Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца была заснаваная амбасадай Рэспублікі Польшча (заяўляецца, што амбасадар Лешак Шарэпка быў ініцыятарам уручэння прэміі), Польскім Інстытутам у Мінску, Беларускім Пэн-Цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Фінансавую падтрымку аказаў “Сомбелбанк” .
У суботу прайшла цырымонія першага ўручэння прэміі. Да апошняй хвіліны заставалася інтрыга што да лаўрэата. Аднак “у кулуарах” амаль не сумняваліся, што ўсур’ёз на прэмію прэтэндуюць Павал Касцюкевіч і Альгерд Бахарэвіч. Некаторыя сярод “сур’ёзных” прэтэндэнтаў называлі Артура Клінава і Аляксандра Лукашука.
На жаль, у мінулым годзе беларуская літаратура не ўзбагацілася абсалютна бездакорнай прозай, адносна якой не было б палярных меркаванняў, таму ў прынцыпе ўсе кнігі, што трапілі ў шорт-ліст, маглі прэтэндаваць на прэмію – яўнага лідара сярод іх, паводле меркавання большасці крытыкаў і некаторых арганізатараў, не было. Літаратурныя спаборніцтвы, на шчасце, не аб’ектыўныя, а толькі адлюстроўваюць густы сяброў журы.
Ужо пасля абвяшчэння шорт-ліста да журы з’явіліся пытанні, якія як прамаўлялі ўголас, так і замоўчвалі. Напрыклад, у яго не трапіў раман дэбютанта ў беларускай літаратуры Віктара Марціновіча “Сцюдзёны вырай”, апублікаваны ў часопісе 34mag.net. Сам Віктар яшчэ напярэдадні каментаваў гэта так: “Літаратурнае спаборніцтва… уступае ў самую цікавую фазу: у аўторак будзе абвешчаны спіс фіналістаў. Сябе я ў ім пабачыць не спадзяюся”.
Трэба сказаць, што не трапіў у шорт-ліст не адзін Віктар, але ён перанёс гэта стаічна, у адрозненне ад Віктара Карамазава, які, страціўшы вытрымку яшчэ на самым старце спаборніцтваў, абвінавачваў Людмілу Рублеўскую ў рэцэнзенцкай слепаце і іншых грахах.
Фраза з ухвальнай рэцэнзіі Марыйкі Мартысевіч на раман сп. Марціновіча: “Сцюдзёны вырай” мае мізэрныя шанцы атабарыцца ў свядомасці нашых прафесійных пісьменнікаў і не менш прафесійных крытыкаў як паўнавартаснае беларускае чытво”, – тлумачыць, чаму раман не трапіў у шорт-ліст, а таксама некаторыя асаблівасці таго, як з шасці фіналістаў журы абрала самага-самага. Пры адноснай роўнасці некаторых з шасці кніг судзілі не толькі творы, але і аўтараў. Безумоўна, наўрад ці сябры журы, галасуючы, прадумвалі “паліткарэктнасць” свайго выбару, аднак яго вынік – красамоўнае сведчанне на карысць таго, што рашэнне было сем разоў узважана.
Артур Клінаў напісаў раман “Шалом”, прыдумаў слоган “Шалом” у кожны дом” і задаўся мэтаю данесці гэтую простую як рэйкі праўду да кожнага, хто хоць раз трымаў у руках беларускую кнігу. Відаць, менавіта Клінаў меў найменей шанцаў атрымаць прыз. Іншыя аўтары проста лічылі непатрэбным займацца такім агрэсіўным піярам. Па такой самай схеме праходзіла і прамоцыя рамана. І хаця тоўстых раманаў нашай літаратуры не хапае катастрафічна, крытыкі і чытачы ўспрынялі тэкст прахалодна. Небліскучы стыль, хадульны сюжэт, банальная ідэя – далёка не адзіныя недахопы рамана. Уганараваць сп. Клінава не маглі, бо гэта было б паразай літаратурнага густу перад аб’ёмам і жанравай прыналежнасцю кнігі. Да таго ж, стаўленне да аўтара, які на пытанне “Каму б Вы аддалі прэмію?” не саромеецца адказваць: “Лічу, што мой ваенны раман «Шалом» найбольш варты прэміі. Бо творы такога кшталту, захапляльныя, дынамічныя, – гэта тое, што можа даць шанец нашай літаратуры вырвацца з гета і стаць цікавай любому нармальнаму беларусу, а не толькі вузкаму колу крытыкаў і пісьменнікаў”. Не саромеецца сп. Клінаў каментаваць і вынікі прысуджэння прэміі, кажучы, што ён пісаў для “народа”, а не для “крытыкаў”, але гэта, мякка кажучы, хітрыкі, бо каэфіцыент продажу, падзеленага на піяр, у рамана нізкі.
