Адчуванне паўтаральнасці падзей стварыў Адам Глобус, які аддаў сваю сёлетнюю ўзнагароду «Залатая літара» Андрэю Хадановічу. Рэч у тым, што Хадановіч ужо быў лаўрэатам колькі гадоў таму.
Пісьменнік Адам Глобус уручае сваю «Залатую літару» за найлепшую кнігу адзінаццаты год запар. Ён заснавальнік прэміі, яе фундатар, галоўны прамоўца, а таксама адзіны сябар журы. Па традыцыі, што заклалася летась, цырымонія прайшла на ганку кнігарні «логвінаЎ», які невялікім колам атачылі намінанты, іх сябры, журналісты, а таксама сям’я Глобуса: жонка Алена Адамчык, дачка Ядзвіга і ўнук Вова.
«Цырымонія ўзнагароджання» – вядома ж, занадта гучныя словы. Насамрэч персанальная прэмія – свайго кшталту сяброўскае прызнанне, камплімент ад Глобуса, спосаб раз на год сказаць сваім калегам-літаратарам, якія не пакутуюць ад лішку ўвагі, што яны малайцы, падбадзёрыць, абняць, паціснуць руку і, магчыма, уручыць сімвалічны падарунак у канверце, які сёлета склаў трохі больш за 100 еўра.
Найлепшыя кнігі, паводле Глобуса, у 2013 годзе напісалі паэты – у «шорт-ліст» «Залатой літары» ўвайшлі 9 паэтычных зборнікаў. Гаспадар падзеі пачаў з таго, што паважае, любіць, чытае і перачытвае ўсіх аўтараў, а пасля метадам выключэння патлумачыў, чаму кожны з іх не атрымаў ягонага прыза.
Анатоль Івашчанка і Усевалад Сцебурака, па словах Глобуса, – салодкая парачка, «як Купала і Колас», іх нельга раз’ядноўваць, таму ўзнагароду давялося б дзяліць папалам, але Івашчанка яе ўжо атрымліваў, так што баланс усё адно б парушыўся. Рускага паэта Дзмітрыя Мізгуліна Глобус лічыць цудоўным, але шкадуе, што з узнагароджаннем спазніўся, бо Мядзведзеў паспеў першым уручыць яму Дзяржаўную прэмію Расіі. «Вельмі парадавала кніга «Свамова», – працягвае Глобус, гледзячы на Ігара Кулікова, які прыйшоў разам з паэтам Міхаілам Баярынам. – Даўно не чытаў такога хлебнікаўскага, клюеўскага наследавання, славянафільскага маньерызму”. Глобус не спыняецца ў раздачы ўхвалаў: “Я заўжды верыў у Кірылу Анохіна, нават калі ён прыходзіў у ружовай кашулі і фацэтным гальштуку, і Кірыла сапраўды напісаў выдатную кнігу, якая пацешыла мяне амаль як кніга Алеся Разанава”. Чаму ж прэмія не дасталася Разанаву, які ў Глобусавым спісе быў прадстаўлены адразу дзвюма кнігамі – паэтычнай “Гліна, камень, жалеза” і перакладам з літоўскай п’есы “Клеменс” Казіса Саі? “Я ўжо ўяўляў, як стану побач з Разанавым, як пацісну яму руку, а пасля падумаў: ды ён не прыйдзе! А вось Хадановіч прыйдзе, аддам лепш яму”, – так адвольна, паводле ўласнай хісткай логікі, Адам Глобус і абраў пераможцу.
Кніга “Дэжа вю: перавыбранае” Андрэя Хадановіча – падсумаванне пэўнага перыяду, бо выйшла яна да саракагоддзя паэта і ў яе ўвайшлі найлепшыя вершы, напісаныя за апошнія 15 гадоў. “Несправядліва мала розгаласу было”, – заўважыў Адам Глобус. І сапраўды, зборнік неяк згубіўся сярод іншых перавыданняў серыі “Я кнігу маю”, а на першы план, пасунуўшы Хадановіча-паэта, апошнім часам часцей выходзіць Хадановіч-перакладчык. Таму прэмія сталася асабліва нечаканай.
Уся «цырымонія» заняла хвілін дваццаць – прыкладна столькі трэба для асабістых падзякаў. Не абышлося без прыязных сяброўскіх кпінаў ад Валянціна Акудовіча ды Уладзіміра Арлова, які завяршыў дзею знакамітым «Мне прысніўся Хадановіч».
Аляксандра Дорская, фота Зарыны Кандрацьевай