This movie requires Flash Player 9
02.12.2016 | Асоба Літаратура

Правілы жыцця Рыгора Барадуліна. Працяг

Пасля публікацыі «10 правілаў жыцця Рыгора Барадуліна» «Мове Нанова» паступіла шмат цёплых водгукаў і просьбаў працягнуць гэты матэрыял. Аўтар, слынны літаратуразнаўца Сяргей Шапран, ахвотна адгукнуўся на просьбу.

1. Я — кшчоны паганец, я — паганец, паколькі ў нашым краі як нідзе захавалася паганства. Я ўпэўнены, што мы, крывічы, — самыя непасрэдныя паганцы, кшчоныя паганцы, таму што ў нас, у нашым крывіцкім краі, на Полаччыне і асабліва на Вушаччыне, як нідзе захаваліся паганскія традыцыі. Паганскія ж карані трымаюць любую нацыю. Калі з народа вывесці гэтыя карані, ён стане нікім.

2. Я хаджу ў касцёл, ва ўніяцкія храмы. Калі ў Беларусь прыязджаў айцец Надсан, я запытаўся ў яго: ці мае значэнне, што я кшчусь па-праваслаўнаму, як мяне мама вучыла? (Мае мама і бацька былі стыхійнымі праваслаўнымі.) Дык айцец Надсан адказаў, што ў нас гэта значэння не мае. Гэта гаворыць пра незакасцянеласць уніяцтва. Усё ж такі Бог адзін, а канфесіі — хай не прагучыць гэта кашчунскі — гэта ўсё-ткі прафесія. Дарэчы, гэтую думку я правяраю на святарах — некаторыя адразу называюць мяне амаль ні вераадступнікам. Я ім гавару: «Вы ж не можаце выступаць супраць таго, што Бог — адзін? А канфесіі — гэта сапраўды прафесія».

3. У мяне ёсць цэлы мех эпіграм, які я не магу друкаваць менавіта з-за самацэнзуры — не са страху. Тым больш што некага проста не хачу рэкламаваць эпіграмамі — нават рэзкая эпіграма можа аказацца большай рэкламай, чымсьці самыя вытанчаныя лёсткі… Мяне як пачынае несці, дык я забываюся на ўсё, а як пасля апомнюся, дык ужо позна… Бывае, думаеш: дарэмна напісаў, а пасля падумаеш — хай будзе!.. У мяне няма такой упэўненасці, што правільна зрабіў, калі нешта такое напісаў. Калі пішаш, дык думаеш, што дужа трэба, а як напішаш, дык думаеш: навошта? Асабліва як эпіграма пайшла і дайшла да таго, пра каго напісаў, і ўзняўся цэлы вэрхал.

4. Палітыка і інтэлігентнасць — гэта, калі груба гаварыць, як панэль і нявіннасць. Інтэлігентнасць — яна генная. Інтэлігентнасць не вызначаецца ні тым, як апранаешся, ні паводзінамі, ні тым, у якой руцэ трымаеш нож, а ў якой відэлец. Інтэлігентнасць даецца па крыві, па роду… Калі проста казаць, дык інтэлігентны чалавек — гэта нармальны чалавек, які задуманы Богам. І чалавек настолькі інтэлігентны, наколькі яму ўдалося захаваць у сабе Боскі пачатак.

5. У мяне такі характар, што калі бяруся перакладаць, дык любы пераклад для мяне адказны. Праўда, мой прынцып — перакладаць не абавязкова слова ў слова, радок у радок — цяпер гэта і кампутар можа зрабіць. Я стараюся перакласці так, каб тэкст загучаў па-беларуску, быццам ён напісаны беларусам, быццам гэта арыгінальны беларускі верш. Гэта мая, як бы вам сказаць, звышзадача. Я ўсё жыццё стараўся так рабіць. Гэта можна назваць і «па матывах». За выключэннем, канешне, класікі, бо калі перакладаеш Пушкіна ці Ясеніна, тут ужо не адкруцішся, тут далёка не пойдзеш. А вось калі перакладаў іншых паэтаў, якраз імкнуўся, хутчэй, да таго, каб яны гучалі па-беларуску.

