Для цікавага праекта дастаткова добрай ідэі, клубка бялізнавай вяроўкі і некалькіх дзесяткаў прышчэпак. Акцыя па абмене фатаграфіямі і адначасова “жывая” выстава на вяровачках адбылася ў цэнтры Мінска, у дворыку ля Музея гісторыі горада.
Сэнс такі: бярэш сваю лепшую фатаграфію (а лепей дзесяць), раздрукоўваеш і чапляеш за вяроўку на “прасушванне”. Яшчэ адзін момант – на зваротным боку фота трэба пакінуць свае каардынаты – тэлефон, “мыла”, “аську” адрас старонкі ў сацыяльных сетках. Такім чынам аўтар не проста паказвае свой “арт”, але і знаходзіць аднадумцаў. І яшчэ – кожны наведвальнік мог забраць любую ўпадабаную фатаграфію з сабой – бо пэўна хтосьці ўжо ўзяў на памяць ягоную картку. Такі вось інтэрактыў.
Фармат падказаў расейскі фатограф Андрэй Кезін. “Першы раз «Сушка» адбылася ў Санкт-Пецярбургу некалькі год таму, – расказаў карэспандэнту Budzma.org арганізатар выставы ў Мінску фатограф і выкладчык Аляксей Ільін. – Потым праект падхапілі многія гарады Расіі, Украіны і вось, нарэшце, “сушка” дабралася і да Беларусі. Мінск – першы горад.
У праекце няма ніякіх абмежаванняў – не па ўзроўні прафесіяналізму, не па жанры. Удзельнічаць можа кожны жадаючы – і аматар, і прафесіянал. Для любога фатографа важна раздрукоўваць свае фатаграфіі. Бо выява на маніторы не дазваляе ўбачыць усяго хараства работы, а часцяком і некаторых памылак. І ўвогуле “Фотасушка” – гэта стыхійная і пазітыўная імпрэза з добрай атмасферай. Як у Еўропе. Сапраўдная “двіжуха”.
Дарэчы, ёсць шанец, што праект пройдзе і ў іншых беларускіх гарадах. Напрыклад, у Гомелі. Гамяльчук Віталь Пічкуроў адмыслова прыехаў у Мінск, каб “пасушыць” свае фатаграфіі і паглядзець на нюансы арганізацыі такога мерапрыемства. Віталь працуе столярам, будуе дзіцячы садок, а ў вольны час фатаграфуе. На “сушцы” ён прадставіў свае пейзажы, партрэты, фотаэксперыменты з кантравым святлом.
Галоўная фішка “сушкі” – разнастайнасць жанраў і фотагісторый. Былі малюначкі з Індыі, Крыму, горы і мора, партрэты нечых любімых бабулек і дзядулек.
Вядомы фатограф Артур Гапановіч прадставіў фрагменты сваёй калекцыі And Silence – Мінскае мора на некаторых здымках складана пазнаць, яно падобна на нейкі іншапланетны акіян. На асобнай вяровачцы сушылі фатаграфіі Андрэй Дубінін, Яўген Атцецкі, Ягор Воінаў. Надзея Дзегцярова прыйшла з фрагментамі сваёй сентыментальнай серыі “Геаметрыя адзіноты”.Былі і аўтары, якія ўдзельнічалі інкогніта. Вось, напрыклад, фота “Чаканне” нейкай Алены С. Дзяўчына піша: “Жадаю поспехаў у любімай справе. А я яшчэ толькі пачатковец”.
А я шчэ ўсіх наведвальнікаў і удзельнікаў выставы частавалі сушкамі. І гучала клёвая музычка.
Дарэчы, арганізатары выставы ўжо стварылі адмысловую старонку на Facebook – цяпер можна дзяліцца фатаграфіямі анлайн і абмяркоўваць самыя цікавыя моманты акцыі.
Кася Кірпацік, Зарына Кандрацьева