This movie requires Flash Player 9
27.02.2017 | "Культурызм" з Віктарам Марціновічам

Перамагчы НКУС: бой дзвюх плыняў памяці ў Курапатах

Яшчэ адна маленькая перамога нашай лютаўскай вясны: працы ў Курапатах прыпыненыя, будаўнікі сышлі з пляцоўкі. Але ж мы беларусы, а таму ведаем, што яны вернуцца туды, як толькі супраціў астыне. Так ужо шмат разоў было — у 2001-м, напрыклад. Вось ужо і рашэнне па выключэнні Курапат з ахоўнай зоны камісіяй у Адміністрацыі першамайскага раёну зацверджанае, і аднаўленне прац – пытанне часу.

Таму трэба адказаць на асноўнае пытанне: чаму яны сюды лезуць? Бо ніякай выгадай дзеянні дзяржавы, якая раптоўна выкрэслівае з ахоўнай зоны лапік зямлі ля некропаля, патлумачыць немагчыма.

Вялікай памылкай будзе лічыць, што ў Курапатах сутыкнуліся інтарэсы забудоўшчыка і моладзі, узгадаванай на “лімаўскім” артыкуле Пазняка за 1988 год. Насамрэч у гэтай гульні ёсць трэці, асноўны, гулец. Імя яму — НКУС, Народны камісарыят унутраных спраў Савецкага Саюза.

Філосаф Уладзімір Мацкевіч задаўся пытаннем, як можа беларуская міліцыя святкаваць 100 гадоў свайго заснавання, калі беларускай дзяржаве ўсяго толькі 26 гадоў? Відавочна, святкуе 100 гадоў савецкая міліцыя, якая чамусьці атрымала квіток на ўладаранне ў Беларусі. Арганізацыя, створаная 100 гадоў таму, у лістападзе 1917-га, называлася акурат НКУС. І метады ў яе былі роўна такія ж — згадаць хаця б, як ладна яны прыдумалі спачатку Саюз вызвалення Беларусі, потым справу супраць Саюза вызвалення Беларусі (108 арыштаваных, спрэс дзеячы культуры і навукі Беларусі!) Ілжывыя сведчанні, нялюдскія прысуды, адмова ў абароне — усё гэта адтуль.

П’ер Нара вызначаў месца памяці як пункт сімвалічнага адзінства духоўнага і матэрыяльнага светаў, у якой зберагаюцца ўспаміны людзей. Адметнасцю Беларусі 2017-га года з’яўляецца тое, што тут суіснуюць дзве калекцыі месцаў памяці: савецкая і беларуская.

Для савецкіх людзей месцамі памяці з’яўляюцца: Брэсцкая крэпасць, МАЗ, Лінія Сталіна, плошча Перамогі, БелАЗ, Хатынь, помнік Леніну, помнік Калініну, сядзіба Дзяржынава (дзе нарадзіўся самы палымяны змагар з контррэвалюцыяй) і г.д.

Некаторыя месцы памяці беларусаў: Курапаты, Лошыца, Трасцянец, Чарнобыльская капліца, Навагрудак, узбярэжжа Бярэзіны пад Оршай, Нясвіж.

За любы акт непавагі да сховішчаў савецкіх успамінаў НКУС СССР у Беларусі карае вельмі жорстка. Прысуд за дрыфт на Перамогі вы памятаеце. А вось месцы памяці беларусаў часам проста ніяк не пазначаныя, а калі пазначаныя, дык высілкамі энтузіястаў (самаробныя крыжы ў Курапатах).

 

Часцяком іх хуценька знішчаюць, каб толькі яны не ўступалі ў канфлікт з савецкім мінулым, якое спрабуюць прывіць беларусам. Тое адбылося з маёнткам Лаўрэнція Цанавы, на пляцоўцы ля якога быў расціснуты грузавіком Саламон Міхоэлс, у сутарэннях якога катавалі і забівалі людзей.

