This movie requires Flash Player 9
16.02.2016 | Літаратура

Пятыя «Вершы на асфальце». Што застанецца ў гісторыі?

Тры насычаныя паэзіяй дні падарыў Мінску пяты, юбілейны Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова.

Сёлета Фестываль, арганізаваны «Саюзам беларускіх пісьменнікаў» і Беларускім ПЭН-цэнтрам аб’яднаў творцаў  з Беларусі, Ізраіля, Іспаніі, Латвіі, Літвы, Новай Зеландыі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Украіны, Швецыі.

На сайце lit-bel.org вы знойдзеце падрабязныя справаздачы з кожнага мерапрыемства Фестывалю (а гэта 13 матэрыялаў!). “Будзьма!” ж звяртае вашую ўвагу на цікавосткі пятых«Вершаў на асфальце», якія бясспрэчна застануцца ў гісторыі!

 

stralcou_web

 

1. Прэзентацыя выбраных твораў Міхася Стральцова, якія выйшлі ў выдавецтве “Беларуская навука” ў “залатой” серыі “Беларускага кнігазбору”. Міхась Скобла, укладальніка і каментатар гэтага тому, распавёў пра працу над выданнем:

Калі я ўкладаў гэтую кнігу, раілі мне не бегаць па архівах, а ўзяць выбранае 1987 года з прадмовай Адамовіча. Сканаваць і выдаць паўтор. Але гэта было б недаравальнай памылкай. У пошуках невядомых твораў я паехаў на вуліцу Прытыцкага, і ўдава пісьменніка Алена Дзмітрыеўна мяне добра прыняла і паведаміла, што архіў Стральцова часткова ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Другая ж частка – ляжыць у адной вясковай хаце на Міншчыне.

Алена Дзмітрыеўна правяла мяне ў тую хату, да гаспадароў, а гаспадары паказалі на гарышча. Ляжала ламачча, адзежа, старыя колы ад ровараў. Капаўся я там цэлы дзень, але толькі на самым дне знайшлася запаветная скрынка з надпісам “архіў М. Стральцова”. Там былі знойдзеныя творы, якія дапоўнілі выбранае 1987 г. 30 лістоў, жартоўныя вершы Стральцова да дачкі Алесі, пераклады з Мікеланджала. Нямала засталося і чарнавікоў, асобных запісаў, якіх даволі цяжка расчытаць.”

 

 

2. Вершы Стральцова на чатырох мовах (ВІДЭА)

Трое замежных паэтаў прачыталі за вядоўцам Андрэем Хадановічам свае адмыслова зробленыя пераклады вершаў Міхася Стральцова: Богдан Задура чытаў Стральцова па-польску, Анхела Эспіноса – па-іспанску, Марус Бурокас – на літоўскай мове.

 

 

 

3. Уладзімір Някляеў пра Міхася Стральцова

У Стральцова была выдатная памяць на вершы. Неяк у Каралішчавічах – ужо, відаць, трэба тлумачыць, што такое Каралішчавічы – гэта быў невялікі пісьменніцкі дом творчасці – мы сядзелі кампаніяй у застоллі. І прыдумалі конкурс на лепшую памяць: чытаем радок верша, і трэба працягнуць далей. Кампанія была добрая: Рыгор Барадулін, Мікола Федзюковіч, шматх хто яшчэ. І Міхась Стральцоў. Стральцоў сядзеў неяк збоку – ён заўсёды стараўся сесці збоку. Калі Караткевіч прыходзіў, то ён адразу станавіўся цэнтрам, арганізоўваў прастору, ішлі анекдоты, расповеды – у Міхася гэтага не было. І вось як толькі нехта з кампаніі забываўся, Міхась адтуль, збоку, чытаў гэты радок. Ён перамог…

Стральцоў насіў у сабе нешта дзіцячае. У ім жыў дух прыгодніцтва. Можа быць, і лёс ягоны праз тое такім складаным стаўся. Ён увесь час чакаў нейкіх цудаў. Выходзілі ў лес – чакаў дзівоснай птушкі, выходзілі на вуліцу – чакаў сустрэчы з нейкім незвычайным чалавекам.”

 

 

4. “Забойны аддзел”

Нагодай для сустрэчы пісьменнікаў Богдана Задуры (Польшча), Аляксандра Ірванца (Украіна), Уладзіміра Арлова і Андрэя Хадановіча (Беларусь) стаў выхад дзвюх новых паэтычных кніг: перакладной “Труны з Ікеі”Богдана Задуры, якая пабачыла свет у выдавецтве “Логвінаў” пад рэдакцыяй Уладзіміра Арлова, і арыгінальнай — “Цягнік Чыкага-Токіа” Андрэя Хадановіча.

Вечарына складалася з паэтычных чытанняў на розных мова і была больш падобная на сустрэчу даўніх прыяцеляў, якім не патрэбны пераклад: кожны гаварыў на сваёй мове, і ўсе выдатна разумелі і польскую, і ўкраінскую, і беларускую.