Уладзіслаў Ахроменка. Хаця свае “фанаты” былі і ў сп. Ахроменкі, усур’ёз на прэмію ён не прэтэндаваў. Прычым тут акурат той выпадак, калі “вінаватыя” не кніга ці аўтар, а жанравае вызначэнне. Вось красамоўная цытата з інтэрв’ю Аляксандра Лукашука для 34mag.net: «Уладзіславу Ахроменку прэмію мусіць даваць Галівуд”. І хаця словы гэтыя прамаўляліся ў пазітыўным кантэксце, яны добра ілюструюць стаўленне да рамана “Тэорыя змовы”. Маўляў, сапраўдная літаратура не можа быць кінараманам-фарсам. Калі гіпербалізаваць гэтую пазіцыю, то Станіслаў Лем так і не атрымаў Нобелеўскай прэміі, бо пісаў фантастыку. Так і да Ахроменкі, які шмат гадоў аддаў няўдзячнай працы “літаратурнага негра”, стаўленне ў пісьменніцкіх колах неадназначнае. І калі журы магло б уганараваць яго, дык “паспалітая грамада” – не. Прынамсі, не гэты ягоны раман, які, не чытаючы ці нават чытаючы, аднеслі да “нізкага” жанру.
Аляксандр Лукашук напісаў цікавую кнігу пра жыццё Лі Харві Освальда ў Мінску. Але, як і ў выпадку са сп. Ахроменкам, уганараваць галоўнай літаратурнай прэміяй краіны нават не кінараман-фарс, а літаратурную рэканструкцыю гістарычных падзеяў, non-fiction, не маглі. Прынамсі, прэтэнзіяў да стылю, пабудовы сюжэту або іншых літаратурных асаблівасцяў гэтай кнігі публічна ніхто не выказваў. Можа быць, другая ці трэцяя па ліку прэмія Гедройца і адыдзе дакументальнай літаратуры. Да таго ж, Аляксандр Лукашук занадта адарваны ад мінскага жыцця – ён не ўспрымаецца большасцю пісьменнікаў як “свой”. Ён хутчэй эмігрант, які можа вярнуцца, а можа і не вярнуцца, аддаваць яму прэмію было б памылкай.
Андрэй Федарэнка. З аднаго боку за таленавітага Андрэя Федарэнку прагаласаваў бы амаль кожны з сяброў журы. Аднак ёсць акалічнасць: ён сябра праўладнага саюза пісьменнікаў. І для журы, і для арганізатараў было важна падкрэсліць, што прэмія закліканая паяднаць “афіцыйных” і “неафіцыйных” пісьменнікаў. Аддаць прэмію яму відавочна не маглі – у літаратурных колах шмат “непрымірымых”. Не ўшанаваць таксама было нельга – талент Федарэнкі ў мех не схаваеш, дый гэта б пацвердзіла словы арганізатараў пра апалітычнасць прэміі. Патрэбна было “саламонава рашэнне”. У выніку яго знайшлі – трэцяе месца і месячная стыпендыя ва Уроцлаве ад “Калегіюма Усходняй Еўропы”. Што думае з гэтай нагоды сам Андрэй Федарэнка, невядома, бо на ўручэнні ён не з’явіўся. Як крычаў з месца трэш-персанаж “літаратурных салонаў” Вераціла (як яго завуць, мала хто помніць), “Андрэй сказаў, што няма побач з кім стаяць!” Што праўда, гэтая заява поўнасцю на сумленні сп. Верацілы.
