Юрыя Тарыча запрасілі ў беларускае кіно на хвалі поспеху. Яго гістарычная драма “Крылы халопа” дэманстравалася на чатырох кантынентах, больш за месяц скарала аншлагамі Нью-Ёрк і стала першай савецкай кінастужкай, паказанай у Галівудзе. Сёння з пэўнасцю можна сказаць, што “Крылы халопа” так і засталіся творчай вяршыняй Юрыя Тарыча. У 1925 г. ён даў згоду на экранізацыю неверагодных прыгодаў вясковага свінапаса Грышкі і звязаў сваё жыццё з Беларуссю ў значна большай ступені, чым мог у той час меркаваць.
Полацк замест Плоцка
Да апошняга часу факт нараджэння Тарыча ў Полацку не выклікаў сумневаў: звесткі з кінадаведнікаў былі замацаваныя з’яўленнем бюста рэжысёра ў цэнтры горада. Аднак праўда аказалася схаванай ў далёкіх 1930-х і антыпольскай кампаніі, якая каштавала жыцця тысячам савецкіх грамадзян. Пад падазрэнне трапіў і Тарыч: ён не аднойчы ўздымаў польскую тэму ў творчасці, добра ведаў мову і меў знаёмых у Польшчы. Каб уратаваць жыццё, Юрый Тарыч вырашыў перапісаць уласную біяграфію…
Так месца польскага Плоцка ў гісторыі жыцця Тарыча заняў сугучны яму беларускі Полацк. Сапраўднае ж месца нараджэння, польскі Плоцк, у канцы ХІХ ст. быў невялікім (насельніцтвам у 20 тыс. чалавек), як для губернскага цэнтра Расійскай імперыі, горадам. Адчувальную частку яго жыхароў, асабліва сярод чынавенства і вайскоўцаў, складалі выхадцы з этнічнай Расіі. Сярод апошніх была і сям’я спадчынных афіцэраў Аляксеевых (Тарыч – гэта пазнейшы псеўданім рэжысёра).
Пасля вайны, калі смяротная небяспека мінула, Юрый Тарыч не адмовіўся і ўсяляк падтрымліваў легенду пра полацкае паходжанне.
Зрэшты, факт нараджэння ў Польшчы не змяншае ўплыву Тарыча на развіццё беларускага кіно. Рэжысёр сваімі фільмамі “Лясная быль” і “Да заўтра” зрабіў спробу задаць нацыянальны кірунак беларускаму кіно. Аднак добрая тэндэнцыя была жорстка перарваная ў 1930-я гг.
Чым цікавае беларускае кіно?
25 снежня 1926 г. у толькі адчыненым велізарным кінатэатры “Культура” адбылася прэм’ера першага беларускага ігравога фільма – “Лясной былі”. Перад аўдыторыяй з прамовай выступіў Юрый Тарыч: “Свінапас” (так называецца аповесць Міхася Чарота, пакладзеная ў аснову фільма – А.Л.) – асаблівая хроніка, і глядач упершыню ўбачыць на экране беларускі фальклор, беларускага селяніна, яго побыт… Гэтая фільма не будзе падобная ні на якую іншую: яна цалкам насычана беларускім жыццём. Да гэтай мэты я імкнуўся. Гэтым жа “Свінапас” будзе каштоўны і для небеларускага гледача”. У адрозненне ад большасці іншых рэжысёраў, якія працавалі ў беларускім кіно ў першае дзесяцігоддзе яго існавання і пазбягалі нацыянальнага кантэксту ў сваіх фільмах, Юрый Тарыч прызнаваў, што толькі кіно, прасякнутае мясцовым каларытам, будзе шанавацца і беларусамі, і за межамі БССР.
