Спектакль “Хітрыкі Ханумы” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага быў пастаўлены для забавы публікі. Крытыку звычайна няма чаго сказаць пра такога кшталту спектаклі. Ну, здаецца, гледачы смяюцца, жарты працуюць — і добра. Не, канечне, можна падакалупвацца да дробязяў. Мне вось сцэна ў лазні падалася трошкі зацягнутай, але тое лёгка спісаць на прэм’ерную нервознасць. Ды і збольшага якраз камедыя мае права быць смешнай увогуле і не быць смешнай у кожны канкрэтны момант. І менавіта таму, здаецца, камедыя заслужыла сваю славу “нізкага” і “лёгкага” жанру: нават адзін удалы жарт можа выратаваць вечар…
Аб’ектыўна я мушу канстатаваць, што камедыя ў Сяргея Кавальчыка атрымалася смешнай. Удалых жартаў было больш чым дастаткова. Рэжысёр быццам купаецца ў сваёй стыхіі рытму і музычнасці (а гэта найважнейшыя элементы формы, якія для ўдалай камедыі абавязковыя). Прынамсі той паказ, які глядзеў я, публіка прыняла вельмі цёпла. Асабліва хацелася б сказаць добрыя словы пра Руслана Чарнецкага, Эмілію Пранскутэ, ды і ўвесь ансамбль спектакля і шматлікая масоўка выглядалі надзіва зладжана. Але не хочацца артыкул пра спектакль заканчваць на гэтым.
Смех і гумар — супярэчлівыя рэчы, бо яны адначасова аб’ядноўваюць публіку, але, з іншага боку, застаюцца заўсёды нечым індывідуальным. Мы быццам смяемся разам, але калі пачаць высвятляць, то выявіцца, што кожны смяяўся пра сваё. Заўважаем мы гэта, толькі калі наша пачуццё гумару не супадае з супольным. Але гэтая ілюзія еднасці робіць тэатральныя камедыі прыцягальнымі.
Цікава паразважаць, што робіць гэту гісторыю такой прыцягальнай.
“Хануму” можна толькі з нацяжкай назваць класічнай п’есай. Гэта грузінскай “Паўлінка”, спазнелая на цэлую эпоху мяшчанская камедыя. Кпіны ў бок высакародных шляхціцаў, якія былі актуальнымі ў часы Мальера, раптам зрабіліся аб’ектам настальгічнага замілавання. Мала хто адчувае столькі цёплых пачуццяў да традыцыйных каштоўнасцяў, як тыя, хто мае да іх апасродкаванае дачыненне. Той факт, што аб’ект настальгіі выяўлены ў грузінскіх матывах, якія напамінаюць пра часы, “калі мы былі адной краінай”, думаю, павялічвае замілаванне шматкроць. У спектаклі можна пабачыць шмат пазнавальных адзнак: касцюмы, дываны, танцы а-ля Сухішвілі (іх зрабіў харэограф Дзмітрый Залескі, які, здаецца, супольна з грузінамі працаваў). Упэўнены, што пастаянная і адданая публіка былога Рускага тэатра імя Горкага прыходзіць у тэатр менавіта па гэта.
Тут працуюць і іншыя нюансы. Камедыя пра смешных грузін (удакладню: мілых, узнёслых, наіўных грузін, якія нам падаюцца вельмі забаўнымі) — гэта такая гісторыя “не пра нас”. І гэта яшчэ больш разнявольвае механізмы гумару.
Ва ўласна тэатральным сэнсе “Ханума” — перш за ўсё пастаноўка Георгія Таўстаногава, вядомая па сваёй экранізацыі (у маім дзяцінстве яе паказвалі на тэлевізары ледзь не штотыдзень). Імя класіка савецкай рэжысуры робіць гэты драматургічны матэрыял значна бліжэйшым да артхаўса. “Ханума” — гэта вам не Рэй Куні і нават не Франсіс Вэбер. У спектаклі гэты тэатральны матыў узмоцнены формай мюзікла, жывое выкананне, жывыя інструменты на сцэне задаюць спектаклю натуральны пафас, які для нашай публікі — неад’емная частка тэатральнай імпрэзы.
Гучная, прыгожая, смешная камедыя не пра нас, але з напамінам пра нашу колісь слаўную супольную мінуўшчыну. Вось якая складаная, на маю думку, формула новага спектакля тэатра імя Горкага.
Аляксей Стрэльнікаў