Магія тэатральных падмосткаў сабрала аншлаг на прэзентацыі зборніка перакладаў п’ес Аляксандра Фрэдры «Помста» ў рэпетыцыйнай зале Купалаўскага тэатра. Творы камедыёграфа ХІХ стагоддзя, якога называюць польскім Мальерам, на радзіме вывучаюць у школе ды ўвасабляюць у самых нечаканых тэатральных пастаноўках. Беларусы ж чуюць іх упершыню.
“Мужчыны – гэта племя кракадзілаў”, – на экране перад пачаткам імпрэзы мільгаюць вострыя фразачкі-шпількі з п’ес графа Фрэдры. Ягоны гумар і праз стагоддзі зразумелы палякам, якія ставяць класічныя п’есы ў сённяшнім антуражы ды з сучаснымі касцюмамі. Ці ўсе жарты, данесеныя перакладчыкамі, будуць зразумелыя беларускай публіцы?
«Я быў здзіўлены, калі даведаўся, што ніхто з беларусаў не чуў пра Фрэдру. Мы суседнія народы, але так шмат адно пра аднаго яшчэ не ведаем. Узяцца за перастварэнне Фрэдры – гэта выклік для перакладчыка, бо вельмі цяжка перадаць усе тонкасці гумару ды атмасферу п’ес», – сказаў у пачатку вечара пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.
Сама асоба Аляксандра, графа Фрэдры досыць каларытная, таму кожнаму з выступоўцаў удавалася дадаваць усё новыя факты з ягонага доўгага і насычанага жыцця. Фрэдра быў адным з самых багатых людзей Галіцыі, спадчыннікам маёнтка Бянькова Вішня. З’яўляючыся дэпутатам, лабіяваў будаўніцтва першых галіцкіх чыгунак, што было на той момант абсалютна рэвалюцыйнай ідэяй, то бок апярэджваў час і ў грамадскай дзейнасці, і ў творчасці.
«Фрэдра – дзядуля такіх вядомых людзей, як браты Шаптыцкія – адзін з іх быў главой каталіцкай царквы ў Львове, а другі – польскім генералам, вось цікава было б паслухаць размову Фрэдры з ягонымі ўнукамі. Апроч таго, ён адзін з нешматлікіх пісьменнікаў, які з поспехам скараў Маскву – бо ўдзельнічаў у паходзе Напалеона», – прыўнёс свае веды ў агульны партрэт пасол Польшчы ў Беларусі.
Ну, і галоўнае: граф Аляксандр Фрэдра быў аўтарам некалькіх дзясяткаў п’ес, самыя вядомыя з якіх – “Дзявочыя зарокі, або Магнетызм сэрца” і “Помста” – увайшлі ў зборнік беларускіх перакладаў, які пабачыў свет у выдавецтве “Логвінаў” пры падтрымцы пасольства Польшчы да 220-годдзя пісьменніка.
Перакладаць першую, “дзявочую”, п’есу выпала Марыі Мартысевіч. Паглядзеўшы на ютубе запісы спектакляў, якія ставілі паводле Фрэдры польскія школьнікі, перакладчыца зразумела, што, каб беларуская аўдыторыя ўспрымала п’есу гэтак жа жыва, як і польская, неабходна, каб героі размаўлялі па-сучаснаму. Таму Марыі давялося адмовіцца ад прапанаванай Лявонам Баршчэўскім стратэгіі стылізацыі пад Дуніна-Марцінкевіча і ўкласці ў вусны персанажаў размоўныя канструкцыі, а зрэдчас нават слэнг.
Стварэнню п’есы папярэднічае асабістая гісторыя. “Дзявочыя зарокі, або Магнетызм сэрца” стваралася досыць доўга. Фрэдра 11 гадоў дамагаўся шлюбу са сваёй каханай Сафіяй Скарбэк, якая была замужам. Муж быў не супраць адпусціць жонку, але бацькі ніяк не давалі згоды. Урэшце Фрэдра дамогся свайго шчасця, і асабістае жыццё склалася бясхмарна. Адсюль і галоўная ідэя “Дзявочых зарокаў”: каханне не звальваецца з неба, трэба прайсці доўгую дарогу, каб стаць вартым яго.