З-пад расійскага ярма
Другім беларускім фільмам Юрыя Тарыча мусіла стаць нацыянальная драма “З-пад ярма”. Сумесна з намеснікам загадчыка дырэктара “Белдзяржкіно” Язэпам Дылам Юрый Тарыч падрыхтаваў сцэнар, які трапіў у тэматычны план “Белдзяржкіно” на 1928-1929 гг. Фільм абяцаў стаць захапляльным: у сярэдзіне XVII ст. у выніку захопу расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам Усходняй Беларусі вялікая частка зняволеных беларусаў была высланая ў Сібір, праз колькі гадоў ссыльныя пад кіраўніцтвам мсціслаўскага падмайстра Пярвушы Шэршня насмеліліся прабівацца на Радзіму…
Аднак справа да рэалізацыі праекта не дайшла, і на тое былі важкія прычыны: па-першае, сюжэт фільма супярэчыць гістарычнай канцэпцыі вызвалення беларускага народа з-пад польска-літоўскага прыгнёту ў другой траціне XVIII ст.; па-другое, праекту папярэднічала крыўдная творчая параза Юрыя Тарыча з экранізацыяй “Капітанскай дачкі”; па-трэцяе, адбываецца імклівае згортванне нэпу і палітыкі беларусізацыі; па-чацвёртае, сцэнарыст Язэп Дыла падпадае пад палітычнае падазрэнне і ў 1930 г. праходзіць па справе “Саюза вызвалення Беларусі”.
Развітанне з “Пагоняй”
Змена ідэалагічных прыярытэтаў адчувалася і на старонках прэсы. Газета “Зьвязда” адзначыла, што “…палітычна карціна… з’яўляецца шкоднай… Амаль асноўным стрыжнем усёй барацьбы… становіцца барацьба за нацыянал-дэмакратычны герб “Пагоню”. “Мастакі” з Белдзяржкіно штучна, наперакор сапраўднасці, прышылі да шапак усіх вучняў гімназіі (нават камсамольцаў), намалявалі гэты герб нават на шыльдзе гімназіі… Час бы ведаць, што… рэвалюцыйная частка – змагаецца ня толькі супроць белага арла, але і супроць буржуазнай нацыянал-дэмакратычнай беларускай “Пагоні”, якая стала сымбалем луцкевіцкага нацыянал-фашызму, гэтага вернага саюзніка польскіх акупантаў… Час ужо больш рашуча паставіць… пытанні аб… узмацненні ідэалёгічнага кіраўніцтва дзейнасцю Белдзяржкіно”.
Жорсткая крытыка змусіла Тарыча перайсці на выраб адкрытых агітацыйна-прапагандысцкіх карцін, але лёс фільма яна закранула неістотна. Сярод гледачоў фільм “Да заўтра” быў вельмі папулярным і ўсе 1930-я гг. называўся ў ліку найбольш удалых беларускіх карцін і выходзіў на экраны.
Якуб Колас на экране
Пасля Другой сусветнай вайны Юрый Тарыч жыў ў Маскве, аднак нідзе не здолеў надоўга асталявацца. Некалькі разоў ён вяртаўся на Беларусь, на кінастудыю, якая стала для яго роднай. Аднак месца ветэрану кіно не знаходзілася і ў ёй. Рабіў кіначасопісы, навукова-папулярныя і дакументальныя фільмы, кінанарысы – шлях у ігравое кіно для Юрыя Тарыча быў закрыты.
У 1952 г. Юрый Тарыч зняў адзіны прыжыццёвы дакументальны фільм пра Якуба Коласа. Стужка атрымала назву “Народны паэт” і была прымеркаваная да 70-годдзя беларускага песняра. У фільме паэт палівае градкі, разбірае пошту, сустракаецца з пісьменнікамі і рабочымі трэста “Аўтапрамбуд”, расказвае пра творчыя планы маладым аўтарам. А паралельна з гэтым ідзе ўрок у школе, прысвечаны коласаўскай “Новай зямлі”, спектакль па аповесці “Дрыгва”, друкуецца кніга песняра, адбываецца выстава яго твораў. Закадравы голас на рускай мове паведамляе агульнавядомыя звесткі паэтавай біяграфіі. Зрэшты, нават радкі з паэмы “Новая зямля” ў фільме падаюцца ў перакладзе на рускую…
Алесь Лапо