П’еса Мальера “Дон Жуан” наўрад ці вядомая шырокім масам. Са школы, мабыць, ведаюць сюжэт пушкінскага “Каменнага госця” ці найбольш вядомыя арыі оперы Моцарта. Але Мальер — гэта для масавага гледача камедыёграф. Гэта “Тарцюф”, “Хітрыкі Скапэна”, “Скупы”… Наўрад ці ў гэтую карціну свету ўключаны сур’ёзны трагічны сюжэт (няхай сабе і з камічнай лініяй Сганарэля, якога калісь граў сам Мальер). Таму ў нейкай ступені гэты спектакль — працяг усё той жа лініі Асветніцтва. Bazinga!
Але гэтая п’еса Мальера сапраўды вядомая вельмі мала. Спецыялісты ўспомняць знакаміты спектакль Анатоля Эфраса з Міхаілам Казаковым і Львом Дуравым, быў цікавы спектакль Альгірдаса Латэнаса ў Брэсцкім тэатры.
Тым не менш варта разумець, што сама гісторыя Дон Жуана для Мальера была другаснай настолькі, што ён вывеў за сцэну найбольш выгадныя для Дон Жуана эпізоды (такія як спакушэнне манашкі ці забойства Камандора), пакінуўшы некалькі менш насычаных сцэн (спакушэнне рыбачкі і двубой з рыбаком) быццам толькі для праформы. Затое ён піша так шмат маналогаў і дыялогаў пра мараль, рэлігію і крывадушнасць, што ўзнікае адчуванне, быццам п’еса напісаная для таго, каб са сцэны прагучала пэўная ідэалогія. Прычым настолькі радыкальная для свайго часу, што французскую цэнзуру не падманулі пранікнёныя словы ў абарону веры, якія прамаўляе Сганарэль, і п’еса стагоддзямі была вядомая збольшага ва ўпрыгожаным варыянце.
“Дон Жуан” — гэта маніфест свабоды. Галоўны герой упіваецца вялізнымі магчымасцямі, якія адкрываюцца перад чалавекам, які рацыянальна ўспрымае свет і не абмяжоўвае сябе маральнымі забабонамі. У свеце шмат спакусаў, і натуральна ім падпарадкавацца. Але цікавым робіць мальераўскі вобраз Дон Жуана не гэта, а яго паслядоўнасць: ён гатовы несці адказнасць за наступствы сваёй свабоды не каецца нават у агні апраметнай.
Што цудоўна ўдалося вядомаму піцерскаму рэжысёру Анатолю Праўдзіну, — гэта перадаць гісторыю. Яна супярэчлівая, яна складаная, але і лінія Дона Жуана, і лінія Сганарэля, і лінія донны Эльвіры падаюцца паслядоўна. Напрыклад, Эльвіра абдымае Дон Жуана ў першым акце, калі ён выпацканы сажай, гэты ж след ад сажы мы бачым на яе шчацэ ў апошнім акце. Усе псіхалагічныя нюансы п’есы расстаўленыя па сваіх месцах.
Пры гэтым мы па-ранейшаму застаемся ў рамках ідэйнага маніфеста аб свабодзе, а не, скажам, з псіхалагічнай драмай. Сцэнаграфія і касцюмы цалкам адыходзяць ад умоўнага мальераўскага новага часу з парыкамі-камзоламі. Ад часоў “плашча і шпагі”, засталіся на сцэне хіба тыя самыя шпагі, але падчас спектакля мы не бачым ніводнага двубою. Умоўная прастора дастаткова проста падзеленая на некалькі зон, якія даюць рэжысёру шмат магчымасцяў для пастаноўкі выгадных мізансцэн (так, маралізатарства Сганарэля гучыць зверху з глыбіні сцэны, адкуль яго пафас выглядае больш арганічным і натуральным). Касцюмы нагадваюць кіберпанкаўскую эстэтыку 80-х. І гэта настолькі далёка ад таго, што нас хвалюе, што іх быццам зусім няма.
Беларускія гледачы мусяць быць удзячныя Анатолю Праўдзіну за такую акуратную, ледзь заўважную рэжысуру. Таму што ўся ўвага факусуецца не на Мальеру, не на афармленні, не на рэжысёрскім прачытанні, а на тым, чым мы ганарымся больш за ўсё, — на беларускіх акцёрах.
У дуэце Паўла Харланчука і Віктара Манаева няма таго, хто вядзе і хто слухаецца (бо Сганарэль, нагадаем, не проста служка, а альтэр эга самога Мальера). Па сутнасці, кожны з іх грае свой уласны спектакль, напружанне ад іх спалучэння і вызначае болевы парог у гэтай пастаноўцы купалаўцаў.