6. Сапраўдная паэзія па-за палітыкай. І Яндарбіева я перакладаў як патрыёта сваёй мовы і свайго краю, як выразніка думак і жаданняў свайго народа, як шчырага паэта. Я не перакладаў яго як палітычнага дзеяча. Палітыка — гэта такая рэч… Палітыка як вецер — сёння ён спякотны, заўтра — халодны, а паэзія — вечная… Лічу, што і ў палітыку Яндарбіеў пайшоў не ад добрага жыцця, — звычайна паэт так паступае, калі іншых сродкаў барацьбы ў яго ўжо няма. Як бы там ні было, але я за тое, каб кожны народ быў самім сабою і каб меў сваю незалежнасць. Я не паглыбляюся ў расійскую палітыку… Калі ўзяўся перакладаць [Яндарбіева], я не разлічваў на «ўдзячнасць» ні з боку Расіі, ні з боку Беларусі. Я перакладаў патрыёта сваёй роднай зямлі… Усё роўна «любоў» да мяне ў нашай краіне — катэгорыя пастаянная.

7. Я не люблю называць сябе паэтам. Ведаеце такі анекдот: у грузіна пытаюцца: «Ваше социальное происхождение?» — «А что это такое?» — «Ну, кем работал отец?» — «Отэц работал князем!» Калі нехта гаворыць, што ён — паэт, мне прыгадваецца гэты «князь». Гэта дужа адказна гаварыць, што я — паэт… Ну, я пішу вершы. Гэта хай той, хто прачытае іх, скажа, што я — паэт, а сам… Я не ламаюсь ці, як гэта гавораць, какетнічаю… Бываюць моманты, калі напішаш радкі і думаеш: ой, нармальна атрымалася, а пасля думаеш: а ці нармальна? а ці трэба? ці так напісана?.. Самалюбавання ў мяне няма і ніколі не было — ні ў маленстве, ні ў маладосці. У мяне было толькі імкненне напісаць лепш ды і цяпер засталося, я кожны раз думаю: можа, я лепш напішу? А вось такога, што напісаў і ўжо ўсё — вяршыня! — такога няма. Не ведаю, колькі мне засталося, але ніколі ўжо не будзе, каб я быў задаволены, — увесь час думаецца, што нешта яшчэ напішу. Можа, з такой думкай і адыду.

8. Надта рызыкоўна гаварыць, што ў маіх вершах ёсць глыбіня — існуе памкненне да глыбіні, яно з’яўляецца з узростам… Раней хадзіў такі анекдот: нехта з маскоўскіх паэтаў накшталт Ашаніна сказаў: «Учора скончыў цыкл вершаў пра каханне. Закрыў тэму». Аднак я не магу сказаць, што дасягнуў у вершах глыбіні і тым самым «закрыў тэму». Хоць часта перачытваю Біблію і напісаў псальмы, пераклады «Песні песняў», напісаў дванаццаць біблейскіх баладаў… Гэта надта рызыкоўна так гаварыць, але раблю, што ў маёй моцы, каб сумець звярнуцца да Бога, — раптам Ён мяне пачуе?

9. Усё-ткі я ўсё жыццё жыў і жыву словам, а не са слова. Беларускае слова для мяне — абсалютна ўсё: я ім дыхаю, я ім бачу, я ім гавару, я ім жыву, я ім хаджу. Я не ўяўляю сябе без беларускага слова. Адабраць яго ад мяне — я буду нямы, глухі і нерухомы. Я буду мёртвы.

10. Любы чалавек у маладосці і ў старасці — гэта практычна два розныя чалавекі. Сталаму, безумоўна, многае бачна. Але памылкі маладосці можна толькі прыгадаць, пашкадаваць пра іх — паправіць іх немагчыма. Жыццё пражыць — не мех сшыць. Канешне, і ў мяне былі ўчынкі, за якія мне цяпер сорамна… Многія хочуць прышыць сабе ў мемуарах крылы анёльскія. Але я не стаў бы прыхарошваць сябе, — што было, тое было.


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика