10 сакавіка на сцэне Тэатра беларускай драматургіі прайшла прэм’ера спектакля “Завядзёнка”, які стварылі вядомыя ў Беларусі рэжысёр Кацярына Аверкава і музыка Мацей Сабураў пад шыльдай міжнароднага незалежнага тэатра NiMú. Спяшаюся падзяліцца першымі ўражаннямі ад таго, што ўбачыў.
Ёсць меркаванне, што танец паходзіць з капіявання паўсядзённых рухаў чалавека. І ўсе гэтыя вальсы і балеты пра адно і тое ж: вось так раней працавалі і адпачывалі, заляцаліся і пакутавалі.
Гэта асабліва падкрэслівалася тымі, хто звяртаў увагу на сацыяльную прыроду мастацтва і танца. Апошнім часам мы ўсё болей звяртаем увагу на багаты ўнутраны свет і менавіта яго спрабуем адчуць у тым, як чалавек рухаецца, ці, дакладней, што ім рухае. Але людзі не перасталі рухацца. Яны сядзяць за камп’ютарам і перад тэлевізарам, яны запраўляюць ложак і перастаўляюць посуд з лядоўні ў пасудамыйную машыну, прымаюць ванну і адпачываюць на канапе.
Спектакль Кацярыны Аверкавай “Завядзёнка” зрабіўся менавіта такім танцам побытавасці. Стол і абрус сталі адзіным рэквізітам. А астатнюю прастору запоўнілі танцоры Ірэна Фас Фіта і Ёханэс Штубенфоль.
Я, напэўна, на бяру на сябе занадта вялікую адказнасць, называючы тое, што робяць маладыя еўрапейскія артысты, танцам, і спецыялісты мяне паправяць. Але я настойваю. Мне здаецца, што ёсць межы, дзе атлетычнасць і фізічнасць выканання набываюць неабходную для мастацкага вобразу абстрактнасць, але цялеснасць яшчэ не набывае таго самага посттанцавальнае значэння, для якога мы яшчэ не прыдумалі назвы…
Сюжэтны складнік дзеі можна звесці да класічнага “лодка кахання разбілася аб побыт”. Хлопец і дзяўчына знаёмяцца, становіцца бліжэйшымі, і вось яна ўжо бяжыць з вэлюмам (абрусам) на галаве. І вось ён ужо заносіць яе на руках ва ўласны дом. Абжываць гэты дом яны будуць разам, усё болей і болей адасабляючыся… Так можна апісаць сюжэт спектакля каротка, флэшфорварды і флэшбэкі часткова, а можа, і цалкам пераварочваюць гісторыю. Але не хочацца псаваць гледачам асалоду самім разабрацца, што ж там на сцэне адбылося…
Але ў спектакля ёсць і іншае вымярэнне. Яно зыходзіць з асаблівасці ўзаемадзеяння выканаўцаў. Ірэна Фас Фіта і Ёханэс Штубенфоль на ўзроўні, блізкім да ідэальнага, валодаюць сваім целам, робяць уяўна складаныя рэчы лёгка і быццам між іншым. Просты вобраз, калі дзяўчына абаранкам абвіла хлопцу галаву. Яго галава ў ёй, яна ў яго галаве – усё зразумела, падабаецца іншае: выканаўца ідзе пры гэтым лёгкай пругкай хадой, быццам нічога такога няма, быццам няма на ім дадатковай вагі.
Пра гэтую злепленасць дзвюх чалавечых істот мы рэдка задумваемся. А сапраўды, ці гэта не праўда, што кожнае нашае дзеянне істотна ўплывае на іншага: напрыклад, калі мужчына выпіў, жанчына ўжо курчыцца на падлозе ў пакуце. Адзін з найбольш моцных момантаў спектакля – калі абое трымаюць абрус. Адзін адпусціць – другі паваліцца.
І ў такой сузалежнай позе героі “Завядзёнкі” застылі на пэўны час. А падумалася, што ў нечым да ўсіх нашых грамадскіх зносін мы павінныя ставіцца гэтаксама. Скажаш злое слова, зробіш замах, перабольшыш з сарказмам – і парвецца сувязь, страціш партнёра, сябра, суайчынніка…
Гэты лёгкі сюжэт з закавыкай робіць спектакль прынамсі патэнцыйным глядацкім хітом. Шырокая публіка ўспрымае такія авангардныя пастаноўкі з насцярожанасцю. Але, здаецца, у Мінску дастаткова гледачоў, якім спадабалася б гэтая рамантычная гісторыя, якая ў выкананні маладых і сімпатычных артыстаў гучыць асабліва эмацыйна і пранізліва. Не ў апошнюю чаргу таму, што сам спектакль ёсць спробай па-даросламу паставіцца да складанай праблемы стасункаў. “Завядзёнка… Sich einleben…” – тлумачаць стваральнікі спектакля ў назве. Высокія пачуцці робяцца звычайнымі, “прызвычайваюцца”.
Рэжысёр Кацярына Аверкава і Мацей Сабураў, які жыўцом сэмплуе музыку спектакля, увесь час знаходзяцца збоку сцэны і пільна сочаць за тым, як развіваюцца падзеі (і гэта таксама своеасаблівы танец, за якім цікава назіраць). Ёсць вядомы тэатральны слоган “Заўсёды LIVE, заўсёды 3D”, але менавіта ў такіх спектаклях пачынаеш задумвацца пра феномен жывога выканання. Наколькі цікавей і багацей гучыць са сцэны гук, які нараджаецца тут і цяпер, а не агучваецца з фанаграмы. Наколькі нязвыклым робіцца рытм спектакля, то цягучы і павольны, то імклівы, але ўвесь час быццам збіваешся з рытму ўспрыняцця…
Спектакль пачынаецца і заканчваецца інтэрактыўным барам, які знаходзіцца на сцэне, і можна падыходзіць і замаўляць напоі. Гэтым мы быццам яшчэ шчыльней далучаемся да дзеі. І, дарэчы, нам істотна не стае адкрытых буфетаў пасля спектакляў, бо спектакль не скончыўся, пакуль мы не абмеркавалі свае перажыванні пра яго.
Аляксей Стрэльнікаў для budzma.by