Спектакль паводле класічнай п’есы Генрыка Ібсэна паставіла маладая рэжысёрка Наталля Слашчова. Гэты праект быў прапанаваны тэатру ўжо даўно, але рэалізаваны толькі цяпер, калі тэатр знайшоў фінансаванне.
Генрык Ібсэн лічыцца аднім з пачынальнікаў рэалістычнай псіхалагічнай драматургіі, такім заходнім адпаведнікам Антона Чэхава. У Беларусі яго п’есы ставяцца вельмі рэдка. Адсутнасць пэўнай традыцыі ўспрыняцця развязвае рукі рэжысёру і артыстам, якія стварылі яскравае, нават феерычнае відовішча, вельмі далёкае ад канонаў псіхалагічнага тэатра.
Слашчова прапануе артыстам існаванне у шаржаванай, коміксавай форме. Маладая мастачка Вольга Шчарбінская пакідае сцэну пустой і запаўняе яе прастору з дапамогай кубоў, якія лёгка мантуюцца паміж сабой у незлічонай колькасці варыянтаў (на сцэне лёгка зʼяўляюцца самыя розныя варыянты мэблі, у нейкі момант гераіня быццам рые сабе нару, а адна з самых прыгожых сцэн адбываецца нібыта на караблі). Артысты танчаць, гуляюцца з вялікімі прадметамі, абыгрываюць рэплікі і рэмаркі. Дзею суправаджае музыка, якая задае жвавы, танцавальны настрой.
Склад выканаўцаў вызначаецца зладжанай ансамблевасцю, і кожнынадзіватрапляе ў персанажа, нейкім цікавым чынам раскрывае яго. Пачынаецца спектакль з гэга, калі асэсар Брак (Яўген Хромаў), інтрыган і злы геній галоўных герояў, кліча служанку Берту, і выяўляецца, што яе грае няголены хлопец (Руслан Іваноў). Палова залі пырскае смехам, а палова сціскае зубы. Так і праходзіць увесь спектакль.
Зрэшты гэты прыём, які лёгка прыняць за эпатаж, мае пад сабой рэальную мэту аддаліць дзею п’есы ад гледача. Гісторыя нібыта адбываецца ў далёкай Еўропе, там, дзе іншыя маральныя каштоўнасці, іншы лад жыцця.
Шматлікія гэгі (найбольш яскравы, які спадабаўся мне, гэта танец Ёргена (Алег Савянок), які марыць найхутчэй заняць прафесарскую пасаду) рыхтуюць нас да з’яўлення галоўнай гераіні, Геды Габлер.
Цудоўная роля атрымалася ў Кацярыны Карчэўскай. Высокая, статная, яна нібыта ўвасабляе сабой высакародства. Ібсэн у чымсьці пісаў п’есу пра памкненне да свабоды, яго гераіню называлі жаночай версіяй Гамлета. Свабода і высакародства ідуць рука аб руку. Але рэжысёр ставіць пытанне аб прыродзе гэтай свабоды і, на маю думку, паказвае гераіню ў спектаклі вельмі крытычна.
Па п’есе яе правільна завуць Геда Тэсман, па мужу, але драматург адмыслова называе яе дзявочым імем, падкрэсліваючы больш роднасныя сувязі з бацькам, генералам Габлерам. У спектаклі гэта падкрэсліваецца ўжо ў пачатку. Рэжысёр пускае тытры, дзе іранічна пазначае Геду Габлер як выканаўцу, рэжысёра, сцэнарыста, аўтара музыкі і касцюмаў. А ўсіх іншых персанажаў пазначае як “дапаможныя ролі”. Прозвішча генерала Габлера ўзнікае і па ходзе дзеі, калі Геда заяўляе, што адзіная забава, якая ў яе засталася, – гэта рэвальверы генерала Габлера.
Пісталеты на сцэне не з’яўляюцца, як, дарэчы, і ў “Чайцы” Мікалая Пінігіна. Відаць, сёння ў жыцці ў нас так шмат гвалту, што рэжысёры вырашаюць не паказваць яго на сцэне наўпрост, а карыстаюцца алегорыямі. Алегорыяй гвалту ў гэтым спектаклі становіцца кегельбан. Мірныя родныя і блізкія Геды Габлер выяўляюцца кеглямі, у якіх яна ўвесь час цэліць важкім шаром.
Геда лічыць сябе уберменшам. Іншыя людзі для яе занадта дробныя і са сваёй мараллю, і са сваімі ідэаламі. Яна не знаходзіць сімпатыі ў публікі, калі яна зайграе з асэсарам Бракам, я чую каментар сваёй суседкі: “Вось сучка!” Я б залічыў гэта за камплімент актрысе. Кацярыне Карчэўскай атрымалася стварыць арганічны характар femmefatale, недасягальна прыгожайі разам з тым жорсткай.
Адзіны, хто паводле п’есы і спектакля адпавядае гэтай халоднай велічы, – Эйлерт Эўбарг. На сцэне ён так і не з’яўляецца. Геній, які не можа стрымаць сваіх жарсцяў, паказваецца вялізнай праекцыяй. Ён нібыта частка іншага свету, дзе няма месца для простых людзей. Абое яны губяць людзей навокал і нарэшце саміх сябе.
Але бачна вельмі добра, што сімпатыі рэжысёркі на баку іншых герояў. Спектакль сканчваецца тым, што Ёрген Тэсман з суперніцай Геды Тэа Эльвстэд (Вольга Янчык) апынаюцца разам у “доміку”, яны разам будуць працаваць на карысць іншых людзей. Наіўная мараль спектакля выглядае настолькі кранальна безабароннай перад пераможным эгаізмам галоўнай гераіні, што выклікае спачуванне і падтрымку. У рэжысёра атрымалася стварыць спектакль пра сямейныя каштоўнасці, даказаўшы іх неабходнасць ад супрацьлеглага.
Прыемна, што ў артыстаў адчуваецца азарт і жаданне працаваць у такой цікавай форме. І гэта надае спектаклю сапраўдную эмацыйную вартасць.
Аляксей Стрэльнікаў, фота В. Ступінскі, moyareklama.by