Героя Харланчука акаляе натоўп служак, якія ва ўсім імкнуцца супадаць са сваім гаспадаром. Спектакль пачынаецца з дастаткова вольнай трактоўкі сцэны з Гусманам, служкай донны Эльвіры, ад якой Дон Жуан збег. Раптоўнае з’яўленне Дон Жуана і яго памагатых нагадвае па сваёй вераломнасці сцэны з фільмаў Таранціна ці Гая Рычы. Чацвёрка ліхадзеяў на чале з абаяльным Харланчуком у першай дзеі фарбуе твары чорным колерам, і гэта просты сродак паказаць, што гэта цёмная сіла.
І нават калі служак няма, гэты Дон Жуан паводзіць сябе так, быццам ведае ўсё на крок наперад, і сам свет падыгрывае яму. Сваім праціўнікам (кабеты гэта ці іх абаронцы) Дон Жуан кожны раз дае свабоду выбару: удзельнічаць у ягоных гульнях ці не, быццам выпрабоўвае іх. І найменшая няцвёрдасць у намерах ці думках заканчваецца вераломным захопам. Сваіх праціўнікаў Дон Жуан упрыгожвае кветачкамі і памадай на свой манер, так, што яны нагадваюць пачварных лялек, быццам паказвае, што можа з імі зрабіць усё.
Гэтая агрэсіўная свабода мала захоўвае ад свайго ідэальнага правобраза, гэта трыумф волі, яе цёмны твар. Гэты Дон Жуан бярэ на сябе права на гэтую свабоду… Часта разважаюць, як так адбылося, што фашысты прыходзілі да ўлады дэмакратычным шляхам. Але можна сказаць, што фашызм — гэта іншы, зваротны бок волі, цёмны і нябачны да пэўнага часу.
Спектакль Віктара Манаева пачынаецца пазнавальнымі фарбамі. У яго акцёрскім арсенале шмат прыёмаў, якімі ён віртуозна граў і хітрых служак, і тых, хто мусіў падпарадкоўвацца няўмольнаму лёсу. У Сганарэля ёсць магчымасць не ўдзельнічаць у свавольствах Дон Жуана, але ён застаецца з гаспадаром. Гэта не толькі карыслівы выбар (пра што сведчыць апошняя рэпліка спектакля), Сганарэлем рухаюць іншыя пачуцці. Сганарэль Манаева быццам задушаны воляй Дон Жуана. Усё, што яму застаецца, — гэта свабода слова і думкі, і ігнараванне Дон Жуанам гэтай свабоды, паказвае, як мала яна каштуе. Але паступова перад намі вылушчваецца нейкі іншы вобраз, якога я ў Манаева раней не бачыў.
Пералом у абодвух наступае пасля сустрэчы з каменным камандорам. Пасля гэтай сустрэчы мы бачым герояў у маленькім пакойчыку, свабода раптам звузілася да маленечкага засценка. І вось ужо Дон Жуан не так смела паціскае руку, быццам прымервае на сябе “ціск каменнае дзясніцы”. І мы нават чуем ад Дон Жуана словы раскаяння. Для мяне гэта адзін з найбольш эмацыйных момантаў спектакля, калі расчулены Сганарэль Манаева, быццам усцешаны бацька, падыходзіць да свайго гаспадара са шчырымі словамі ўхвалы. Каб пачуць, што ўсё гэта была крывадушнасць! Мальер напісаў для Дон Жуана цэлы маналог аб крывадушнасці, які Харланчук чытае спакойным тонам, як лекцыю ці паведамленне. Асабліва сёння, калі натхняльная прапагандысцкая істэрыя гучыць з кожнага тэлевізійнага канала, вельмі лёгка прывесці прыклады крывадушнасці з жыцця, якая, як і ў часы Мальера, застаецца недатыкальнай для грамадскай думкі…
Фінал спектакля зроблены вельмі проста, нават скупа для трагедыі, але эмацыйнае ўздзеянне ад гэтага не слабее. Гледачы кажуць пра шокавы стан ад прагляду спектакля, прытым што ў спектаклі не пужаюць. Але страшна не толькі калі пужаюць, але і калі адбываецца нешта незразумелае. Новы спектакль купалаўцаў здолеў, на маю думку, гэта незразумелае выявіць.
Аляксей Стрэльнікаў
Фота: kupalauski.by