшчэ шмат чаго не хапае. Вось робяць пандусы, добра. Але ж яны занадта крутыя. Я разумею, гэта зручна для мам зь дзіцячымі вазкамі. Але не для інваліда-вазочніка. Тое самае з мэтро. Вось на станцыі “Пушкінскай” нібыта ёсьць пандус, але няма поручняў. Калі летам я яшчэ сяк-так спускаюся, то зімой — не, думаю, што павалюся разам з вазком. Зь іншага боку, на новых станцыях добра абсталявана для вазочнікаў, дый супрацоўнікі заўсёды дапамагаюць спусьціцца да цягніка».
ВЫНІК СПАБОРНІЦТВА — 4-ТЫ З 4-Х, ВАДЗІМ НЕ ЗАДАВОЛЕНЫ
У межах спартовага сьвята «Менская лыжня-2017» 24–26 лютага прайшлі спаборніцтвы па лыжных гонках сярод лыжнікаў-вазочнікаў. Гэта самы прэстыжны турнір Беларусі.
На спаборніцтвы прыяжджаюць наймацнейшыя лыжнікі з усёй Беларусі, каля 40 чалавек. Бягуць разам мужчыны і жанчыны. Ёсьць дзьве дыстанцыі — 5 і 10 кілямэтраў. Вадзім прыйшоў чацьвёртым з чатырох удзельнікаў сваёй катэгорыі.
«Не задаволены, трэба яшчэ больш трэніравацца. Я пакуль у пераменным складзе нацыянальнай зборнай. Трэба імкнуцца ў асноўны склад, тады пэрспэктывы нашмат большыя будуць. Каб увайсьці ў нацыянальную зборную, трэба добра паказаць сябе на спаборніцтвах высокага ўзроўню, накшталт Чэмпіянату сьвету ці Кубку сьвету. Трэба на такіх спаборніцтвах увайсьці хаця б у першую шасьцёрку. Я ў гэтым годзе на Чэмпіянаце сьвету быў толькі 18-м».
Клясычную дыстанцыю ў 5 кілямэтраў здаровы лыжнік праходзіць у сярэднім за 10 хвілін. Спартовец-інвалід — за 14–15.

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика