Новая праца праекту Ганны Хітрык не расчаруе і ня зьдзівіць яе прыхільнікаў. Фактычна гэта тое ж, што і “Дзецідзяцей”, нават на староньні погляд.
Калі другая частка “дзяцей” у асобах Міхася Зуя і Зьмітра Ясеневіча грае істотна іншую музыку ў межах праекту ili-ili, то Хітрык з кампаніяй прадказальна трымаецца ў межах абранага калісьці стылю. У альбоме пераважаюць лірычныя кампазыцыі, перапоўненыя сьветлым сумам (нават калі яны з жыцьцярадаснай назвай “Рыжий”). Нават дзіва бярэ, як такія скрушныя песенькі атрымліваюцца ў вонкава жыцьцярадаснага чалавека. Інструменты тут мусяць суправаджаць паэзію і вакал Ганны, тужлівая віялянчэль падкрэсьлівае настрой кампазыцый, гітары ж асабліва разгарнуцца няма дзе. Усе нумары выпеставаныя як сьлед: анічога не вытыркаецца, альбом надзвычай роўны. На канцэртах гурта сытуацыя выглядае інакш, а таму немагчыма атрымаць поўнае ўяўленьне, чым ёсьць S°unduk, толькі праслухаўшы іх альбом.
S°unduk — гэта практычна эталён жаночай музыкі. Ганна мае неверагодную харызму, пазнавальны голас, яе сьпевы надзвычай мэлядычныя. Пад роўнасьцю песень тут маецца на ўвазе тое, што практычна кожны з апублікаваных 13 трэкаў можа зрабіцца вашым улюбёным, натуральна, калі вы здольныя суперажываць. А вылучыць можна найперш нумар “Мир” — магутную да глябальнасьці песьню, вартую харавога выкананьня на якім грандыёзным дабрачынным канцэрце. Ганна тонка адчувае сьвет, таму і выкладае свае думкі так проста, даступна і шчыра. Чакаем абяцанага беларускамоўнага альбому!
Дыск “Том ІІ” можна набыць на канцэртах гурта, а таксама замовіць праз сайт
Паслухаць “Том ІІ” можна на старонцы гурта УКантакце
Ідэя: 9
Выкананьне: 10
Тэксты: 9
Запіс: 9
Аздабленьне: 9
Сяргей Будкін