Беларускі дзяржаўны моладзевы тэатр перажывае крызіс рэжысуры: летась адсюль сышоў галоўны рэжысёр Віталь Катавіцкі, і каб артысты не сумавалі, вясной адбудзецца адразу дзве прэм’еры. Для першай з іх быў запрошаны расійскі рэжысёр Іскандэр Сакаеў.
П’еса Уга Бэці вядомая ў Расіі: яе ставілі ў Новасібірску, Магнітагорску, Ніжнім Ноўгарадзе. А мы пра італьянскую драматургію ведаем вельмі мала, таму будзе цікава пабачыць п’есу аўтара, якога Вікіпедыя называе італьянскім Кафкам. Дарэчы, яго варта было б назваць, напэўна, італьянскім Астроўскім, бо, як і расійскі класік, Бэці працаваў у судзе і там, відавочна, набіраў матэрыял. Яго самая знакамітая п’еса называецца “Карупцыя ў палацы юстыцыі”, злачынства і пакаранне ў яго творах робяцца галоўнай тэмай.
Вось і ў п’есе “Казіны востраў” салдат, які называе сябе Анжэла (Яўген Іўковіч), вяртаецца з палону да ўдавы (Наталля Анішчанка), дачкі (Таццяна Гарачкіна) і сястры (Таццяна Новік) свайго сябра па лагеры. Прадметам мастацкага разгляду для драматурга становяцца адносіны паміж адзіным мужчынам у доме і трыма жанчынамі, якія стаміліся за гады вайны жыць без мужчыны. Трэба прызнаць, п’еса здзіўляе збалансаванасцю, сюжэт роўна размеркаваны па часе такім чынам, што кожная з умоўных чатырох частак быццам бы лагічна завершаная, але гледачу можа свярбець тое самае пытанне: “А далей што было?” Тут вельмі цяжка разважаць пра вартасці п’есы без спойлераў, але хацелася б тое-сёе сказаць.
П’еса таму выдатна падыходзіць для постсавецкага тэатра, што ў ёй тры цікавыя жаночыя ролі (а чым заняць жаночую частку трупы – галоўны галаўны боль дырэктараў тэатраў). Цікавасць яшчэ і ў тым, што такое рознае стаўленне да мужа, брата і бацькі дае шмат магчымасцяў паразважаць над прыродай чалавечых стасункаў увогуле.
Маці сямейства Агата з’яўляецца на сцэне не адразу, але менавіта да яе прыйшоў Анжэла, менавіта яе залвіца вінаваціць у тым, што ўся сям’я, некалі з’ехаўшы з горада, дагэтуль застаецца на дальнім востраве. Успамінаючы пра свайго мужа, яна адстойвае свой гонар, маўляў, муж не сышоў на вайну, а збег… Гонар жанчыны і маці нараджае памкненне да чысціні, высакароднасці, якія ў любой супярэчлівай жаночай натуры, калі побач мужчына, могуць суседзіць з ранімасцю і слабасцю, нават агрэсіўнасцю (найбольш эмацыйны момант у спектаклі – калі маці кажа дачцэ: “Ты мне не патрэбная! Сыходзь!”).
Калі і маці, і дачка, і сястра робяцца адначасова каханкамі аднаго мужчыны, нечым нават нагадвае фрэйдысцкія расклады. І перад гераіняй Наталлі Анішчанка паўстае выбар: заставацца каханкай ці вярнуць сабе прызванне маці, а гэта значыць, тую самую “чысціню”, адказнасць за якую яна нясе не толькі перад сабой, але перад іншымі… Мне здаецца, зусім невыпадкова менавіта фігура маці становіцца ў п’есе і ў спектаклі, па сутнасці, цэнтральнай. Мы мала пра тое разважаем, але ўвогуле фігура маці для нашай культуры архетыповая. І тое, як гэты вобраз паказваецца ў спектаклі, дае падставы зірнуць на яго з іншага ракурсу.
Іскандэр Сакаеў садзіць выканаўцаў на вельмі жорсткую пластычную і мізансцэнічную структуру, у якой артысты вымушаныя існаваць у нязвыклым для сябе, вельмі высокім тэмпе. Часам ім нязвыкла настолькі, што яны выпадаюць з поля ўласнай арганікі. Умоўная геаметрыя мізансцэн, пастаянныя змены ракурсу, выхады з глыбіні на авансцэну – партытура спектакля атрымалася вельмі і вельмі складанай. Найбольш цяжка ў напружаным першым акце Яўгену Іўковічу, але трэба прызнаць, што з цяжкім заданнем артыст спраўляецца: у яго інтанацыі загучалі цікавыя новыя ноты.
Для тэатра пастаноўка задумвалася як практычная рэалізацыя трэнінгу біямеханікі Меерхольда, які рэжысёр Сакаеў таксама праводзіць. І калі разглядаць гэтую адукацыйную, трэнінгавую функцыю спектакля, то вельмі важна даць яму “выспець”, даць артыстам магчымасць існаваць у гэтым матэрыяле працяглы час. Як казінаму сыру.
Такая самая трэнінгавая ідэя прымушае асабіста мяне прымірыцца з існаваннем назойлівых істот – козаў, якіх цікава і падрабязна разыгрывае масоўка тэатра, але іх існаванне збольшага зводзіцца да таго, што “козы” з віскам пастаянна носяцца туды-сюды. Рэжысёру яны дапамагаюць пэўным чынам узвінціць тэмп, але гледачам цяжка захоўваць канцэнтрацыю на сцэнічнай дзеі.
У цэлым, аднак, спектакль атрымаўся цікавым. Ён адкрывае нам малавядомую драматургію, прымушае акцёраў раскрыць новыя прыёмы і фарбы, а ў выніку па-новаму раскрывае нас саміх.
Аляксей Стрэльнікаў