Русальны, або Граны тыдзень — восьмы пасля Вялікадня, калі, згодна з народнымі павер’ямі, русалкі выходзяць з вады і гуляюць у лясах, палях, лугах, водзяць карагоды і гушкаюцца на галінах бяроз, нават часам заходзяць у вёскі. Гульні русалак, якія на тыдзень атрымліваюць пасля Сёмухі свабоду ад Вадзяніка і могуць вярнуцца на зямлю, далі назву Граному тыдню. Гэты час лічыцца небяспечным для чалавека, таму што душы тапельцаў, памерлых немаўлят і мёртванароджаных дзяцей увасобленыя ў вобразе Русалкі — прывабнай дзяўчыны, чыё празрыстае голае цела пакрываюць доўгія русыя або зялёныя валасы і якая не зазнала кахання і мацярынства. Русалкі зайздросцяць закаханым парам і маці з дзецьмі, стараюцца ім нашкодзіць і нават забіць, задушыць або заказытаць да смерці. Асабліва яны стараюцца прывабіць маладых мужчын, але для апошніх гэта можа скончыцца трагічна. Таму на Граным тыдні забараняецца купацца, лавіць рыбу, мыць бялізну ў рацэ або возеры, увогуле хадзіць туды, дзе можна натрапіць на русалак. Але Русалка — не толькі дэманічная істота: яна магла паслужыць і на карысць чалавеку. Як адна з распарадчыц вады яна спрыяла ўраджаю.
Цікавы архаічны абрад захаваўся ў вёсцы Усохская Буда Добрушскага раёна Гомельскай вобласці, які праводзіцца ў апошні дзень Гранога або Русальнага тыдня. На ролю Русалкі тут выбіраюць пару маладых людзей — хлопца і дзеўку. Іх моцна звязваюць разам вяроўкай і прыкрываюць галінкамі бярозы і кветкамі з галавы да пят. Лічыцца, што такая пара возьме шлюб у хуткім часе, таму ім нагадвалі, што муж і жонка — адно цэлае, звязаныя моцна на ўсё жыццё. І яны — частка сельскай абшчыны, павінныя паважаць старэйшых і захоўваць мясцовыя звычаі. Пад спеў абрадавай граной песні іх вядуць па сяле: “На Граной нядзелі русалкі сядзелі. Ой, рана-рана русалкі сядзелі. Русалкі сядзелі, на дзевак глядзелі…” Далей русалкі звяртаюцца да дзяўчат з просьбай даць ім андаракі, а ў хлопцаў просяць сарочкі, каб прыкрыць голае цела. У хуткім часе пачнецца жніво, і калоссі на полі просяць, каб дзяўчаты іх зжалі. Песня далёка чуваць, і вяскоўцы выходзяць сустрэць Русалку. Яна кланяецца кожнаму сустрэчнаму, а той — ёй у адказ. Так гурт праходзіць праз усю вёску і выводзіць Русалку за ахоўны крыж. З суседняй вёскі Андрэеўка таксама ідзе на скрыжаванне дарог гурт са сваёй Русалкай. Сустрэўшыся, яны разрываюць адзенне на Русалках, стараючыся ўхапіць галінкі бярозы. Кажуць, што яны спрыяюць ураджаю і абараняюць агарод ад мядзведкі. Галінкі ўторкваюць у грады. А двухполая Русалка бяжыць хавацца ў жыта. Каб таксама расло высокае і каласістае.
У вёсцы Усохская Буда два пакаленні спявачак пад кіраўніцтвам Валянціны Аверчанка захоўваюць абрад “Праводзіны Русалкі” і песні да яго. Ужо і ў малодшага пакалення праяўляюцца спеўныя таленты. Напрыклад, 7-гадовая Паліна Пархоменка спявае пад акампанемент сваёй мамы Ганны. А Ганна і Валянціна — абедзве гарманісткі, навучыліся граць ад бацькі. Алу Хузееву гадавала бабуля, ад яе і песні пераняла, мае моцны прыгожы голас. У Святланы Гоганавай уся сям’я пявучая. Любоў Барсукова — таленавітая вышывальшчыца, касцюмы сярэдняму пакаленню “Суседачак” вышыла менавіта яна. Карункавыя вырабы Тамары Гоганавай — сапраўдныя творы мастацтва. Яна захоўвае мамін партрэт і сарочку бабулі Феадосіі Гарэлікавай, памяць пра залатыя рукі сваёй свекрыві. Пра майстэрства мужчын — рэзчыкаў па дрэве сведчыць дамавая разьба на драўляных і цагельных хатах у вёсцы. Ці зможа маладое пакаленне пераняць і захаваць спадчыну продкаў пры тым становішчы, калі вёска ўсё больш абязлюджваецца? Для маладых няма працы, і яны паехалі ў горад. Прыязджаюць у выхадныя і святочныя дні. Застаецца спадзявацца на тых, хто застаўся. Старэйшае пакаленне просіць дапамогі ў ахоўніцы сям’і, здароўя і дабрабыту — Мікольскай іконы-свячы.
Рэгіна Гамзовіч
Фота Аляксея Сталярова