Але сярод іншых месцаў сутыкнення савецкай і беларускай памяці Курапаты стаяць асобна. Бо гэта тэрыторыя найбольш вострага канфлікту (ад 30 тыс. да 200 тыс. ахвяр). Сімвалічная прастора МАЗаў, “Песняроў” і бярозак проста знішчаецца жахам, які пахаваны ва ўрочышчы ля звычайнага мінскага “спальніка”. Савецкая памяць ужо пасля пазнякоўскага артыкулу паспрабавала перакадаваць гэтае месца на свой капыл, “тут знішчалі фашысты”. Крыжы засталіся. Тады праклалі па костках МКАД. Крыжы засталіся. Іх пачалі валіць. Крыжы ўставалі зноў. З часам сімвалічная энергетыка гэтага месца дайшла нават да мясцовых жыхароў, і на могілках перасталі шашлычнічаць.

 

“Будзьма памятаць!”

Праз гады вайны плыняў памяці за Курапатамі стала замацавалася рэпутацыя “раёна цітушак”, гопнікаў з прыкрыццём, якім весела “пакуляць крыжы”, пацкаваць “змагароў”.

Калі ў 2001 годзе я спрабаваў заснуць у стылым тэнце ля буржуйкі ў зімніку абаронцаў Курапат, з галавы не ішла гісторыя пра напад папярэдняй ноччу. Тады “цітушкі” не крычалі “белая раса”, але хлопцаў збілі моцна і намёт падпалілі. І вось спрабуеш заснуць у цемры на могілках, вакол лес, а ў галаве — думкі пра тое, ці паспееш ты выкараскацца з ахопленага полымем тэнту, пакуль расплаўленая тканіна не ахінула цела.

Я пакіну за дужкамі культуралагічныя развагі пра значнасць любога буйнога некропаля. І не буду нагадваць, што паводле адной з антрапалагічных тэорыяў, чалавек зрабіўся чалавекам дакладна ў той момант, калі пачаў дбаць пра памерлых. Тут Юлія Чарняўская нагадвае версію аб тым, што музыка як такая магла з’явіцца з жалобных спеваў. У выпадку з Курапатамі мы маем не проста некропаль (бо гэтае слова пазначае месца, дзе родныя мірна хавалі памерлых) і не месца вялікай бітвы, якое таксама мае адметную аўру ў беларускім казачным эпасе. Курапаты — локус, у якім карнікі ў форме НКУС масава, тысячамі, забівалі мірных людзей. Дык што яны тут сабраліся будаваць? Які бізнес пагодзіцца есці свае ланчы побач?

Цяпер, калі на абарону Курапат усталі нейкія круглыя сталы, ЛДП, праваслаўная царква, каталікі і пратэстанты, на тым, начным, баку не засталося анікога апрача тых, хто святкуе 100 гадоў са стварэння НКУС.

Трэба сказаць, што жаданне сунуць рукі ў вуголле сустрэла самую выпадковую ў гэтым адвечным раскладзе сілу — забудоўшчыкаў — у вельмі дрэнны момант, калі краіну калоціць ад вулічных пратэстаў. І тое, што адбывалася ў Курапатах на шосты дзень, падарыла краіне не толькі хуткабежнае пачуццё перамогі (калі Пальчэўскага ўсё ж адбілі), але і новых герояў. І я кажу не толькі пра аўтара фразы “Буду ляжаць, пакуль не здохну”, але і пра тых, хто не забаяўся счапіцца ў кола ля Сяргея і не збег, як пачалася штурханіна. Ну а тое інтэрв’ю, дзе задуменны Зміцер Дашкевіч стаіць ў сівым дыме і каментуе толькі што адбітую атаку, я праглядзеў ужо і не ведаю колькі разоў. А гэты сімвал, бел-чырвона-белы “вершнік” на трактары?

Як вырашыць праблему Курапат назаўсёды? Я баюся, стварэння Агульнанацыянальнага мемарыялу смутку будзе недастаткова, паважаны Павал Ізотавіч. Бо, як паказвае канфлікт, лапікі святой зямлі могуць лёгка выкрэслівацца з ахоўнай зоны.

Курапаты замірацца толькі тады, калі пераможа адна з сілаў, якія сышліся тут у сімвалічнай бойцы. Ці беларусаў знішчыць НКУС, ці беларусы вымусяць НКУС зрабіцца нарэшце беларускай міліцыяй.

 

 

Віктар Марціновіч


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика