Прэм’ера новага фільма Цімура Бекмамбетава «Ёлки» адбылася ў кінатэатры “Масква” 14 снежня. Аўтарам сцэнару выступіў беларускі драматург Андрэй Курэйчык.
Яўген Булка
Першае слова было дадзенае Галавашыну — прадстаўніку «Інтэрфільма». Па яго словах, стужка атрымалася «вельмі пазітыўная». Мінск першым прымае прэм’еру, але каб масквічы не крыўдавалі, месцам прагляду быў абраны кінатэатр Масква. Гэтым фільмам «Інтэрфільм» распачне серыю прэм’ераў, «за якія не сорамна». На 14 сакавіка запланаваная прэм’ера «Службовы раман. Наш час», дзе Іван Ургант будзе змагацца з Канстанцінам Хабенскім за Мілу Ёвавіч. Імпрэза адбудзецца таксама ў кінатэатры Масква. А таксама мінскай публіцы паабяцалі жывога Віна Дызеля на прэм’еры «Фарсажа-5», які, магчыма, прамчыць па вуліцах сталіцы.
Андрэй Курэйчык
Андрэй Курэйчык выказаўся так: «Над гэтай стужкай працавала вялізная каманда: 6 рэжысёраў, тры сцэнарысты, шмат актораў». Для стварэння сцэнару кінакампанія «Базілевс» абвясціла конкурс, на які прыйшло 20 тысяч навагодніх гісторыяў; з іх і быў зроблены сцэнар. За кошт такой вялікай колькасці матэрыялаў і канчатковы варыянт атрымаўся няпросты — 9 сюжэтных лініяў. Стваральнікі фільма сустрэліся з перашкодамі і супрацівам прыроды — «у жніўні было 40 градусаў, а мы здымалі заснежаную Красную плошчу. Смог. Жах».
Яшчэ адной асаблівасцю фільма з’яўляецца тое, што ён быў зняты на дзяржаўныя грошы. Андрэй паскардзіўся, што хацелася б зняць фільм і ў Беларусі, але пакуль не атрымліваецца.
З прычыны «ёлак» у асабістым жыцці і на працы не прыехалі галоўныя героі — акторы. Затое Ургант і Светлакоў перадалі відэавіншаванне, пасля якога і пачаўся сам фільм.
Святлана Бароўская
Добрая пераднавагодняя казка, якая спадабаецца не толькі дарослым, але і дзецям. Прафесійная праца сцэнарыстаў дапамагае не заблытацца ў гісторыях і падсюжэтах, больш за тое — звязвае іх у адну карціну. Але, напэўна, усё ж такі можна вылучыць некалькі галоўных лініяў. Гэта гісторыя пра маленькую дзяўчынку з дома-інтэрната, якая расказала ўсім, што яе бацька — прэзідэнт Расіі. І другая — аповед аб тым, як людзі, якія занадта шмат часу аддаюць заробку і кар’еры, могуць страціць сваіх каханых. Але гэтая гісторыя была сапсаваная самім Іванам Ургантам, які выконваў у ёй галоўную ролю, — ён расказаў у відэазвароце, што яго герой памыляецца, і яго каханка ўсё ж такі чакае свайго прынца.
Тамара Лісіцкая
Пётр Ялфімаў
Сюжэт будуецца на ідэі шасці «поціскаў рукі» — усе людзі на Зямлі знаёмыя праз шэсць чалавек. Гэты фільм нібы спрабуе даказаць гэтую тэорыю. А заканчваецца ён думкай, што і ў нашы дні адбываюцца цуды, тым больш падчас Новага году, трэба толькі верыць.
Не прыехалі на прэм’еру заяўленыя «зоркі», дзеячы шоў-бізнэсу, міністр культуры Павал Латушка, але без сумневу можна сказаць, што яны проста страцілі магчымасць паглядзець сапраўды добры, станоўчы расійскі фільм першымі.
на першым фота – Андрэй Курэйчык