Перад тым як на сцэне з’явіліся акторы-купалаўцы, перакладчыца расказала змест дзеі, што сапраўды гучала як сюжэт сучаснай галівудскай камедыі. Багаты памешчык сватае пляменніка Густава, гарадскога піжона, з дачкой сваёй сяброўкі Анэляй, якая жыве ў вёсцы. Яе кузіна Клара, якую даймае сваім каханнем істэрычны ўздыхальнік Альбін, – эмансіпэ, ці феміністка, як сказалі б цяпер. Перакладчыца, што праўда, настойвае, што яна проста мужаненавісніца. Клара вымагае ад Анэлі зарок – паклясціся, што яны застануцца вечна ў дзеўках. Але Густаў вырашае, што кахае Анэлю, пляце складаную інтрыгу ды ідзе на розныя псіхалагічныя хітрыкі, каб змусіць дзяўчат адмовіцца ад сваіх клятваў…
Дынамічную і сапраўды дасціпную сцэну зароку паказалі на сцэне акторкі Кацярына Алейнікава і Крысціна Казак. І хоць урывак рэпетавалі спецыяльна для імпрэзы, усё было па-сапраўднаму: акторы спявалі і ведалі тэкст на памяць, а рэжысёр Ігар Пятроў стварыў адчуванне цэльнага спектакля.
Дарэчы, галоўны персанаж “Зарокаў” Густаў — адсылка да Густава з “Дзядоў” Міцкевіча. Фрэдру адносілі да рамантычнай плыні, але насамрэч ён даволі кпліва іранізаваў з рамантыкаў. У камедыі, напрыклад, парадыююцца магнетычныя практыкі рамантыкаў, якія былі модныя ў асяроддзі Фрэдры. Гэтага яму не даравалі. Крытыка і цкаванне рамантыкаў змусілі Фрэдру перастаць пісаць, многія ягоныя п’есы былі выдадзеныя пасмяротна. “На польскіх школьных форумах дзеці абмяркоўваюць, што Міцкевіч ненавідзеў Фрэдру, хоць ніякіх фактычных пацверджанняў гэтаму няма, – кажа Марыя Мартысевіч. – Іранічны Фрэдра і пафасны Міцкевіч у масавай свядомасці ёсць бінарнай апазіцыяй, як сказалі б на філфаку”.
П’еса “Помста”, якую пераклаў Андрэй Хадановіч, напісаная на аснове гісторыі зацяжнога варагавання суседзяў Маўчука і Грамыхайлы, паміж маёнткамі якіх ляжыць недабудаваны мур, што, між тым, не замінае ўзнікненню кахання паміж іх дзецьмі. “Я з першага разу не ўспрыняў п’есу “Помста”, – дзеліцца мадэратар вечара Лявон Баршчэўскі, – пакуль не паглядзеў бліскучую экранізацыю Анджэя Вайды і не пабачыў Рамана Паланскі ў ролі Папкіна, які ў беларускім перакладзе дасціпна ператвораны ў Пупкіна”.
Перакладчык Андрэй Хадановіч патлумачыў, нашто замяніў гэтую літару ў імені персанажа: “Папкін на польскае вуха адгукаецца пакляй, балбатуном, хвальком і г.д, а з іншага боку – жыдзенькай кашкай. У ягоным вобразе ёсць кантраст – ён цудоўна абыходзіцца з дамамі і прыпісвае сабе кучу няздзейсненых подзвігаў, але калі даходзіць да справы – яго не чуваць. Расійскі мем Пупкін прыдаўся тым, што ён кожны і на кожным кроку і адначасова – ніхто і нідзе”.
Перапоўненая зала на своеасаблівай адкрытай рэпетыцыі п’ес невядомага нам польскага класіка гаворыць, што “зарок” з Фрэдры для беларусаў зняты і, магчыма, спектакль калі-небудзь выйдзе з рэпетыцыйнай на вялікую сцэну.
Аляксандра Дорская
Фота: Зарына Кандрацьева