 

 

5. Ад мора да Ціхага акіяну

Сталай традыцыяй і візітоўкай фестывалю “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова ёсць праграма “Вялікае Княства Паэзіі”, якая штогод аб’ядноўвае літарацкую супольнасць былых народаў ВКЛ: Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы і Украіны. Зрэшты, паэтычнае ВКЛ кожны год пашыраецца.

Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Літвы ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдас Ігнатавічус, які калісьці зладзіў першае “Вялікае Княства Паэзіі” на пляцоўцы літоўскай амбасады, распавёў пра яго ідэю і штогадовае пашырэнне геаграфіі:

“Вялікае Княства Паэзіі” пачалося дзесяць гадоў таму як невялікая камерная з’ява. Спачатку толькі як імпрэза, што яднае народы Вялікага Княства Літоўскага. А пасля “Княства” расло і расло і дарасло да вялікага фармату. Увогуле – чым больш паэзіі, тым менш у свеце не-паэзіі. Чым больш паэзіі, тым менш варажнечы. Зычу ўсім прысутным наталіцца шматгалоссем, шматмоўем гэтага Вялікага Княства, якое сёлета пашырылася ажно да берагоў Новай Зеландыі.”

 

 

6. Фурор ганаровай грамадзянкі Вялікага Княства новазеландкі Хінемаана Бэйкер (ВІДЭА)

Хінемаана Бэйкер на пару з перакладчыцай Марыяй Мартысевіч чыталі вершы з другой кнігі паэткі “Косткі”, якая распавядае пра пошукі нацыянальнай ідэнтычнасці.

Напалову маоры, напалову еўрапейка, Хінемаана апісвае тыповыя для мясцовых аўтахтонаў сітуацыі. Гэтак, нашчадкі маоры, на манер беларускіх і ўкраінскіх вышыванак, набіваюць сабе татуіроўкі, вось толькі мужчыны могуць “абшыць” нацыянальным каларытам усё сваё цела, жанчынам жа даводзіцца задавольвацца татуіроўкай выключна на губах і шыі. (Але татуявацца могуць толькі тыя, хто заслужыў гэта перад продкамі.)

 

 

7. Прэзентацыя кнігі перакладаў вядомых еўрапейскіх і амерыканскіх творцаў “І боль, і прыгажосць…”

Падчас вечарыны каманды перакладчыкаў “Паэзіяй народаў “ПрайдзіСвету” Лявон Баршчэўскі і Зміцер Колас прэзентавалі кнігу выбраных перакладаў вядомых еўрапейскіх і амерыканскіх творцаў “І боль, і прыгажосць…”.

Спадар Баршчэўскі прачытаў у арыгінале вершы на ірландскай, шведскай, расейскай, ісландскай і нямецкай мовах.

 

 

8. Як дзеткі спрычыніліся да «Вершаў на асфальце»

Былая кватэра Петруся Броўкі падчас Стральцоўскага фэсту прытуліла самых маленькіх аматараў беларускай паэзіі. На вечарыне можна было пазнаёміцца з дзецьмі паэтаў, якія пайшлі па слядах сваіх бацькоў.

Аксана Спрынчан з дачкой Альжбэтай

Вера Бурлак з сынам

Спяваюць Анатоль Івашчанка і ягоная дачушка

9. Слэм Святога Валянціна: выжывуць толькі паэты

Амаль апоўначы, у апошні дзень фестывалю “Вершы на асфальце” былі названыя пераможцы традыцыйнага паэтычнага слэму. Тры зборныя – Беларусі, Свету і паэтычнага батла “Рухавік” па чарзе прадстаўлялі сваіх гульцоў на сцэне. Кожны з іх, змагаючыся за сябе, працаваў і на агульны камандны лік.

Ганаровае чацвёртае месца занялі прадстаўнікі каманды “Рухавіка” Алесь Сьнег, Аліса Мініна, Рыгор Шабека. Трэцяе месца падзялілі Наста Кудасава і Сяргей Прылуцкі, на другім месцы – Дайва Чапаўскайтэ з Літвы. Перамагла і ўзяла рэванш за мінулагодні слэм Алена Сцепаненка (летась яна саступіла ў фінале Георгію Барташу).

Наста Кудасава і Ігар Кулікоў

Уверсе, злева направа: Валерыя Данілевіч, Ганна Комар; унізе: Георгій Барташ, Сяргей Прылуцкі

Люба Якімчук, Аліса Мініна, Алесь Сьнег

Уверсе, злева направа: Наста Кудасава, Сяргей Бірукоў, Марына Яўсеенка; унізе: Вера Бурлак; Юлія, асістэнт слэму

Нагадваем, што падрабязна пра ўсе падзеі, што адбыліся ў межах пятага, юбілейнага Міжнароднага паэтычнага фестывалю «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова, вы можаце прачытаць на сайце Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Падборка вершаў Міхася Стральцова і гасцей фестывалю выйшла ў спецвыпуску газеты “Літаратурная Беларусь”, а таксама ў новым, васьмідзясятым нумары часопіса “Дзеяслоў”, якія былі падрыхтаваныя напярэдадні фестывалю.

 


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика