Новую стужку Андрэя Кудзіненкі чакалі доўга і насцярожана. Таму што рабіў яе нязручны творца. На дзяржаўнай студыі, ад якой цяжка чакаць цудаў. З бюджэтам, відавочна замалым для «нацыянальнага хіта». Ці здолее аўтар калісьці забароненай «Акупацыі. Містэрыі» падтрымаць адэкватны ўзровень якасці? Пасля працяглай працы рэжысёра за ўсходняй мяжой (у тым ліку над сумнеўным рымейкам старога «Розыгрышу») адказ падаваўся зусім не відавочным. Тое, што сцэнар пісаў аўтар «Акупацыі» Аляксандр Качан, толькі дадавала напругі.
На ўзроўні ідэі ўсё выглядала амаль бездакорна. Сярэдзіна пазамінулага стагоддзя. Знявечанае бясконцымі каланіяльнымі войнамі памежжа. Дэпрэсіўна-рэпрэсіўны краявід пасля правалу чарговага паўстання. Беларускасць як патаемная самаідэнтыфікацыя «тутэйшых» пад агрэсіўным адначасовым ціскам «польскасці» і «расійскасці»… Выдатная пляцоўка для экзістэнцыяльнай драмы. Альбо для гераічнага эпасу. З аналагічнага матэрыялу ў свой час Ежы Гофман вырабіў для палякаў рамантычны нацыянальны бэстсэлер «Ogniem i meczem». Андрэй Кудзіненка абраў іншы шлях: «бульба-хорар», жахалка з прэтэнзіяй. Гэта ягоны галоўны здабытак. І адначасова — галоўная недарэчнасць.
Рэжысёр Андрэй Кудзіненка
Фармат замінае аўтару. Аўтар падпраўляе фармат пад сябе. Канфлікт непазбежны. З аднаго боку, маем шыкоўную ідэю адраджэння беларускай гатычнай традыцыі наўздагон Баршчэўскаму ды Караткевічу. З іншага — Кудзіненку з калегамі значна цікавейшая гульня з жанравымі клішэ на полі ўмоўнай беларускасці. Таму аўтары далікатна адсоўваюцца ад канкрэтнага гістарычнага кантэксту. Таму фальклорны сюжэт пра графа-пярэваратня і ягонае трагічнае каханне атрымаў прэтэнцыёзную арт-апрацоўку з ланцужком цытатаў ды спасылак — ад класічных еўра-хорараў да сучасных анекдотаў пра расійскую нафту. Таму найлепшае, што ёсць ў стужцы, — яе мастацкае вырашэнне. Таму з актораў ніяк не складаецца адзіны ансамбль: частка грае побытавую драму, іншая — гратэскавае шоў, трэцяя — містычны трылер. Таму і тое, што мусіла трымаць сюжэт і спакушаць гледача, лірычны трохкутнік — граф (Дзмітры Мілер), піцерскі авантурыст (Андрэй Назімаў) ды мясцовая прыгажуня (Марыя Курдзяневіч), — не пераконвае. Агульны пазл не складаецца: у ім не бачна матывацыяў, няма логікі аповеду. А калі так — застаецца адсочваць аператарскія знаходкі ды «смешныя» рэплікі ўмоўных герояў ці то з Гогаля, ці то з Мэрымэ. Для канцэптуальнага выказвання зашмат масакры, для масакры — зашмат «капусніка». Лёс нацыі сыходзіць у маскі-шоў. А гэтага шчасця хапае і без «Масакры».
Мастак-пастаноўшчык Артур Клінаў
Актор Аляксандр Колбышаў
Вядоўца Андрэй Эзэрын
Рэклама не хлусіць: Андрэй Кудзіненка сапраўды пазначае тут магчымасць «нашага іншага кіно». Але яна пакуль застаецца не здабыткам, а хутчэй перспектывай. Для іншых фільмаў. І новых аўтараў.
на першым фота – Рэжысёр Андрэй Кудзіненка