Пакуль нашы суайчыннікі чакалі ад шведскай Акадэміі прызнання Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна або Святланы Алексіевіч, “знайшоўся” ўганараваны пісьменнік, дзеянне твораў якога адбываецца ў Беларусі.
Трылогія пра паўстанне Касцюшкі
Творчасць польскага пісьменніка Уладзіслава Рэйманта (на жаль, амаль забытага большасцю чытачоў) выклікае ў найлепшым выпадку дзве асацыяцыі. Першая – Нобелеўская прэмія па літаратуры за 1924 год, якую ён атрымаў за эпічны раман “Мужыкі”. Другая асацыяцыя – фільм Анджэя Вайды “Зямля запаветная”, зняты паводле аднайменнага рамана пісьменніка.
Існуе яшчэ адна мажлівасць для “прасоўвання” Рэйманта, пакуль не выкарыстаная як след. Гаворка пра гістарычную трылогію “1794 год”, прысвечаную паўстанню Тадэвуша Касцюшкі. Дакладна ведаю, што існуе пераклад на рускую мову толькі першай кнігі – “Апошні сейм Рэчы Паспалітай” (1913). Ён выйшаў дваццаць гадоў таму ў выдавецтве “Беларусь” (публікацыю ажыццявілі па выданні 1929 года). Пра пераклад другой і трэцяй частак – “Ніколі не адчайвацца” (1916) і “Паўстанне” (1918) – няма згадак ні ў бібліятэках, ні ў інтэрнэце.
Чаму беларускім чытачам можа быць цікавай трылогія Рэйманта? Першая прычына – амаль поўная адсутнасць мастацкіх твораў пра гэты час і яго герояў. Калі Кастусь Каліноўскі з’яўляецца дзейнай асобай аповесцяў, раманаў, п’ес, вершаў і нават оперы, дык Касцюшку прысвечаны, здаецца, толькі дзве аповесці Ягора Конева. Другая прычына нашай цікавасці хаваецца ў геаграфіі. Апошні сейм Рэчы Паспалітай, які замацаваў другі падзел гэтай дзяржавы, адбываўся ў 1793 годзе ў Гародні. Таму дзеянне першага рамана цалкам звязана з Беларуссю. А вось трэцяя прычына для знаёмства з гістарычнымі раманамі Рэйманта – у іх несумненнай актуальнасці.
Рэймант і Сянкевіч
Гэтую актуальнасць можна зразумець праз параўнанне творчых падыходаў, уласцівых двум пісьменнікам – нобелеўскім лаўрэатам: Уладзіславу Рэйманту і Генрыху Сянкевічу. Апошні звярнуўся да тых часоў, калі яго краіна (Польшча – у “Крыжаках”, Рэч Паспалітая – у “Трылогіі”) была моцнай дзяржавай. Рэймант, які пісаў пра час анархіі, а потым і падзел краіны, адразу апынуўся ў крыху пройгрышным становішчы – ніякая нацыя не любіць, калі ўголас кажуць пра яе слабасці і перыяды заняпаду.
У творах Сянкевіча (“Агнём і мячом”, “Патоп”, “Пан Валадыеўскі”) не толькі героі, але і ўвесь народ аб’яднаны агульнай ідэяй – неабходнасцю перамогі Польшчы над знешнім ворагам. Нацыя падаецца маналітам, таму асабістыя мэты герояў (найлепшых прадстаўнікоў гэтай нацыі, якія акрамя Айчыны служаць Царкве, Каралю і Прыўкраснай Пані) толькі спрыяюць яе трываласці. У Рэйманта ўсё іначай. Праблемы дзяржавы непазбежна становяцца праблемамі грамадства, якое перастае быць аднародным. Акрамя сумленных палякаў і літвінаў, якія рыхтуюць паўстанне дзеля адраджэння Айчыны, існуюць і шматлікія прыстасаванцы. Яны знаходзяць уласную карысць у тым, каб слабая Рэч Паспалітая існавала ў атачэнні моцных суседніх дзяржаў – Прусіі і Расійскай імперыі. З’яўляецца і праблема ў стасунках паміж класамі, чаго ў Сянкевіча не існавала. Нездарма Фурдзік, адзін з герояў “Апошняга сейму”, са слязамі на вачах кажа, што крэпасць Камянец “здалі афіцэры і паны”. Казак, іншы герой рэймантаўскай трылогіі, сцвярджае: “Аддалі б нам паны свабоду, і ўсе казакі стаялі бы за Польшчу”. Пісьменнік робіць акцэнт на ўнутраных праблемах дзяржавы, якія прывялі да катастрофы.
