09.03.2017 | Гісторыя

Правілы жыцця віцебскіх мяшчанаў: барацьба за алкагольную манаполію і канфлікты з забудоўшчыкамі

Чарговае паседжанне “Цэху жывой гісторыі” было прысвечанае мяшчанам Падзвіння XVI–XVIІ стст., якія жылі па “рыцарскім” праве, бараніліся ад расійцаў і змагаліся за свае свабоды.

У гарадах беларускага Падзвіння, то бок на тэрыторыі былога Віцебскага і Полацкага княстваў, у XVIXVIІ ст. склалася ўнікальная сітуацыя: паралельна з заканадаўствам ВКЛ дзейнічала старое “рыцарскае” права, якое давала мяшчанам нямала свабодаў і фактычна набліжала да шляхты. У Віцебску, Суражы, Уле ды іншых гарадах ды фартэцыях служылі ды валодалі зброяй тыя, хто не павінен быў гэтым займацца, – мяшчане.

Падрабязней пра стан вольналюбівых жыхароў Падзвіння ў клубе Beer&Wine распавялі гісторык Максім Макараў (Мінск) і рэканструктар Макар Бабенка (Віцебск)

“Як у пашчы львовай”

Адзін з сучаснікаў так апісвае жыццё паўночна-ўсходніх межаў ВКЛ таго часу: “Мы тут жывем не інакш як у пашчы львовай”. На ўвазе маецца перманентная небяспека з боку Масквы, якая ад XVI ст. ваявала з Вялікім Княствам амаль бесперапынна. Гэта фактар стаў адной з прычынаў захавання шырокіх правоў і свабодаў тутэйшых мяшчанаў: інакш ніхто проста не захацеў бы тут жыць, асабліва ў новазбудаваных фартэцыях.

Таму мяшчане не плацілі падатку, але мелі абавязак вайсковай службы. Цікава, што мяшчане маглі быць і коннымі. Але дзе трымаць столькі коней, калі размова пра горад? Для гэтых мэтаў віцябляне мелі загарадныя маёнткі, то бок зямельныя надзелы, што яшчэ больш набліжала іх да шляхты.

Старадаўняя мапа Віцебска (1664)

“Рэлігійны канфлікт” праз самагонку

Адным з асноўных заняткаў мяшчанаў быў выраб самагону. Тагачасныя самагонныя апараты, такім чынам, былі нечым кшталту феода: калі служыш, то маеш права на выраб і продаж. Па меры росту ўплыву каталікоў у ВКЛ і пасля будаўніцтва ў праваслаўным Віцебску першага касцёла адбыўся канфлікт: “лаціннікі” таксама мелі планы на выраб і продаж самагону, чым стваралі сур’ёзную канкурэнцыю мясцовым.

Віцебскія мяшчане былі абураныя і звярнуліся са шматлікімі скаргамі ў “вышэйшыя інстанцыі”, маўляў, “старожу служым, гару замкавую сыплем”, а ўмовы для бізнесу пагаршаюцца. Так алкагольна-эканамічны канфлікт стаў адным з парасткаў рэлійнай канфрантацыі ў горадзе.

Кароль “падсуджваў” суражцам

Пасля таго як у 1615 годзе Сураж адбіўся ад маскавітаў, кароль Жыгімонт ІІІ Ваза даслаў жыхарам горада ліст з асабістай падзякай. Рэч не толькі прыемная, але яшчэ і практычная, як аказалася. У хуткім часе ў мяшчанаў узнік канфлікт з ваяводам і мясцовай шляхтай, які перарос у судовыя разбіральніцтвы. Тут ліст з падзякай і спатрэбіўся: пасля зваротаў да караля, той умяшаўся і …пачаў “падсуджваць” мяшчанам. У выніку каралеўскі намеснік прайграў і быў аштрафаваны.

Макар Бабенка

Канфлікт з забудоўшчыкам

Чарговы памятны канфлікт з мясцовай уладай адбыўся ў 1648 годзе. Тады суражскім старастам быў нейкі Горскі, які самавольна захопліваў зямлю і “ставіў платы”. Мяшчане, якія мелі зброю на выпадак маскоўскага нападу, арганізаваліся ў натоўп і пайшлі гучным шэсцем да дому старасты. У выніку Горскі перапужаўся і прыняў умовы пратэстоўцаў, а ягоная жонка, як сведчаць дакументы, яшчэ доўга хварэла.

Без “крылаў” і “балаклаваў”

У фільмах пра войны XVII ст. паміж ВКЛ і Масковіяй нашы конныя ваяры, як правіла, выяўляюцца не інакш як крылатыя гусары. Насамрэч конныя баявыя мяшчане з Падзвіння абыходзіліся без “крылаў” і паўмасак на шлемах (металічных балаклаваў таго часу). Агульны стыль рыштунку быў даволі арыентальны ды падобны да выгляду маскоўскіх вояў: кальчуга, шлем-шышак, кіраса (“ракавая луска”, напрыклад), кап’ё, крывая шабля, лук і пістоль. Гэта лагічна, бо супраць лёгкай маскоўскай конніцы найбольш эфектыўна выступала толькі такая ж лёгкая конніца.

На нагах у баявога мешчаніна маглі быць вузкія вугорскія нагавіцы, якія зручна было запраўляць у боты. Зверху магла надзявацца скураная куртка-жупіца, якая не толькі бараніла ад ветру (як скуранка ў матацыкліста), але і супрацьстаяла сякучым шабельным ударам. На руках насіліся доўгія скураныя пальчаткі: для цяпла і больш зручнага кантакту з рукаяткай шаблі.

Забойства Кунцэвіча і канец “вольніцы”

Пасля забойства віцебскімі мяшчанамі Язафата Кунцэвіча ў лістападзе 1623 года прававая сітуацыя змянілася. Дарэчы, уніяцкі святар быў забіты двума ўдарамі бердыша, што сведчыць пра папулярнасць і шырокі ўжытак сярод гараджанаў гэтай зброі. Віцебск быў пазбаўлены ўсіх правоў…

Дапамагла, як ні дзіўна, зноўку вайна з Масковіяй. У 1633 годзе за вайсковыя паслугі Жыгімонт Ваза вярнуў гораду правы сваім прывілеем. У 1641 горад набыў магдэбургскае права, але назаўсёды страціў старое “рыцарскае”, чым наблізіўся ў плане заканадаўства да іншых гарадоў Рэчы Паспалітай.

 

Алесь Кіркевіч


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика