Цэнтр этнакасмалогіі “Крыўя” выдаў другі нумар альманаху “DRUVIS”, які прысвечаны тысячагоддзю першай пісьмовай згадкі Літвы (1009 г.), а таксама дваццацігоддзю дзейнасці Цэнтру.
У гэтым нумары альманаху чытачы знойдуць грунтоўныя артыкулы пра паходжанне назвы Літва, беларуска-літоўскія паралелі ў абсягу міфалогіі і традыцыйнай культуры, тутэйшую дударскую традыцыю, міфалагічную семантыку гербу “Пагоня”, узроўні ідэнтычнасці шляхты ВКЛ, гісторыю літоўскай манархіі ды шмат іншага. Бадай усе матэрыялы – унікальныя, адкрыўчыя, напісаныя адмыслоўцамі ў сваіх галінах веды. Яшчэ адна адметнасць гэтага нумара – досыць вялікая прысутнасць літоўскіх аўтараў, якія напісалі свае тэксты спецыяльна для беларускай аўдыторыі дзеля пачатаку прыязнага, узаемакарыснага дыялогу прадстаўнікоў нацыянальных гістрыяграфій і усіх тых, хто цікавіцца міфалогіяй ды мінуўшчынай нашага Краю.
Падрабязна пазнаёміцца са зместам і пагартаць альманах можна на сайце Цэнтра
kryuja.org
Прэзентацыя альманаху пройдзе ў суботу, 24 студзеня ў менскім Палацы мастацтваў (вул. Казлова, 3). Пачатак у 18.00.
У часе прэзентацыі адбудуцца размовы з рэдакцыяй і аўтарамі альманаху, а таксама выступ гурту рытуальнага фальклору ESSA.