Шчасце асабістае і грамадскае
Раз’яднанасць грамадства ўплывае на змену тыповага героя. У “Трылогіі” Сянкевіча ў іх ролі выступаюць вельмі гарманічныя асобы. Скшэтускі, Кміціц і Валадыеўскі, магчыма, не вельмі адукаваныя, не маюць асаблівай душэўнай тонкасці і не шкадуюць ні сваёй, ні чужой крыві. Север Зарэмба, адзін з галоўных герояў трылогіі Рэйманта, асоба надзіва дысгарманічная, заглыбленая ў сабе, бо ён ніколі не ведае, хто побач: сябра або вораг.
У абедзвюх трылогіях адчуваецца кантраст у трактоўцы жаночых вобразаў. У Сянкевіча яны не адыгрываюць значнай ролі. Маладыя, прыгожыя, сапраўдныя каталічкі, яны ідэальна падыходзяць пад кінематаграфічнае азначэнне “любімая жанчына галоўнага героя”. Каханне паміж галоўнымі героямі ўзнікае з першага погляду на пачатку першага раздзела, у другім раздзеле галоўны герой прызнаецца ў каханні і яму адказваюць узаемнасцю. Да апошніх старонак галоўная гераіня будзе захоўваць вернасць свайму абранніку, нягледзячы на спакусы і прапановы злодзея-іншаверца.
У Рэйманта ўсё іначай. Агульная разбэшчанасць грамадства непазбежна адбіваецца і на галоўнай гераіні. Жанчыны ў рамане Рэйманта могуць выбіраць. І гэты выбар часта робіцца не на карысць патрыётаў. Напрыклад, прыгажуня Іза, якую калісьці кахаў Зарэмба, здраджвае яму і выходзіць за іншага. Нават потым яна клянецца Северу ў каханні, але бавіць час з іншымі. Важны штрых – поўная адсутнасць цікавасці ў жанчын да палітыкі. “Божа, як мне надакучылі ўсе гэтыя сеймы, палітыка, трактаты і ўсе гэтыя інтрыгі! – прастагнала са шчырай агідай Іза. – Сум проста смяротны”. Нават калі героі засталіся разам, яны ніколі не сталі б аднадумцамі.
У Сянкевіча асабістае шчасце ніколі не супярэчыць грамадскаму. Паміж паняццямі “Айчына” і “любімая жанчына” можна паставіць знак роўнасці. А вось героі Рэйманта паўстаюць перад выбарам: шчасце асабістае або грамадскае. Таму паміж паняццямі “Айчына” і “любімая жанчына” няма тоеснасці.
Згадаем Караткевіча і Тарасава?
Цікава, што ў беларускай гістарычнай прозе можна правесці тую ж паралель паміж творчымі падыходамі розных пісьменнікаў. Бо дуэт Сянкевіча і Рэйманта ў нечым нагадвае творчасць Уладзіміра Караткевіча і Кастуся Тарасава. Першы сімвалізаваў рамантызм, другі – рэалізм. Проза Караткевіча абуджала нацыянальную свядомасць, давала веру, што ў беларусаў няма іншага выйсця, як перамагчы. Таму героямі яго твораў станавіліся асобы, якія прыводзілі аднадумцаў да перамогі. А Тарасаў рабіў акцэнт на рэальнай гісторыі і яе трагізме. Бо ў сапраўднасці змаганне вельмі часта заканчвалася паражэннем.
У рэальнасці два падыходы ідэальна дапаўняюць адзін аднаго. Натхніўшыся рамантызмам Караткевіча, вельмі карысна атрымаць “прышчэпку” тарасаўскім рэалізмам. Калі беларусы надзвычай ахвотна чытаюць Сянкевіча, чаму не ўвесці ў айчынны літаратурны кантэкст Рэйманта? Атрымаў жа беларускую прапіску Сяргей Пясецкі, які пісаў па-польску. Дык можа перакладчыкі зацікавяцца і аўтарам “Апошняга сейму”? Беларусы столькі часу мараць пра Нобелеўскага лаўрэата. А тут ёсць унікальная магчымасць перакласці яго творы, знайсці ў яго радаводзе стрыечнага беларускага дзядулю… І абвесціць сваім!
Дзяніс Марціновіч