У сувязі з выхадам свайго новага альбома выканаўца і актор-перфекцыяніст Сяргей Пукст зладзіў арыгінальнае шоу і выйшаў да публікі ў вобразе Апалона, каб пад вар’яцкі відэашэраг паспяваць, пачытаць, пакрычаць ды паўлюлюкаць свае песні. Спалучэнне відэа і гуку было такое моцнае, што гледачы на першых шэрагах закрывалі рукамі вушы, а дзеці заплюшчвалі вочы.
Да прэм’еры свайго альбома “Внутреннее” Пукст рыхтаваўся ўжо даўно. У працэсе падрыхтоўкі музыка не вытрымаў і зладзіў быў канцэрт-паказ для абраных. “Ізноў Пукст будзе бегаць у майтках па галерэі?” — пыталіся тыя, хто ўжо бачыў яго шоу з пераўвасабленнем.
Усё ж імпрэзу, што прайшла 27 верасня, прапануецца лічыць афіцыйнай прэм’ерай пукставых “вантробаў” — новага альбома “Внутреннее”, запісанага неўзабаве пасля таго, як музыка абвясціў пра свой сыход са сцэны. Дыск быў створаны пры дапамозе адной толькі электрычнай гітары ды яшчэ розных гукавых эфектаў, якія Пукст называе “амплітудамі Юпітэра”. “Ці мушу я гаварыць як статуя ці істота, што не мусіць размаўляць?” — з ходу задаў рытарычнае пытанне Пукст-Апалон, як толькі ўзняўся на п’едэстал. Тут жа яго мікрафон зафаніў, і было адчуванне, што гэта невыпадкова. “А гэта пачалося ўжо гукавое суправаджэнне!” — не разгубіўся Сяргей. Ён узяўся патлумачыць прысутным сэнс задуманай дзеі, але прадмова выйшла сціслай і сціплай, ці то ад таго, што словаў патрэбных не знайшлося, ці то справа зайшла нават за межы аўтарскага разумення. “Ідэя тут складаецца з розных частак, яна шматкампанентная, — бадзёра пачаў творца. — Але на пэўным этапе яна парвалася, і з’явілася разуменне, што ідэя нацягваецца не на ўсё. У любым разе, я паспрабаваў перадаць стаўленне майго ўлюбёнага мастака Фрэнсіса Бэкана і яго сябра Джорджа Даера да міфа пра Апалона і Дафну”.
Пукст чытаў, спяваў, крычаў ды ўлюлюкаў свае тэксты пра паголены “Жылетам” рот, піянера Віктара Цоя, дзіцячы погляд міліцыянера і пра тое, што можна жыць разам і пры тым зусім не ведаць адно аднаго. Інструменты ў дадзеным выпадку вырашана было не выкарыстоўваць, каб не разбурыць і так недаўгавечны вобраз. “Я буду паступова лупіцца ды ачышчацца, рабіцца бліжэйшым, больш чалавечным”, — папярэдзіў Пукст гледачоў. Проста на яго праецыяваўся абсалютна вар’яцкі відэашэраг, які дызайнер Алекс Жарнасек стварыў паводле фільма “Каяніскацы”. Часам спалучэнне відэа і гуку было такім моцным, што гледачы на першых шэрагах закрывалі рукамі вушы, а дзеці заплюшчвалі вочы. “Дзіцёнак баіцца!” — выгукнуў нехта з залы ў паўзе між пукставымі галашэннямі. “Дзіця? Не бойся, дзіця!” — расцягнуў рот у трагічнай усмешцы герой вечара і ўзяў у рукі белага плюшавага зайчыка.
Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч