У Маладзёжным тэатры адбылася прэм’ера спектакля “Чэхаў. Камедыя. Чайка” ў пастаноўцы Іскандэра Сакаева.
Я ўяўляю сабе гэту гісторыю так…
Ніна Зарэчная ўспамінае мінулае. Мінулае было, ёсць і будзе нашай галоўнай творчай скарбніцай. Траўмы маладосці мы беражліва ахутваем вобразамі (“мілымі роднага краю”), прывіды мінулага штурхаюць нас да стала з паперамі, да святла сафітаў.
І вось быццам праз цэлафанавую плёнку часу яна бачыць сваю крохкую загінулую маладосць, дзе басаногай дзяўчынай збягала з бацькоўскага маёнтка да багемных суседзяў. Актрысы, пісьменнікі, першая закаханасць… і першае каханне?
Мінулае праз сваю дыстанцыю заўсёды можа здавацца нечым смешным. Вось і героі гэтай камедыі з сумнай канцоўкай быццам падпісаныя на спінах, часам з памылкамі, бо ўспомніць іх цяжка.
На здзіўленне, нават эпізадычныя персанажы не здаюцца размытымі, а пададзеныя рэзкімі абрысамі. Настаўнік Медзвядзенка (Ілля Чарапко-Самахвалаў) і не закаханая ў яго Маша (Анастасія Салаўёва) звязаныя між сабой агульнай пагардай. Брат артысткі Сорын (Аляксандр Шароў) і доктар Дорн (Аляксандр Пашкевіч), якія ўсё не могуць падзяліць паміж сабой права жыць і права памерці.
Шамраеў (Іван Шчатко), прыказчык, са сваёй жонкай Палінай (Раіса Сідорчык) водзіць карагоды, каб хоць хто-небудзь іх заўважыў.
Артыстка Аркадзіна (Наталля Анішчанка), навальніца жарсці і энергіі, раптам знікае разам з сынам, і разумееш, што кожны мае сваё слабае месца.
Два першыя мужчыны. Трэплеў (Дзмітрый Багаслаўскі) і Трыгорын (Яўген Іўковіч). Нездарма дзве літары “Т”. “ТТ” страляе без промаху. Спачатку не бачыш, чым яны падобныя, але памяць дапамагае зразумець, што па сутнасці кожны з іх, са сваімі неўратычнымі заскокамі і няўпэўненасцю ў сабе, толькі і даў рады загубіць сваё жыццё, а на чайку духу не хапіла.
А галоўнае – сама Ніна (Алена Зміцер). Ганьба першага выступлення на сцэне, пра якое так шмат казалі добрага, але ў гэтыя словы не верылася адпачатку. Ганьба першай здрады, калі не хапае слоў і шчырасці ў тым, каб прызнацца закаханаму ў цябе маладзёну, што час прайшоў і зрабіць з сабой не можаш нічога. Ганьбу ўцёкаў у Маскву ад самой сябе, да якой з такой цяжкасцю давядзецца вяртацца.
Ад мінулага засталася хіба толькі споведзь у апошняй сцэне (Марына Блінова), калі сілы, нададзеныя сапраўдным пакутным творчым жыццём, усё ж даюць сказаць важныя словы. Споведзь ставіць кропку на гэтай гісторыі.
А потым яна сышла ў сваё новае жыццё, дзе гэтаму мінуламу нібыта і няма месца. Не пацягнеш жа яго за сабой цяжкім куфрам у трэцім класе з мужыкамі… Хіба для таго, каб раз-пораз адкрываць і ўспамінаць, якой была, якой ужо ніколі не будзеш. Рабіць гэтую працу над памылкамі. Каб дурное не паўтаралася. Каб помніць.
Гэта спроба трактаваць, расшыфраваць спектакль Іскандэра Сакаева “Чайка”. Спектакль такім трактоўкам, з аднаго боку, супраціўляецца, бо зроблены у манеры постдрамы, пра што рэжысёр падрабязна расказваў на прэс-паказе, а значыць, уласцівая спектаклю паліфанія важная сама па сабе. Ханс-Ціс Леман апісвае спецыфічную постдраматычную энергію, якая мусіць яднаць спектаклі. І вось яе ў спектаклі бракавала.
Я паспрабаваў расказаць, як можна падключыцца да лініі Ніны Зарэчнай і знайсці ў спектаклі досыць лагічны і паслядоўны наратыў. Тое самае можна зрабіць і з Трэплевым, і з Аркадзінай, і, упэўнены, з іншымі героямі спектакля, карыстаючыся вельмі простай інструкцыяй: трэба сапраўды ўважліва за абраным героем сачыць. Спадзяюся, што гэтая досыць складаная задача акажацца пад сілу беларускім гледачам, якія прывыклі, што іх папросту забаўляюць.
А ўвогуле трэба сказаць дзякуй Іскандэру Сакаеву за працу з трупай Маладзёжнага тэатра. Бо так, як у гэтым спектаклі, з такім азартам і нават адчаем, яны звычайна не граюць. Высокі тэмп, які задаецца рэжысёрам, акцёрам трымаць вельмі цяжка. Але дзякуючы гэтаму многія з іх выпадаюць са звыклых штампаў і рытмаў. Хутчэй, яшчэ хутчэй!
Па ходзе рэжысёр казаў вельмі шмат добрых слоў пра артыстаў, якія абавязваюць яго вяртацца і працаваць з імі надалей. Гэта ўжо ў большай ступені залежыць ад кіраўніцтва тэатра, якое, застаецца спадзявацца, не будзе бурыць творчага саюза.
Аляксей Стрэльнікаў