…І разам з тым адзначыў свой дзень нараджэння на сцэне КЗ “Мінск”. Разам з паплечнікамі з гурта J:Морс ён адыграў праграму “Вясна-красна”, у якой зусім новыя і вядомыя песні былі выкананыя ў нечаканых аранжыроўках.
Лідар J:Морс паўстаў перад публікай у святле пражэктара зусім адзін ды выканаў сольны нумар, што завецца “№1”. Пасля ўжо далучыліся астатнія музыкі, імяніннік павітаўся і пацікавіўся, ці ўсім зручна. Прыхільнікі адразу панеслі яму падарункі на знак віншавання, так што музыка трохі збянтэжыўся: “Вы пачакайце, давайце мы заслужым падарункі”, — заявіў ён і патлумачыў усім, хто няўважліва прачытаў афішу, спецыфіку вечарыны. Рэч у тым, што J:Морс раз-пораз збіраецца ў пашыраным складзе разам з запрошанымі музыкамі, каб трохі паэксперыментаваць на падставе ўжо вядомага матэрыялу з ухілам на акустычнае гучанне. Таму на сцэне было так шмат крэслаў — у некаторыя моманты склад каманды дасягаў 12 чалавек. Некаторыя песні слухачы не адразу пазнавалі, настолькі яны былі змененыя, як, напрыклад, разгуляй-версія песні “Апрель”, якая загучала зусім па-новаму з гуллівым акардэонам.
Выявілася, што і “морсы” хвалююцца. “Нешта мы перакармілі гэты горад сольнікамі, дык асцерагаліся, што не будзе цікавасці”, — прызнаўся паміж песнямі выканаўца. У снежні гурт даваў вялікі канцэрт у Палацы спорту, потым выступаў у Re:Public. Але не было чаго хвалявацца — зала была практычна поўная. Асабліва эфектна гэта глядзелася, калі гледачы падняліся з крэслаў пад канец вечарыны. Пугач, дарэчы, заклікаў, “танчыць у праходах” яшчэ ў самым пачатку, але падрыхтаваная праграма не надта вымагала актыўных целарухаў. Стаўка была зробленая на ціхамірнае гучанне. Затое людзі актыўна падпявалі — чыста народны хор можна было пачуць ужо ў першым аддзяленні, падчас выканання “Майго сонца”.
На новай песні “Контрразведка” да гурта далучыўся каларытны акардэаніст Уладзімір Грам, які раз-пораз браўся за інструмент, каб яшчэ болей разнастаіць гучанне каманды. Фурору нарабіў струнны квартэт Blunsh, у які ўваходзіць дзве скрыпачкі, віяланчэлістка ды альтыстка. З імі разам музыкі выканалі “Беги”, а потым яшчэ “Не умирай”, “Жыві” ды яшчэ парачку кампазіцый. Песню “Ангелы не спят” Пугач выканаў у трошкі змененым выглядзе. Ён перарабіў яе адмыслова для выканання з дзіцячым хорам, прыбраўшы занадта “дарослыя” вобразы. Сам запіс з хорам будзе прадстаўлены неўзабаве.
Падчас выканання загалоўнай песні з вясновай праграмы лідар J:Морс прабегся па партэры. Вядома, гэта запаліла публіку, так што рэшту канцэрту большасць правяла на нагах. На “Мятном лете” нібы і развіталіся, але пры такой гарачай падтрымцы музыкі былі абавязаныя выйсці ізноў. На сканчэнне былі прыхаваныя “Электричество” і “Босиком по мостовой”, сыграная пад адну гітару… Ужо на наступны дзень пасля мінскага канцэрту J:Морс мае выступіць у Гомелі.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч