Пакуль пісьменніцкая супольнасць скаланаецца ў спрэчках, хто возьме Гедройца, у кнігарні «логвінаЎ» прайшло ўручэнне іншай, больш сціплай літаратурнай прэміі — «Залаты апостраф». Узнагарода найлепшым аўтарам часопіса «Дзеяслоў» сёлета выдаецца ўжо ў дзясяты раз.
На цырымонію прыйшлі ў асноўным самі намінанты, але нейкім дзіўным чынам склалася ўражанне, што зала пад завязку набітая людзьмі. Галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч расказаў, што першымі лаўрэатамі прэміі ў 2003 годзе былі Васіль Быкаў, Алесь Бадак, а таксама Глеб Лабадзенка. «Тады Лабадзенка быў дэбютантам, а сёння — вядомы паэт і грамадскі дзеяч, — расхваліў ён Глеба да нябёсаў, — так што мы не памыліліся, калі заўважылі яго яшчэ школьнікам». Барыс Пятровіч расказаў таксама, што ўвесь гэты час існавала правіла, паводле якога літаратар мог атрымаць прэмію толькі аднойчы, але з наступнага года вырашана ад яго адмовіцца.
Гэтая навіна асабліва ўзрадавала паэта Леаніда Дранько-Майсюка, які некалі атрымліваў «Залаты апостраф» за празаічныя творы. Ён адзначыў, што «Дзеяслоў» годна працягвае беларускую часопісную традыцыю, якая ідзе з часоў «Узвышша», ды пахваліўся тым, што з’яўляецца самым актыўным падпісчыкам выдання. Пасля чаго Барыс Пятровіч зладзіў невялікі конкурс на веданне падпіснога індэкса, а Дранько-Майсюк тут жа гэты конкурс выйграў, зачытаўшы лічбы са свайго падпіснога купона. У якасці падарунка ўсім сёлетнім лаўрэатам ён прадэкламаваў фрагмент уласнай прозы.
У першай намінацыі «Паэзія» асабліва вылучаліся два прэтэндэнты — малады аўтар Антон Рудак і жывы класік Алесь Разанаў. Некаторыя лічылі, што часопіс падтрымае маладога паэта, у якога няма нават кнігі, бо Разанаў і так мае ўсё магчымае прызнанне. Але Анатоль Івашчанка, абвяшчаючы вынік, прамовіў, што «паэзія — гэта сума немагчымасцяў», чым без варыянтаў указаў на пераможцу. Алесь Разанаў адзначыў, што гэтай прэміяй ён хацеў бы падзяліцца з некалькімі людзьмі, якім сёння патрэбная ўвага — з літаратарам Алесем Чобатам, якому неабходныя сродкі на лячэнне, з паэтам Андрэем Гуцавым, пераклады якога з латышскай паэзіі даўно чакаюць выдання, а таксама з краязнаўцам з Берасцейшчыны Алесем Зайкам, які выдаў «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны».
«Каб мне троху раней паведамілі, я б штосьці з Разанава праспяваў», — сказаў Алесь Камоцкі, які гэтым вечарам разбаўляў словы музыкай. «Як з Разанава штосьці можна праспяваць?» — здзівіўся крытык Ціхан Чарнякевіч.
Пад спевы ў кнігарню зайшоў Уладзімір Някляеў з жонкай. Побач зашапталіся, што менавіта яму дадуць узнагароду за прозу. «Пракопавічу ўручыце?», — спытаў хтосьці ў Барыса Пятровіча, які прабіраўся паўз натоўп. «Так, вядома ж», — па-змоўніцку адказаў той. «Вось, зноў ніякай інтрыгі», — абураліся ў зале. Насамрэч Уладзіміра Някляева сярод намінантаў увогуле не было, ён прыйшоў сюды як былы лаўрэат. «Дзе грыбы, прынёс?», — спытаў ён у Барыса Пятровіча штосьці толькі ім двум зразумелае і выступіў з аптымістычнай прамовай пра еўрапейскую будучыню нашай літаратуры: «Літаратура робіцца ўсё мацнейшай. Вось, напрыклад, Алесь Няўвесь, якога мы ведаем як гумарыста, напісаў сур’ёзны гістарычны раман «Грэх», прычым падзеі ў ім адбываюцца яшчэ да нашай эры». «З наступнага нумара выходзіць у «Дзеяслове», — прарэкламаваў Пятровіч. «І калі ён паспеў? Усё піша і піша, як аўтамат», — з’едліва сказала нейкая жанчына. Пісьменнікі ўспомнілі таксама часопіс «Крыніца», дзе Някляеў быў галоўным рэдактарам, і расказалі, што інтэрнет-бібліятэка «Камунікат» узялася аблічбаваць усе нумары легендарнага выдання.
Урэшце аб’явілі лаўрэата ў намінацыі «Проза», узнагароду атрымаў паэт і бард з Берасцейшчыны Алесь Паплаўскі. «Няхай гэты «Залаты апостраф» зробіцца сярпом, якім ты будзеш зразаць каласы прозы», — павіншаваў яго Алесь Пашкевіч.
У наступнай катэгорыі — «Дэбют» — перамагла маладая аўтарка Марына Яўсейчык. «Вельмі прыемна, што гэты год пачаўся для мяне з літаратурных прэмій. Першая прэмія ад газеты «Звязда» за найлепшае апавяданне года, а зараз і найлепшая падборка ў «Дзеслове», — пахвалілася дзяўчына. «Ну а што далей? — выразна спытала яна сама ў сябе. – Далей трэба выпускаць кніжку ўласнай прозы», — скончыла ўнутраны дыялог маладая пісьменніца.
Апошні прыз — «За высокі ўклад у сучасную беларускую літаратуру» — атрымаў празаік Анатоль Кудравец, які не змог прыехаць праз хваробу.
А цукру ў і без таго салодкую цырымонію дадала паэтка Аксана Спрынчан, падарыўшы рэдакцыі адмысловую лыжку для мёду. Яна расказала, што напярэдадні адзначала разам з мужам Дзень роднай мовы за куфлем цёмнага піва. А пяцігадовая дачка казала тосты, адзін з якіх быў: «Каб беларуская мова была беларускай», — чаго Аксана і пажадала ўсім прысутным.
Аляксандра Дорская
Фота: Сяржук Сыс