Альгерд Бахарэвіч і яго “Малая медычная энцыклапедыя Бахарэвіча” тэарэтычна маглі б атрымаць першую прэмію, але атрымалі другую – месячны побыт ва Уроцлаве (праўда, для сп. Бахарэвіча, які жыве ў Гамбургу, гэта не так завабліва, як для нас з вамі) і сертыфікат на выданне кнігі ў польскім перакладзе ад “Калегіюма Усходняй Еўропы”. Напраўду цікавая эсэістыка Альгерда Бахарэвіча мела толькі адзін істотны недахоп – месцамі правальвалася ў пераказ Вікіпедыі. Але кнізе, што паўстала з цыклу штотыднёвых артыкулаў, цяжка пазбавіцца такой асаблівасці. Магчыма, падкарочаная яна б была лепшай. Пазатэкставых прычынаў не даць прэмію сп. Бахарэвічу было дзве. Першая: ён ужо вядомы пісьменнік, можа быць, самы вядомы беларускі празаік у вагавой катэгорыі да шасцідзесяці гадоў. Па вялікім рахунку, ён бы мог быць у журы, калі б там не было Арлова. Прэмія як прамоцыя яму не патрэбная. Па-другое, Бахарэвіч трапіў у самы цэнтр скандалу, які доўга выспяваў і разарваўся гнайніком перад з’ездам пісьменнікаў (пачатак быў пакладзены некалькі гадоў таму сумнавядомым артыкулам праф. Сіньковай) – супрацьстаянне мадэрністаў і традыцыяналістаў перайшло ў публічную фазу з узаемнымі абразамі (Бахарэвічу закідвалі нелюбоў да класікаў і Беларусі і абагаўленне заходняга). У гэтым сэнсе ён стаў адыёзнаю фігураю, і хаця, напрыклад, Уладзімір Арлоў у прамове на ўручэнні прэміі адзначыў гэта як станоўчую якасць аўтара (намёкам), у любым выпадку такога кшталту паблісіці – не для першага лаўрэата Гедройца, прэміі, якая паклікана аб’ядноўваць. Зрэшты, Адам Паморскі, сябра журы і прэзідэнт польскага ПЭНа, галасаваў менавіта за гэтую кнігу. Можна толькі гадаць, але здаецца, што не так і моцна “Энцыклапедыя” адстала ад “Зборнай”.
Павал Касцюкевіч быў бы ідэальным кандыдатам: ён толькі ў 2007 годзе вярнуўся з Ізраіля ў Беларусь (што ўжо само па сабе дзіўна), мала вядомы шырокай публіцы, але вельмі таленавіты аўтар, не “замазаны” ні ў адным літаратурным скандале, здаецца, ні з кім не пасвараны. Характар Паўла такі, што калялітаратурнае жыццё яго хвалюе мала – уся яго энергія сыходзіць на творчасць. Адным словам, пазатэкставыя прычыны даць прэмію Паўлу Касцюкевічу былі. Па вялікім рахунку, менавіта яму гэтая прэмія была найпатрэбнейшай. Але тут з’яўляецца адно “але”. Павал Касцюкевіч – муж Марыйкі Мартысевіч, намесніцы старшыні беларускага ПЭН-Цэнтра. Здавалася б, прычым тут гэта? Напраўду, калі капнуць, дык выявіцца, што ўсе празаікі з шорт-ліста – чые-небудзь мужы, кумы дый проста сабутэльнікі. Будзе крывадушным сказаць, што беларускі літаратурны свет шырокі – усе тут павязаныя калі не сваяцтвам, дык сяброўскімі стасункамі. Ці магла Марыйка Мартысевіч уплываць на сяброў журы, напрыклад, на Маргарыту Аляшкевіч? Безумоўна, магла: вяроўка, багажнік, лес – варыянтаў процьма. Тым жа самым магла займацца любая з жонак намінантаў. Паўлава жонка вылучаецца толькі адным – яе муж перамог. Аднак галасы “незадаволеных” гучалі ўжо да ўручэння прэміі. Напрыклад, літаратурны крытык Лада Алейнік сцвярджала, што калі прэмія дастанецца Паўлу, яна “па-жаночы” зразумее Марыйку, маўляў, “усё ў дом, усё ў дом”, намякаючы, што такое рашэнне журы будзе пралабіяванае спн. Мартысевіч. Сітуацыя абвастрылася ўжо пасля ўручэння прэміі. Напрыклад, гонза-журналіст Антон Кашлікаў пісаў: “Нават калі падумаць, што ўсе сябры журы галасавалі шчыра, сумленна і па поклічы сэрца, вельмі бянтэжыць, што перамог менавіта Касцюкевіч”. То бок сп. Кашлікаў загадзя лічыць, што была нейкая змова, адмятаючы прэзумпцыю невінаватасці. Да таго ж, гэта яскравы прыклад таго, як несупадзенне ўласнага густу з густам журы лічаць перамогаю дрэннага густу. У любым выпадку такая крытыка дэманструе толькі адно: хто б ні атрымаў прэмію, знайшоўся б мільён незадаволеных.
