9 кастрычніка адбылася прэм’ера спектакля Вольгі Скварцовай “Прадметная размова”.
У нейкай ступені ў гэтым спектаклі дыскрэдытуецца ці нават адмяняецца крытычная рэфлексія як канструктыўны элемент інфармацыйнага поля вакол сучаснага мастацтва. Тым не менш мне карціць выказацца, і я рызыкну.
У спектаклі ёсць эпізод, калі ўсе выканаўцы ходзяць вакол адной Валерыі Хрыпач, якую дагэтуль рознымі спосабамі ўладкоўвалі ў прасторы, сярод офісных крэслаў (у выніку яна прыняла досыць нязручную позу і так і ляжала), і выказвалі крытычныя суджэнні пра яе, быццам яна была арт-аб’ектам. Апладысменты выклікала такая трактоўка: “Я бачу дзяўчыну, якая ляжыць сярод крэслаў. Я б менавіта так і назвала гэтую інсталяцыю — “Дзяўчына і крэслы” (авацыі і выкрыкі з залы).
Менавіта апісальніцтва, на жаль, ёсць адзіным прызнаным, а таму прадуктыўным метадам сучаснай крытыкі. Адзіным агульнапрызнаным, таму што ўсе астатнія патрабуюць надзвычай абазнанай і дасведчанасці публікі, а тут дастаткова проста быць у тэме, і ты ўжо можаш падтрымаць размову.
А на жаль, таму што любое апісальніцтва — само па сабе, без далейшых інструментаў аналізу — можа застацца павярхоўным і не прывесці да назапашвання культурнага досведу.
Свой тэкст пра спектакль “Прадметная размова” я б таксама мог звесці да апісання шэрагу сцэн, якія пабачыла публіка, падмацаваўшы ўласнымі ўражаннямі, але гэта занадта лёгка.
Падчас спектакля артысты неаднакроць каментуюць і аналізуюць тое, што адбываецца на сцэне. Яны відавочна імправізуюць свае трактоўкі, зразумела, яны выходзяць аляпістымі і нецікавымі. І гэта ізноў занадта лёгка. А тым не менш адна з функцый рэфлексіі ў тым, каб замацоўваць пачуццё. І хіба можна павярхоўнымі суджэннямі затрымаць у памяці нешта надзвычай складанае і цікавае?
***
Эпізоды спектакля перабіваліся ці суправаджаліся відэа з удзелам вядомых дзеячаў сучаснай беларускай сцэны — Святланы Уланоўскай, Яўгена Карняга, Вольгі Лабоўкінай. Вольга Лабоўкіна на відэа падае на падлогу з кактусам у руках і кажа: “Я — арт-аб’ект”. З гэтым хочацца пагадзіцца абсалютна. Так, Вольга Лабоўкіна — гэта наш арт-аб’ект. Нават яшчэ ў большай ступені, чым згаданая вышэй Валерыя Хрыпач (спадзяюся, Лера не пакрыўдзіцца), бо не залежыць ад наяўнасці ці адсутнасці вакол крэслаў і кактусаў.
Такога самага азначэння заслугоўвае і Вольга Скварцова. Вольга Скварцова як арт-аб’ект выклікае не проста цікавасць, яна вартая падрабязнага вывучэння і дакументавання. Ёй нават варта надаць статус дзяржаўнай і народнай культурнай каштоўнасці. Скампраметаванае саўковай казёншчынай азначэнне “народная артыстка” тут вельмі пасавала б.
Лёгка вычытаць у маіх словах жартаўлівую іранічнасць. Але ў маіх словах ёсць вельмі важная доля праўды, якую варта разумець. Адным з крытэраў мастацтва ёсць важнасць формы, важнасць таго, “як гэта зроблена”. Вольга Скварцова жыве, робіць спектаклі, удзельнічае ў іншых спектаклях. Але пры гэтым яна робіць гэта з надзвычайнай прагай шчырасці, памкненнем да праўды пачуцця.
Гэта скразіць ва ўсім, што Скварцова робіць. Як яна рухаецца на сцэне, як узаемадзейнічае з партнёрам, уважліва слухаецца кожнай інтэнцыі. Засяроджаная на сабе, яна працуе сама, тачоныя, дакладныя рухі. Але рэч не толькі ў гэтым. Сказаць, што гэта характарызуе яе сцэнічную лірычную гераіню, — значыць збядніць гэты вобраз. Вольга напісала ў фейсбуку адразу пасля прэм’еры: “Хачу прысутнічаць, адчуваць, любіць і не забіваць бліжняга”.
Мы ходзім у тэатры, каб нам расказалі гісторыю. Але жывы чалавек, які прад’яўлены нам у сваіх жаданнях і страхах, прыгажэйшы і цікавейшы за прыдуманую гісторыю. Апошнія спектаклі Вольгі Скварцовай — гэта маніфест артыста, якому важна і нават патрэбна, каб яго самога ўспрынялі суб’ектам мастацтва без прывязкі да кантэксту і канцэпту.
І я асабіста гатовы гэта зрабіць.
Найбольш яскравую глядацкую рэакцыю выклікаў у спектаклі эпізод пад песню гурта “ВІА Гра” Кірыла Балтрукова, Скварцова тым часам здымала танцора на відэа, якое транслявалася на экран. Зала актыўна пачала хлопаць пад энергічныя рытмы песні “Перамір’е”, пачуліся нават выкрыкі. Завесці залу не цяжка. І ў цэлым гэты эпізод нечым супрацьстаіць астатнім, дзе няма наўпроставага апелявання да пачуццяў, прынамсі нікога не заахвочваюць пляскаць далонямі ў рытм.
Асабіста мне агідна быць настолькі лёгка справакаваным. Гэта нібыта будуе паміж мной, гледачом, і сцэнай празрысты мур. А новая зала Маладзёжнага тэатра (дарэчы, утульная) зробленая такім чынам, што паміж сцэнай і залай сапраўды вялікая адлегласць. І ў выніку я страчваю сувязь з тым, што адбываецца ўвогуле, і разглядаю тое, што адбываецца на сцэне, быццам у бінокль. Ці праз тэлевізар.
Але ў спектаклі ёсць і іншыя моманты, дзе ніякага мура няма. А менавіта пачатак, калі выканаўцы пачынаюць з залы і робяць свае першыя рухі сярод публікі. На адлегласці выцягнутай рукі я бачу сутаргі хвалявання ў артысткі, якую яшчэ не пазнаю (твар схаваны хусткай). Гэта гарантаваны моцны пачатак. І калі мэта спектакля ў тым, каб даць гледачам магчымасць адчуць прысутнасць (пра гэта, між іншым, Вольга піша ў блогу), то памер пляцоўкі мае значэнне.
Як можна падвесці вынік у гэтым эсэ, гэтым запісе думак і хваляванняў, якія ўзніклі ў мяне падчас прагляду спектакля “Прадметная размова”? Пасля спектакля я сустрэў дваіх сяброў. І адна добрая знаёмая, рэдактар культурніцкага сайта цалкам падзяляла маё захапленне. Мы абое былі ў гуморы, парадаваліся знаёмым на відэа, успрынялі нейкія жарты, атрымалі асалоду ад харэаграфічных экзерсісаў.
Аляксей Стрэльнікаў, budzma.by. Фатаздымкі Дзяніса Грыгарука, сайт bomba.by