Распачаўся прыём заявак на ўдзел у конкурснай праграме фестываля «Бардаўская восень 2011».
Паўдзельнічаць у фэсце з шматгадовай гісторыяй маюць магчымасць як сольныя аўтары-выканаўцы, так і акустычныя гурты, песні якіх маюць беларускамоўныя тэксты. Традыцыйна напярэдадні фестываля, што напрыканцы кастрычніка адбудзецца на Беласточчыне, у Менску пройдзе адборачны канцэрт на конкурсную праграму «Бардаўскай восені». Каб паўдзельнічаць у ім варта ўсяго толькі даслаць запоўненую анкету ўдзельніка і свае дэма-запісы на паштовую скрыню арганізатараў [email protected]. Падчас менскага адборачнага канцэрту кваліфікаваным журы будуць абраныя лепшыя выканаўцы, якія і прадставяць свае творы з фестывальнай сцэны ў Польшчы. Аднаго ж з удзельнікаў фэста абяруць наведвальнікі сайта «Тузін гітоў», які ўжо другі год запар з’яўляецца інфармацыйным партнерам фестываля. На «Тузіне» з 12-га верасня пройдзе адмысловы гіт-парад фестываля.
Заявы на ўдзел у конкурснай праграме прымаюцца да 10 верасня!
Даведка пра фестываль:
На сённяшні дзень «Бардаўская восень» з’яўляецца адзіным фестывалем беларускамоўнай аўтарскай песні і сёлета будзе праводзіцца ў 18-ты раз. Арганізатарамі фестываля з’яўляецца Звяз Беларускай Моладзі (www.slonko.com.pl). Фестываль «Бардаўская восень» адметны тым, што трымаючыся традыцыі, адначасова не адмаўляецца ад новаўвядзенняў і эксперыментаў, штогод даючы сцэну новым і новым беларускім выканаўцам. Між гучных імёнаў фестываля яго пачынальнікі – Алесь Камоцкі, Віктар Шалкевіч, Сяржук Сокалаў-Воюш, Кася Камоцкая, а таксама ўдзельнікі мінулагодніх фэстаў – Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, Аляксандр Памідораў, праект «Народны альбом» і іншыя. Фестывальныя канцэрты «Бардаўскай восені 2011» адбудуцца 21-23 кастрычніка ў Бельску Падляшкім ды іншых гарадах і мястэчках Беласточчыны. Больш інфармацыі пра фестываль на афіцыйнай старонцы www.vosien.org