Што да літаратурных вартасцяў кнігі Паўла Касцюкевіча, то яны відавочныя. Кніга кароткіх, але ад гэтага не менш захапляльных, бліскучых апавяданняў. Што б магло перашкодзіць ім, дык гэта іх прымроенасць, але тут Павал Касцюкевіч стратэгічна абыграў Уладзіслава Ахроменку, бо пазіцыянаваў іх не як фантастыку, фарс або трызненні, але як фантасмагорыю, аўтарскае бачанне, перад якім крытыкі ўпадаюць у багавейны транс. Зрэшты, палюбіў кнігу і чытач. Яшчэ да атрымання прэміі яна карысталася сякой-такой папулярнасцю, здабытаю не дзякуючы надзьмуванню шчок перад заходнімі куратарамі.
Гэта не дзіўна, бо адметны стыль Паўла хаваецца не толькі ў яго парадаксальнай пабудове сказа і сюжэта, але і ў пранізлівым позірку, які прэпаруе нашае жыццё, знаходзячы ў ім характэрныя рысы, якія аўтар рупліва ўзрошчвае да агромністых големаў, што праходзяць па старонках яго апавяданняў, разносячы будзённасць ушчэнт. Дзіўны гумар Паўла Касцюкевіча, адрозны ад гумару, навязанага тэлевізійнай прапагандай, з’яўляецца той формай смешнага, якая знаходзіцца паміж жорсткаю сатыраю і шкадаваннем Чалавека. Вялікі гуманістычны пафас прозы гэтага аўтара мусіў быць адзначаны і ў выніку не застаўся без узнагароды.
Зрэшты, майстэрства Паўла-апавядальніка стала ясным усім прысутным падчас кароткай “інаўгурацыйнай” прамовы лаўрэата. Ён расказаў гісторыю, што адлюстроўвае яго творчае крэда, якое, са словаў сп. Касцюкевіча, ён прыняў даволі рана: у малодшай школе Павал удзельнічаў у конкурсе дзіцячага малюнка крэйдай, дзе ўзяў трэцяе месца з малюнкам пад дэвізам “Вайне – не!”, першае ж месца заняла праца: “Міру – так!”. Менавіта гэтыя словы і гэты стваральны пафас з’яўляюцца для аўтара прыкладам.
Будзем спадзявацца, што месячны адпачынак на шведскай выспе Готланд, які прыкладаўся да прэміі, пойдзе Паўлу Касцюкевічу на карысць, і мы атрымаем яшчэ нямала добрай прозы з-пад яго клавіятуры.
Скуль грошы: Грошы даў “Сомбелбанк”. Гэта варта адзначыць яшчэ раз.
Як прайшло ўзнагароджанне: Падчас узнагароджання шмат казалі пра палітыку ў кантэксце таго, што амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка быў фактычна высланы з Мінска, невядома чаму віталі Някляева, які таксама быў у зале, слухалі гурт “Рацыянальная дыета” і жарты Верацілы з месца, верш у выканні Андрэя Хадановіча, прозу намінантаў у выкананні актораў Купалаўскага тэатра (найбольш выйграў Клінаў, найбольш пацярпеў Касцюкевіч, бо першы просты як рэйкі, а другі складанейшы для пераказу), дарылі лаўрэатам кветкі, казалі кранальныя і пафасныя прамовы, не змаглі ўключыць запіс з прамоваю Лукашука, хвалілі аўтараў, клялі ў кулуарах выбар журы.
Хто судзіў: пісьменнікі Уладзімір Арлоў і Барыс Пятровіч, філосаф Валянцін Акудовіч, крытыкі Людміла Рублеўская і Маргарыта Аляшкевіч, перакладчык і старшыня Польскага ПЭН-Клуба Адам Паморскі, дырэктар Польскага Інстытута ў Мінску Пётр Казакевіч. Ганаровы старшыня журы — амабасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.
Рыгор Скабічэўскі, фота – Аляксандр Ждановіч